З-за п’янкі механізатара гаспадарка пазбавілася трактара

Человек Общество Закон

Перад адпраўкай механізатара або вадзіцеля ў рэйс работадаўцам трэба абавязкова ўпэўніцца, ці ёсць у іх правы і ці цвярозыя работнікі. Інакш расплата можа быць вельмі дарагой.

Для ПВУП «Вужыца-Агра» ігнараванне гэтых патрабаванняў каштавала ні многа ні мала канфіскацыі трактара. «Падставіў» жа гаспадарку яе слесар Тамашэвіч Ю.М., а дакладней, яго непамерная цяга да алкаголю.
Яшчэ ў снежні 2012 года Тамашэвіча, які працаваў тады механізатарам мясцовай гаспадаркі, з-за п’янства пазбавілі правоў кіравання транспартнымі сродкамі на тры гады. Здавалася б, строгае пакаранне прымушае зрабіць усё, каб вярнуць сабе добрае імя і месца работы. Але вывадаў злосны парушальнік дарожнай дысцып-ліны не зрабіў. Ужо ў верасні наступнага года ён зноў пападаецца супрацоўнікам ДАІ на дарозе Віцебск-Полацк-граніца Латвійскай рэспублікі з тым жа «дыягназам»: кіраваў трактарам «Беларус» у нецвярозым стане. На гэты раз парушэнне кваліфікавалася яшчэ больш жорстка — Тамашэвіч сеў за руль не толькі п’яным, але і не маючы права кіраваць транспартнымі сродкамі. У выніку быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па ч.2 арт. 18.16 КоАП Рэспублікі Беларусь і падвергнуты адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафа ў памеры 26 базавых велічынь (2600000 бел.руб.).
Наколькі ж трэба «затуманіць» алкаголем сумленне, каб пайсці на парушэнне ў трэці раз. Пры гэтым паставіць пад удар не толькі сябе, але і гаспадарку, якая дазволіла яму працаваць тут слесарам. Наўрад ці не ведаў Тамашэвіч аб тым, што па заканадаўству трэцяе затрыманне за рулём у нецвярозым стане і без правоў на кіраванне тэхнікай цягне за сабой канфіскацыю транспартнага сродка. Ведаў, але ўтаіў свой «статус» ад работадаўцы. На той час абавязкі галоўнага інжынера прадпрыемства выконваў новы спецыяліст, які даў Тамашэвічу заданне ехаць на трактары на ферму Гарбулі карміць жывёлу. Аб тым, што не мае правоў, слесар не сказаў. Як і не «пахваліўся» выпітым напярэдадні вечарам літрам віна.
Чаму адказны за разнарадку спецыяліст або іншыя работнікі гаспадаркі не задаліся пытаннем, ці мае слесар(!) правы? Чаму не быў пройдзены абавязковы перадрэйсавы тэст-кантроль на ўжыванне алкаголю? Чаму, нарэшце, ніхто не ўбачыў падазронага выгляду работніка і не пачуў пах перагару? Чаму на запраўцы сельгаспрадпрыемства сумніцельнаму кіроўцу адпусцілі гаручае? Наўрад ці гэтыя пытанні можна апраўдаць сакраментальным: няма каму працаваць. Адназначна, і гэта — не працаўнік. А толькі патэнцыяльная небяспека на дарозе, таму што большасць ДТП здараецца менавіта па віне нецвярозых вадзіцеляў. Зрэшты, адказы на пытанні да службовых асоб гаспадаркі дадуць ведамасныя праверкі, па якіх да віноўных будуць прыняты неабходныя меры дысцыплінарнага ўздзеяння.
А гора-парушальнік адказаў за ўчыненае па Крымінальнаму Кодэксу. У той дзень, 28 мая, па дарозе ў Гарбулі ён выехаў на аўтадарогу Р-20, дзе і быў затрыманы супрацоўнікам ДАІ. Вопытнаму праваахоўніку дастаткова было позірку, каб упэўніцца ў нецвярозасці бяспраўнага вадзіцеля. Алкатэст у паліклініцы пацверзіў падазрэнні і паказаў ступень ап’яненння 0,34 праміле.
21 ліпеня ў Вусцянскім сельскім клубе адбыўся выязны суд, старшынёй на якім выступала суддзя Л.Г. Каваленка, дзяржаўным абвінаваўцам — намеснік пракурора В.С. Тамашэвіч. Разгледзеўшы справу, суд прызнаў Тамашэвіча Ю.М. віноўным у кіраванні транспартным сродкам, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, учыненым на працягу года пасля адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне, і на падставе ч.1 арт.317 КК Рэспублікі Беларусь прызначыў яму пакаранне ў выглядзе аднаго года выпраўленчых работ з утрыманнем у даход дзяржавы 15% заробку, але не менш адной базавай велічыні штомесяц з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі на тэрмін 5 гадоў. У даход дзяржавы канфіскаваны трактар МТЗ-82.1.
Гэтым прысудам пакаранне парушальніку, хутчэй за ўсё, не абмяжуецца. ПВУП «Вужыца-Агра» мае права падаць у суд іск аб спагнанні з віноўнага кошту канфіскаванага трактара. Вось так уласная неадумнасць і грэбаванне законам прыводзяць да плачэўнага выніку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *