“Хачу, каб ведалі…”


У рэдакцыю працягваюць паступаць пісьмы ветэранаў і людзей, якія перажылі жахі акупацыі. Сёння прапаноўваем чытачам успаміны жыхаркі в. Сар’я, былога вязня фашысцкіх лагераў смерці Любові Паўлаўны Скрыпко.

-Хутка я пайду з жыцця. Нічога не зробіш, за плячыма 90 гадоў. Але хачу, каб маладое пакаленне ведала, што такое вайна, колькі бед яна прыносіць людзям.

…У сакавіку 1943 года на станцыю Свольна прыбылі фашысцкія карнікі. Неўзабаве яны з’явіліся і ў нашай вёсцы Ганчарова. Схапілі амаль усю сям’ю — бацьку, Харчанку Паўла Пятровіча, маці — Васілісу Мікалаеўну, цётку, Альшэўскую Марыю Пятроўну, сястру Соню і трое маленькіх дзяцей.

Два браты, Міхаіл і Пётр, якім на той час споўнілася па 14 гадоў, здолелі ўцячы і далучыліся да партызан.

А нас усіх накіравалі ў вёску Бажкі. Там большую частку людзей загналі ў пуню і падпалілі яе. Да гэтага часу сэрца крывёю абліваецца ад жудасных крыкаў людзей, якія гінулі ў агні. А латышскі паліцай яшчэ здзекваўся: не будзеце, маўляў, партызан карміць.

Хто ўцалеў, апынуўся ў Бароўцы, дзе ўжо чакалі вагоны, у якіх звычайна перавозілі жывёлу. Затым — Саласпілс. Тут аддзялілі дзяцей (каб браць у іх кроў), астатніх адправілі ў лагер смерці Асвенцым. Перш-наперш усіх распранулі і пагналі быццам бы ў лазню. Адразу заскочылі ў памяшканне дзве немкі і пачалі секчы ўсіх спадраду бізунамі. Затым аблілі халоднай вадой, выдалі нейкія лахманы і «пасялілі» у бараку, дзе былі толькі стружкі і — ніякага ацяплення.

Раніцай пагналі ў асноўную зону. Першае, што кінулася ў вочы, калі мінулі браму, — шыбеніца, а на ёй жанчына, павешаная ўніз галавой. Вочы ў яе былі заліты крывёю. Непадалёк, на густым электрадроце, віселі двое мужчын…

«Распарадак дня» быў такі: тры гадзіны на вуліцы па стойцы «смірна»: хто варухнецца — білі бізунамі. На суткі — кілаграм хлеба для 20 чалавек. Ды і хлеб быў напалову з пілавання.

Затым прыгналі ў лагер 600 яўрэяў. Дзяцей аддзялілі, а дарослых адразу загналі ў газавую камеру, а адтуль у крэматорый. Праз паўгадзіны палонныя пачалі выносіць адтуль трупы і вывозіць у яр непадалёк. Перакладчыца крычала на нас: «Не глядзіце!».

Давялося яшчэ бачыць, як у гэты ж яр кідалі нашых салдат. Мы горка плакалі… А цяпер думаю: колькі людзей да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак!

У далейшым гаротны лёс закінуў мяне яшчэ ў адзін лагер смерці — Равенсбрук. Калі прыйшла Чырвоная Армія, я не магла рухацца. Божанька выратаваў. А амаль усе родныя загінулі. Было ў мяне пяцёра дзяцей, аднаго забралі фашысты і нічога аб яго лёсе не ведаю.

Даруйце, расказваць яшчэ аб няволі сэрца не дазваляе…

Падрыхтаваў да друку М. КАТКОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *