Па абавязку памяці

Память

Плён шырокай прапаганды звестак пра Асвейскую трагедыю праз няспынны клопат Н.В.Кірылавай ужо хутка выявіўся ў згодзе нямецкага боку на дадатковы транш выплат для 50 чалавек. У Берлін быў адпраўлены падзячны ліст, дзе мы выказалі надзею на далейшае супрацоўніцтва. 


Неўзабаве дабрачынны фонд запрасіў ад нас спіс на яшчэ адзін грашовы пакунак для 50 чалавек. У адасланы рэестр занесены грамадзяне ўключна да 1931-га і часткова 1932-га гадоў нараджэння. Як нам паведамілі, ужо ідзе праца па афармленні неабходных дакументаў.
Але і на гэты раз ёсць факты, калі ў спіс не трапілі асобныя кандыдаты на выплаты. На сённяшні дзень маем два такіх звароты (абодва з Бялькоўшчынскага сельсавета). Адзін з іх пры фармальным падыходзе мог бы быць праігнараваны. У пашпарце грамадзянкі К. месцам нараджэння памылкова запісана вёска Барсукі былога Жоўнінскага сельсавета Дрысенскага раёна, тады як на самой справе К. нарадзілася ў вёсцы Выдрыцкія Асвейскага раёна, а ў Барсуках сям’я апынулася ў пошуках прытулку толькі пасля заканчэння вайны. На жаль, зварот прыйшоў тады, калі чарговая заяўка на выплаты была ўжо прынята германскім бокам.
Будзем спадзявацца, што нямецкія сябры адгукнуцца на працяг акцыі, і тады К. будзе ўключана ў чарговы спіс. У рэзервовыя спісы заносяцца ўсе звароты. Пасля аналізу і пры станоўчым рашэнні яны ўключаюцца ў чаргу наступнага этапа. Каб гэты этап адбыўся, мы павінны добра памятаць, што акцыя з выплатай гуманітарнай дапамогі нямецкім бокам не мае дзяржаўнага характару, яна цалкам дабрачынная, таму наш абавязак — пераканаць партнёраў з Германіі ў неабходнасці яе працягу. Галоўным жа аргументам тут могуць служыць нашы лісты з успамінамі, пра якія напісана ў звароце. Дабрачынны характар мае і дапамога ў рэалізацыі праекта з боку нашых дзяржаўных структур, і за гэта іх прадстаўнікам шчырае дзякуй. Запыты ж і тым больш прэтэнзіі да іх па пытаннях кампенсацыйных выплат цалкам беспадстаўныя. Выплаты, якія ажыццяўляюць германскія дабрачынныя фонды былым жыхарам Асвейскага раёна, унікальная з’ява ва ўсёй Беларусі, гэта сфера і плён дзейнасці арганізатараў праекта «Павышэнне статуса ўцалелых жыхароў спаленых вёсак».
У лютым спаўняецца 70 год з тых крывавых дзён, калі ў агні загінулі сотні нашых вёсак, трыста з іх — цалкам або часткова з мірнымі жыхарамі. Бягучы год аб’яўлены годам Асвейскай трагедыі. Мяркуецца перавыданне кнігі Сяргея Панізьніка «Освейская трагедия». Ва ўстановах культуры і адукацыі адбываюцца тэматычныя мерапрыемствы, неўзабаве збярэ пілігрымаў на памінальнае маленне касцёл у Расіцы. У сакавіку адбудзецца ўшанаванне памяці ахвяр фашызму на высокім узроўні, плануецца прыезд да нас сталічных і замежных навукоўцаў, прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый. Да гэтага часу будзе завершана стварэнне асноўнай часткі электроннай базы звестак аб спаленых вёсках. Электронная база (аўтары: Н.В.Кірылава, Т.С.Міхеенак, В.Дз.Селяменеў) будзе размешчана ў Інтэрнэце, да яе адкрыецца доступ гісторыкам, даследчыкам, музейным работнікам і ўсім Інтэрнэт-карыстальнікам.
У Маскве выйдзе кніга дакументаў і ўспамінаў «Деревни уничтожить… Операция «Зимнее волшебство»». Кніга будзе надзвычай карыснай не толькі сур’ёзным даследчыкам гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, але і масаваму чытачу. Як адзін з укладальнікаў кнігі (у супрацы з Н.В.Кірылавай і В.Дз.Селяменевым) я быў удзельнікам і сведкам працэсу яе стварэння і магу засведчыць не толькі неацэнную каштоўнасць сабраных матэрыялаў, шмат з якіх публікуецца ўпершыню, але і гранічна карпатлівую працу архівістаў, і найперш галоўнага архівіста Нацыянальнага Архіва Вячаслава Дзмітрыевіча Селяменева, якія па аркушах перабралі, вывучылі і падрыхтавалі да друку агромністую колькасць дакументаў, каб данесці ўсяму свету праўду пра Асвейскую трагедыю. Упершыню шырока публікуюцца не толькі справаздачы партызанскіх камандзіраў, але і данясенні нямецкіх штабістаў, начальнікаў СС і паліцыі, шмат сакрэтных дакументаў.
Асобны раздзел складаюць успаміны відавочцаў трагічных падзей. У яго ўвайшлі шэраг матэрыялаў з кнігі «І былі побач дзяцінства і вайна», выдадзенай цэнтральнай бібліятэкай Верхнядзвінскай бібліятэчнай сістэмы, асобныя старонкі кнігі «Памяць», а таксама ўспаміны, дасланыя нашымі адрасантамі або запісаныя мною з іх вусных аповедаў.
Хачу яшчэ раз падкрэсліць неабходнасць парупіцца аб зборы ўспамінаў пра ваенны лёс нашага спакутаванага ў вайну краю. Ад старту аб’яўленай акцыі прайшло ўжо нямала часу, але дасюль яшчэ не выявіліся канкрэтныя яе вынікі ў выглядзе запісаных успамінаў сведкаў вайны — гэты ўчастак працы быў даручаны школьным калектывам.
Антон Бубала,
навуковы супрацоўнік рабочай групы раённага музея.
НА ЗДЫМКУ: ля магілы ахвярам фашызму ў в. Ліпаўкі.
(Заканчэнне будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *