«Жыву ў Беларусі і тым ганаруся»

Молодёжная страница "Ветразь"

Пад такой назвай праходзіць штогадовая рэспубліканская акцыя, у якой сёлета прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх сярэдніх і базавых школ раёна, а таксама гімназіі.

Падведзены першыя вынікі. У рамках акцыі праходзіла пяць конкурсаў: фотаработ «Зямля пад белымі крыламі», творчых работ юных умельцаў «Бабулін куфэрак», краязнаўчых знаходак «Таямніцы малой Радзімы», даследчых работ па прафарыентацыі «Праз творчасць — у прафесію жыцця» і экалагічных праектаў «Родная зямля — Беларусь!».
Пераможцам гэтага конкурсу ў раёне стаў праект «Раслін дзіўны свет». Яго аўтары — удзельнікі двух дзіцячых аб’яднанняў па інтарэсах з гімназіі: «Экалогія горада» і «Экалогія і ахова прыроды», якімі кіруюць настаўнікі С. С. Рынцэвіч і Н. Н. Рамановіч. Праект прызнаны ўжо адным з лепшых і ў вобласці, а для яго самага актыўнага распрацоўшчыка выдзелена льготная пуцёўка ў піянерскі лагер «Зубронак». Тры тыдні, з 3 па 23 снежня, там будзе адпачываць вучаніца 5 «В» класа Аня Гагалінская.
Акцыя «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся» заклікана духоўна ўзбагачаць падрастаючае пакаленне праз далучэнне да традыцыйнай культурнай і гістарычнай спадчыны беларусаў, выхоўваць вучняў патрыётамі сваёй малой Радзімы, адказнымі за будучыню роднага краю.

Л. ФЁДАРАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *