Тых дзён не забыць

Память

Вайна… Колькі гора, слёз і бедаў прыносіць яна. Майму дзядулю, Ваяводу Васілю Ільічу, 1931 года нараджэння, ураджэнцу вёскі Канчаны, успамінаць і сёння перажытае ў гады Вялікай Айчыннай вайны вельмі няпроста: надоўга губляе душэўны спакой, на вочы набягаюць слёзы, яшчэ мацней трывожыць хворае сэрца.

Да Вялікай Айчыннай вайны вёска Канчаны налічвала пад сотню двароў. Гэта была адна з самых вялікіх вёсак Асвейшчыны.
Калі пачалася вайна, дзядулю было 10 гадоў. Ужо 26 — 27 чэрвеня 1941 года бамбілі Асвею. Немцы ішлі на Асвейскую зямлю з боку Латвіі. У Асвеі яны ўсталявалі камендатуру.
У лютым 1943 пачалася карная экспедыцыя пад назвай «Зімовае чараўніцтва». Зіма 1943 года была вельмі суровай. Жыхары Канчан пачалі сыходзіць у лясы. Мой дзядуля, яго бацька, маці, сёстры Алена і Ганна падаліся ў Ліснянскія лясы, браты Аляксандр і Адам да вайны былі забраныя ў войска, там і сустрэлі пачатак вайны. Аляксандр прапаў без вестак у 1941 годзе, Адам вярнуўся з фронту ў 1945-м.
Пра тое, што рыхтуецца карная экспедыцыя, насельніцтва папярэдзілі партызаны. Хто не паспеў сысці ў лес, тых расстрэльвалі, спальвалі або адпраўлялі ў канцлагеры. Карнікі не спыняліся ні перад чым: старыя, дзеці, жанчыны — каты над усімі здзекваліся і ўсіх знішчалі.
Асвейская зямля перажыла некалькі карных экспедыцый, але самая страшная была ў лютым 1943-га, калі немцы пачалі прачэсваць лясы, дзе хаваліся мірныя жыхары. У лесе выжывалі, як маглі, стараліся сыходзіць у цяжкадаступныя балоты, каб далей схавацца ад карнікаў. Але немцы рабілі набегі і на балоты, бежанцы кідалі апошнія рэчы, каб уцячы ад ворага. Фашысты гучна апавяшчалі, што тыя, хто выйдзе з балота, будуць пакінутыя ў жывых. Некаторыя паддаваліся на хітрыкі немцаў: выходзілі цэлымі сем’ямі з дзецьмі — і адразу траплялі пад кулі. Самае страшнае, пра што ўспамінаў дзядуля, — гэта было бачыць расстраляных людзей, асабліва дзяцей, якія, трымаючыся за шыю мацярок, разам з імі прымалі смерць.
Было страшна, голадна, але вельмі хацелася жыць. Пасля карнай экспедыцыі сям’я дзядулі, як і многія іншыя сем’і, не вярнулася ў вёску, а спынілася ў мясціне пад назвай Прыдаткі, што каля двух кіламетраў ад Канчан. Там пабудавалі зямлянкі, неяк перабіваліся. У хлапчукоў аднекуль з’явіўся бінокль, але, праўда, з адным шклом. Хлопцы любілі ўзлезці на дрэва і паглядзець, што адбываецца на гасцінцы. Не было мяжы радасці, калі ў ліпені 1944-га ўбачылі, што па ім рухаюцца войскі Савецкай Арміі.
Пад канец ліпеня канчанцы пачалі вяртацца дадому. Дзядуля ўспамінаў : «Мы былі рады вяртанню. Хоць радавацца было няма чаму: вёска ўяўляла сабой пустку, ніводнага будынка, здавалася, што ўсё жывое памерла, а зямля стогне».
Каб захаваць сваю гісторыю, нам, маладому пакаленню трэцяга тысячагоддзя, трэба памятаць пра тых, хто цудам выжыў у немагчымыя дні, здолеў выбрацца з агульнай пякельнай магілы пад назвай вайна, хто аддаў сваё жыццё, каб наступныя пакаленні жылі ў міры.
Са слоў Ваяводы Васіля Ільіча запісаў вучань 10 класа Асвейскай сярэдняй школы Арцём ШЫНКЕВІЧ.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *