5 мая — Дзень друку

Актуально Общество

Раёнку выпісваюць першай

Галіна Браніславаўна Каралёва (на здымку) працуе паштальёнам усяго чатыры гады, але ўжо карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у калектыве РВПС за сумленныя адносіны да справы, актыўную жыццёвую пазіцыю. Яна дастаўляе перыёдыку, пісьмы і паштоўкі, іншую карэспандэнцыю жыхарам мікрараёна, ва ўсе размешчаныя тут арганізацыі і ўстановы. План па падпісцы на газеты і часопісы Галіна Браніславаўна выконвае на 120 працэнтаў. Яна зазначае, што першай, як правіла, выпісваюць «Дзвінскую праўду».
Выдатныя паказчыкі забяспечваюць таксама работнікі паштовай сувязі Н. Ч. Бляхман (райцэнтр), В. В. Шкецік (в. Галубава), С. П. Дзярко (в. Марозы), А. В. Пыжова (в. Каханавічы).

Выданне, патрэбнае людзям 

Напярэдадні прафесійнага свята журналістаў і паліграфістаў рэдакцыя звярнулася да чытачоў з просьбай падзяліцца меркаваннямі аб «Дзвінскай праўдзе». І вось что мы пачулі…
А. МЯДЗЮТА, жыхар в. Яніна
-Газета патрэбная, аб’ёмная, насычаная цікавай інфармацыяй. Але хацелася б часцей сустракаць на яе старонках матэрыялы пачынаючых аўтараў. Яшчэ адна тэма, якая патрабуе больш дэталёвай распрацоўкі, — аграэкатурызм. Падпісчыкам і гасцям раёна цікава ведаць, дзе і як можна адпачыць, якія паслугі прапаноўваюцца, якія пракладзены турыстычныя маршруты па нашых цудоўных мясцінах.
Асабіста я з вялікім задавальненнем чытаў бы матэрыялы аб тым, як захоўваецца на Верхнядзвіншчыне памяць аб народных мсціўцах, змагаўшыхся ў гады вайны з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
А. ГЕНДЗІК,  дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы
-Што ні чытаю ў «Дзвінскай праўдзе» — усё падабаецца, усё цікава. Ды і не толькі мне. Адна з наведвальніц бібліятэкі неяк зазначыла: «Раёнка» дае адказы на многія пытанні. Асабліва радуюць справаздачы з «прамых ліній». Прачытала апошнюю — і знайшла адказ на хвалюючыя мяне праблемы, так што няма патрэбы турбаваць кіраўніцтва раёна сваім тэлефанаваннем.
А мая маці, пенсіянерка, выпісвае толькі «Дзвінскую праўду». І не таму, што не мае магчымасці падпісацца на іншыя выданні. Проста яна лічыць, што ў гэтай газеце, як у люстэрку, адбіваецца жыццё роднага краю. Так трымаць!
С. БАЯРЧУК, работніца РВУ «Верхнядзвінскрайгаз»
«Дзвінскую праўду» выпісваю шмат гадоў запар, як і многія мае калегі. І знаёмства са свежымі перыядычнымі выданнямі пачынаю менавіта з яе. Бо на старонках газеты ўсебакова асвятляецца жыццё раёна, працоўных калектываў, шмат аператыўнай інфармацыі.
З цікавасцю чытаюцца матэрыялы аб выдатных людзях Верхнядзвіншчыны, нашых славутых земляках, аб прыродзе, дзейнасці праваахоўных органаў, маладзёжным руху.
Жадаю калектыву рэдакцыі плённай працы і ў далейшым.
А. БУБАЛА, краязнаўца
«Раёнка» — з тых самых з’яў і рэчаў, без якіх не абысціся. Гэта — штодзённы летапіс нашага жыцця. Калі б падшыць усе нумары газеты за час яе існавання, атрымалася б агромністая і найцікавейшая энцыклапедыя Верхнядзвіншчыны.
Але газета — не толькі інфарматар, яна выконвае і важную ролю арганізатара калектыўных дзеянняў і выхаваўцы сваіх чытачоў. На мой погляд, менавіта апошняй функцыі «Дзвінская праўда» мусіць надзяляць як мага больш увагі. Я згодны з тымі чытачамі, якія лічаць, што зашмат месца ў газеце займаюць нечытэльныя матэрыялы — розныя бухгалтарскія справаздачы і да т.п. Набраныя нават самым дробным шрыфтам, яны займаюць значную плошчу, дзе наўзамен маглі б публікавацца цікавыя нататкі і нарысы нашых таленавітых журналістаў.
Віншуючы калектыў «раёнкі» з прафесійным святам, гушкаю ў душы спадзяванне, што з першымі салаўямі да чытача прыйдзе нарэшце і абяцаная літаратурная старонка, якая ўпрыгожыць газету, як дзвінскія берагі ўпрыгожвае чаромхавая квецень.
* * *
Рэдакцыя ўдзячна чытачам за добрыя словы і пажаданні. Усе заўвагі будуць улічаны.
Да ведама: «нечытэльныя матэрыялы, набраныя самым дробным шрыфтам», друкуюцца ў абавязковым парадку, у адпаведнасці з распараджэннем Саўміна.



4 комментария по теме “5 мая — Дзень друку

  1. Прыемна здзівіла з’яўленне ў друкаванай версіі газеты агляду найбольш цікавых каментароў з інтэрнэт старонкі выдання. Дзякуй за гэта.
    Заўсёды чытаю абедзве версіі выдання, электронную і друкаваную. Трэба адзначыць, што за апошні час інтэрнэт старонка газеты значна палепшылася.Гэта не магло не адбіцца на колькасці наведвальнікаў, нават за сабой заўважаю, што часцей пачаў сюды заходзіць. Падабаецца і тое, што пад артыкуламі апошнім часам можна сустрэць і каментары з боку прадстаўнікоў рэдакцыі.
    А калі ўжо параўнаць з сайтамі іншых раёнак, то жадалася бы і на нашай старонцы пачуць раённае радыё. Калі ласка, разгледзьце такую магчымасць.Ведаю, напрыклад, што на міншчыне, там раённае радыё вяшчае па дзве гадзіны на тыдзень, але пашкадуем Ларысу Анатольеўну :-), аддадзім перавагу якасці, лепей менш, але насычаней і каб тут.
    Адзначу, што ў кагосьці з рэдакцыі вельмі добры музычны густ, пра гэта сведчыць рубрыка актуальнае відэа, але падумайце, пэўна не горш бы там глядзелася мясцовае відэа, глядзець на родныя мясціны куды прыемней, чым на зорак расійскай эстрады.

    Віншую калектыў рэдакцыі са святам. Вялікага плёну і задавальнення вам ад стваральнай працы на сваю і грамадскую карысць.

  2. Уважаемые сотрудники редакции! Поздравляю вас с профессиональным праздником! Творческих побед, интересных тем, активных читателей и преданных… почитателей!

  3. Паважаныя работнікі рэдакцыі газеты «Дзвінская праўда»!
    Вашы ўзнеслыя мастацкія словы акрыляюць душы чытачоў, прыносяць надзею на добрае і светлае будучае. Жадаю вам , каб і далей тыя рэдкія якасці, якімі вас шчодра надзяліў лёс, спрыялі добраму настрою, павялічвалі тыраж раённай газеты і падмацоўваліся высокім заробкам!

  4. Дзякуем за віншаванні і цёплыя пажаданні. Пастараемся выканаць вашы прапановы і спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *