Ля Генеўскай крыніцы

Актуально Духовность

Знакавай падзеяй з’явілася сёлетняй зімой адраджэнне Генеўскай крыніцы на Асвейшчыне. Апетая здавён у паданнях, пасляваенным часам яна зусім заняпала, а сёння ўжо зноў цурчыць бадзёрай крыштальнай жывінкай.

А. Бубала, Н. Кісялевіч, айцец Васіль, М. Мартынаў на адкрыцці Генеўскай крыніцы.

Гэта крыніца нездарма лічыцца цудадзейнай. Сапраўды, ці ж гэта не цуд, што яна прабілася на паверхню з прадоння на схіле Савейкаўскага марэннага вала так высока — на два дзясяткі метраў вышэй ад дна даліны прарыву Асвейскага правозера. Ці ж не цуд, што не затапталася, не здалася ў змаганні за жыццё і зноў гатова аддаваць сябе тым, хто прагне гаючай чысціні.
Сваю назву крыніца атрымала ад вёскі Генева, якая тулілася ля самага перавалу аднайменнай гары на крыжавусе дарог пры старадаўнім Друйскім тракце, па якім Напалеон планаваў рушыць з Вільні на Пецярбург. Адсюль далёка бачна. З ростанькаў як на далоні блізка, за мройнай далінай Сар’янкі, праглядаюцца краявіды суседняй Латвіі, насупраць сінее узгор’е Себежскага краю Расіі, нібы ўсплывае ў неба заазерная далячынь гарадзілавіцкага наваколля. Адгэтуль калісьці былі бачныя светлыя сілуэты белакаменных храмаў Асвеі і Царкоўна, а з блізкіх Савеек даносіліся званы велічнага Замашанскага касцёла. Зараз няма тых святых адмецінаў, як няма і самой тутэйшай вёсачкі, спаленай фашыстамі ў лютым 1943-га.
Памяць пра крынічку магла б, мо, і зусім сцерціся, калі б не стварыўся яшчэ адзін цуд — цуд адраджэння. Ім Генеўская крыніца абавязана мясцоваму гаспадару — «Дон Кіхоту», дырэктару СП «Асвейскі» Мікалаю Пятровічу Мартынаву, які зацікавіў добрай справай сталічных навукоўцаў і гаспадарнікаў-калегаў і давёў працу да прыгожага завяршэння.
Ключ вады з круглагадовай тэмпературай плюс 7 градусаў па Цэльсію зараз прабіваецца з глыбіняў у чысцюткай капліцы, напаўняе там купелішча і студню, а затым вясёлым ручаём выбягае на волю, спадаючы вадаспадзікам у пасудзіну ці ў далоні для ўсіх, хто хоча прыпасці да чысціні. Побач паўстала і альтанка, дзе пілігрым можа адпачыць летам у цяньку.
Адкрыццё наноўнароджанай крыніцы адбывалася ўрачыста, шматлюдна і прыгожа. Першае слова трымаў «вінаваўца» свята М.П.Мартынаў. Ён расказаў прысутным, як ажыццяўлялася ідэя выратавання крыніцы і што чакае гэту мясцінку ў перспектыве; аўтару гэтай нататкі выпала магчымасць прывязаць падзею да геалагічнай і гістарычнай мінуўшчыны краю, выказаць надзею, што крыніцы народнае памяці не згаснуць праз вякі. Святар айцец Васіль правёў шчырае маленне, ладзячы асвячэнне купелішча, спявачкі народнага фальклорнага гурта «Сенькавіца» пацешылі сэрцы прысутных сваімі песнямі ды вершамі, частавалі ўсіх куццёй.
На імпрэзу прыехалі госці з афіцыйных устаноў райцэнтра і сельсавета, з бліжняй пагранзаставы прыйшлі вартавыя дзяржаўных рубяжоў. З падзячным словам і памятным падарункам гаспадару свята выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Н. Г. Кісялевіч. На гасцінцы ўтварыўся ланцуг з аўтамабіляў, а да паслуг жыхароў Асвейшчыны, у пераважнай большасці бабуль і дзяцей, быў пададзены аўтобус. Прадбачлівыя прыхапілі з сабою ўмяшчальныя ёмістасці, каб напоўніць іх святой вадою.
На наступны дзень, 19 студзеня, купелішча апрабавалі аматары прымаць на Вадохрышча ачышчальныя ванны. Цяпер ім няма патрэбы шукаць экстрэмальную асалоду ў суседніх раёнах — Генеўская крыніца дапаможа змыць грахі кожнаму, хто прыйдзе да яе.
Антон БУБАЛА.

Крыніца пад Генеўскай гарою

Дзе шляхі разбегліся шырока,
Далягляд сінечай вабіць вока,
Як стагоддзяў шчырыя прызнанні
Ява прарастае у паданні.
З даўніны, што нават не прысніцца,
З-пад зямлі надумала прабіцца
Даўняй незапомнаю парою
Звонь-крынічка пад крутой гарою.
Праз вякі, без сну, праз ночы додня
Уздымаецца з глыбокага прадоння,
Срэбнаю вадзіцаю булькоча,
Нібы штосьці расказаць нам хоча.
…Бедавала на гары бядоцце,
Грукатала смерцямі ліхоцце —
Плакала крынічка-гаравала
Ды слязінай раны абмывала.
Ад бяды-нягоды чалавеку
Лепшага нідзе не знойдзеш леку,
Чым з адвечнай роднае крыніцы,
Пажагнаўшыся, вады напіцца.
Падыйдзі, жывінкаю абмыся,
На гасцінцаў ростань падніміся —
Там душа прасторай захлынецца,
Да нябёсаў сэрцайка памкнецца.
-Будзем жыць! — спяюць-усцешаць ветры.
-Жыць! — з глыбіняў адгукнуцца нетры.
Хай крыніца праз вякі булькоча,
І сінеюць ад нябёсаў вочы.

Паданне пра крыніцу

(запісала Франя Сяргееўна Русак з вёскі Канчаны са слоў
былога жыхара вёскі Перапечкі Іосіфа Ігнатавіча Талуша. 2003 г.)

Змарнела дзіцятка,
зусім захварэла,
У роцік нічога не брала, не ела.
У роспачы маці пайшла да крыніцы,
Каб з гора халоднай вадзіцы напіцца.
Ды толькі, нагнуўшыся, перахрысцілася,
Толькі над тым над ключом нахілілася,
Як Дух яе ціха Святы ахінуў
Ды словы матулі такія шапнуў:
«Ты, бедная маці, не плач, не гаруй,
А сына ад смерці старайся, ратуй,
Крынічнай вадою яго акрапі
І спаць пад дубочак тады пакладзі».
Матуля крынічнай вадою сыночку
І ручкі, і ножкі, і тварык, і вочкі
З малітваю слёзнай старанна абмыла
І спаць пад дубочак яго палажыла.
Сама ж той крынічнай вады напілася
Ды побач з сыночкам сваім уляглася.
А ўранку, як сонца ўзыйшло над гарою,
Дзіцё яе ўстала вясёлым, здаровым.

 

 

 

 

 



1 комментарий по теме “Ля Генеўскай крыніцы

  1. не знал про эту крыницу…сколько прожил в Сеньково а даже от деда не знал про нее неприменно по приезду съезжу туда посмотреть

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *