Забота культуры

Актуально Культура

Работнікі культуры падвялі вынікі дзейнасці за мінулы год

Выступаючы з дакладам, начальнік аддзела культуры райвыканкама Т. В. Сыраватнікава не столькі адзначала дасягнутыя поспехі, колькі засяроджвала ўвагу ўдзельнікаў нарады на нявырашаных пытаннях, акрэслівала задачы на перспектыву. На яе думку, неабходна актывізаваць работу сельскіх клубаў. Іх даволі сціплыя магчымасці не па-вінны адбівацца на маштабах і якасці дзейнасці. Для гэтага за кожнай вясковай культустановай замацаваны супрацоўнікі метадычнага цэнтра.
Пэўныя задачы ставяцца і перад бібліятэчнай сеткай, тым больш, што бягучы год аб’яўлены Годам кнігі. Сучасная бібліятэка — гэта не толькі месца захавання кніг, друкаваных выданняў, іх спецыяльная апрацоўка, але і прапаганда, масавая работа з чытачамі, цэнтр прававой інфармацыі, доступ у інтэрнет.
Асаблівае месца ў культурным жыцці раёна павінен заняць музей. Пакуль тут вядуцца рамонтныя работы. Працягваецца збор і экспанаванне матэрыяльных каштоўнасцей. У планах таксама — чытанне лекцый, экскурсіі, выставы не толькі ў сваіх сценах, але і на прадпрыемствах.
Сур’ёзная праблема — кадравы «голад». У нашых установах толькі 35% работнікаў маюць спецыяльную адукацыю.
Патрабуе паляпшэння кінааб-слугоўванне насельніцтва. Пасля адкрыцця «Нядзельнай кіназалы» яна збірала 100-160 чалавек. Але адсутнасць рэкламы, сістэмнасці ў рабоце рэзка знізілі наведваемасць.
Старшыня савета дырэктараў школ мастацтваў Я. Д. Шугаль з задавальненнем адзначыў, што ў чатырох школах мастацтваў і шасці філіялах займаюцца 30% вучняў раёна. Гэта лепшы паказчык у вобласці.
У новым навучальным годзе ў Верхнядзвінскай ДШМ адкрыўся накірунак «народная творчасць». Прадметы, якія вывучаюцца ў ад-дзяленні, разнастайныя і карысныя для развіцця дзяцей: сольныя спевы, асновы харэаграфіі, фальклорнае музіцыраванне, гісторыя народных традыцый і абрадаў, музыкальная грамата і слуханне музыкі.
У наступным навучальным годзе плануецца адкрыць накірунак «мастацка-этнічны».
На рахунку выкладчыкаў і выхаванцаў школ мастацтваў шмат дасягненняў. Нагадаем толькі некаторыя. Тэатр моды «Вобраз» пры Верх-нядзвінскай ДШМ стаў прызёрам міжнароднага конкурсу «МАХ МОDА» у Таліне і арымаў спецыяльны прыз «Русского радио» і Дыплом ад консула за ўклад у развіццё беларуска-эстонскіх адносін у сферы культуры. Навучэнка мастацкага аддзялення Кацярына Мароз перамагла ў міжнародным пленэры імя І. Хруцкага ў намінацыі «За вытанчаны каларыт». Нашы дзеці ўвайшлі ў лік пераможцаў абласной выставы творчых работ «Фальклор Белай Русі».
Спыніўся Я. Д. Шугаль і на праблемах, якія перашкаджаюць далейшаму руху наперад. Па-першае, сама Верхнядзвінская ДШМ мае вострую патрэбу ў новым памяшканні; не хапае класаў для індывідуальных заняткаў у Боркавічах. У Асвейскай школе мастацтваў зімой не захоўваецца тэмпературны рэжым, акрамя таго, патрабуе рамонту дах. Ва ўсіх ДШМ адчуваецца недахоп музычных інструментаў.
Дырэктар бібліятэчнай сістэмы А. К. Гендзік нагадала, што ў 1980 годзе ў раёне было 50 бібліятэк, сёння — 25, у тым ліку 4 бібліятэкі-клубы і 3 клубы-бібліятэкі плюс бібліобус. Тым не менш, бібліятэчнымі паслугамі карыстаюцца звыш 13 тысяч чытачоў, з іх 3413 дзяцей. Бібліятэчны фонд перавышае 276 тысяч адзінак; толькі за мінулы год паступіла 12790 экземпляраў.
Бібліятэкі актыўна прапаноўваюць наведвальнікам платныя паслугі — усяго 24 віды.
Раённы арганізацыйна-метадычны кабінет, па словах дырэктара С. Д. Канавальчанка, працаваў у справаздачным перыядзе па наступных напрамках: вывучэнне і аналіз стану дзейнасці ўстаноў культуры, арганізацыя і каардынацыя дзейнасці клубных устаноў, адраджэнне і ўкараненне мясцовых народных традыцый, абрадаў і звычаяў, абагульненне і распаўсюджванне перадавога вопыту, вучоба кадраў. З 2002 года дзейнічае школа маладога культработніка.
Праведзены семінары «Удасканаленне форм культурнай дзейнасці ў вольны час», «Арганізацыя дзіцячага вольнага часу летам», «Арганізацыя і правядзенне інфамацыйна-асветніцкай работы па здаровым ладзе жыцця». У час семінараў арганізоў-валіся паказальныя мерапрыемствы, дзейнічалі творчыя майстэрні.
Удзельнікі нарады прыйшлі да высновы, што задача работнікаў культуры — удасканальваць формы дзейнасці, адпавядаць патрабаванням часу.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *