Сустрэча з пiсьменнiкам

Актуально Общество

У нашым раёне пабываў з прэзентацыяй новых кніг член Саюза пісьменнікаў Беларусі Юрый Аркадзьевіч ТАТАРЫНАЎ.

Дырэктар ЦБС А. К. Гендзік падарыла пісьменніку Ю. А. Татарынаву кнігу «Верхнядзвіншчына ў легендах і паданнях», выдадзеную бібліятэкай.

Вядомы пісьменнік, аўтар цікавых навукова-гістарычных і мастацкіх твораў прыязджае на Верхнядзвіншчыну ў трэці раз. З гэтай зямлёй у яго асаблівая сувязь: Юрый Татарынаў з захапленнем вывучаў гістарычныя карані нашых паселішчаў, мясцовыя легенды і паданні, знаёміўся з вядомымі людзьмі прыдзвінскага краю. Сабраны матэрыял выліўся ў шэраг непаўторных работ. Верхнядзвінск прадстаўлены ў вядомай серыі «Гарады Беларусі», а цікавыя гістарычныя звесткі і прыгожыя народныя паданні перапляліся ў аповесцях «Вандроўка ў Сар’ю» і «Асвейская паланянка». Усе гэтыя творы ёсць у раённай бібліятэцы і карыстаюцца попытам у чытачоў. Усяго ў фондзе ЦБС 126 экземпляраў кніг Татарынава.
На гэты раз, як паведаміла дырэктар ЦБС А. К. Гендзік, бібліятэка змагла набыць у аўтара новыя работы — гістарычную аповесць «Барбара Радзівіл» і кнігу «Старажытная Літва: вытокі беларускай народнасці і дзяржаўнасці». Юрый Татарынаў расказаў аб новых творах падчас сустрэчы, якія адбыліся ў раённай бібліятэцы, СШ № 2, Бігосаўскай, Асвейскай і Сар’янскай школах.
На сустрэчу ў бібліятэцы сабраліся члены клубаў цікавых сустрэч і «Мудрамер», аматары твораў літаратара. Бібліятэкары расказалі аб жыццёвым і творчым шляху пісьменніка. Юрый Татарынаў нарадзіўся ў 1954 г. у Расіі ў сям’і ваеннага. У шасцігадовым узросце хлопчык з бацькамі пераехаў у Беларусь, пасля школы закончыў Белдзяржуніверсітэт, а праз 15 гадоў пасля заканчэння ВНУ заняўся літаратурнай творчасцю. Заснаваў тры кніжныя серыі: «Беларусь гістарычная», «Сентыментальныя сюжэты», «Гарады Беларусі».
Пісьменнік расказаў аб сваёй творчасці і з задавальненнем падпісаў ўдзельнікам сустрэчы новыя кнігі. А каму не давялося пабываць на прэзентацыі, можа пазнаёміцца з творчасцю Ю.Татарынава ў бібліятэках раёна.
С. АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *