На крыжовых шляхах

Духовность

Працягваем публікацыю матэрыялаў аб храмах раёна.

Сар’я  
Канфіскаваны ў 1865 г. касцёл пабудовы прускага архітэктара Густава Шахта быў пераасвечаны ў Успенскую царкву. У 1884 г. святаром у ёй быў 24-гадовы Мікалай Асноўскі, былы настаўнік Полацкага духоўнага вучылішча, псаломшчыкам — 34-гадовы Мікалай Іваноўскі.


Царква мела 33 дзесяціны зямлі, у дадатак атрымлівала 33 руб. 53 кап. грошай за былых памешчыцкіх сялян, якія адышлі ў казну. Пабудовы ў святара былі казённыя, драўляныя і зусім драхлыя. Псаломшчык наймаў кватэру. Прыхаджан налічвалася 3504 чал. (1884 — мужч., 1620 — жанч.).
У 1897 г. святарыў Якаў Кузьміч Жыглевіч, у 1906 — 1909 гг. — Аркадзь Сямёнавіч Базілеўскі. У 1914 г. святаром быў Міхаіл Васільевіч Ляшкевіч, псаломшчыкам — Пётр Іосіфавіч Малей.
У 1927 г. з Асвеі ў Сар’ю быў пераведзены святар Міхаіл Антонавіч Ракуса (нар. у 1871 г.). Праз год ён быў ужо ў Зябках, яшчэ праз адзін — у Юравічах на Полаччыне. Там 8 лютага 1930 г. святар быў арыштаваны і праз 15 дзён асуджаны да канцлагера тэрмінам на пяць год. Далейшы лёс М. А. Ракусы невядомы.
У 1931 г. Сар’янская царква яшчэ лічылася ў шэрагу дзейных. Пазней храм вытанчанай архітэктуры быў аддадзены пад сховішча тукаў, і толькі напрыканцы ХХ стагоддзя дачакаўся аднаўлення.
Мушына
Узвіжанская капліца была пабудавана з цэглы на месцы старой (верагодна, каталіцкай) у 1908 г. А.М. апісвае яе так: «Твор архітэктуры неакласіцызму. Капліца была вырашана круглай ратондай, якая па восі ўсход — захад была вылучана прамавугольнай апсідай і ўваходным калонным порцікам. Над купальным дахам узвышалася бляшаная галоўка, фасады чляніліся чатырма аконнымі праёмамі. Мела тры ўваходы». У дакументах 1925 г. яна запісана як капліца праваслаўнага культу.
У сувязі з палітыка-адміністрацыйнымі зменамі асобныя святыні Дрысеншчыны апынуліся ў іншых раёнах і нават краінах. З праваслаўных храмаў гэта Прыдруйская Свята-Мікалаеўская каменная царква, пабудаваная ў 1885 г. (зараз у м. Піедруя ў Латвіі), Нова-Замшанская Георгіеўская царква (Полацкі раён, зараз не існуе) і царква ў Юхавічах на Расоншчыне (не існуе).
А. Бубала.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *