У Верхнядзвінскім раёне адбылося свята «Збіраем зорны карагод»

Актуально Культура

У рамках шостага рэгіянальнага фестывалю «Збіраем зорны карагод» у аграгарадку Валынцы прайшоў конкурс эстраднай песні «Рэтра шлягер».

Фальклорны калектыў беларускай песні «Сузор'е» (Вісагінас, Літва).

Некалькі гадзін былі напоўнены гучаннем песень, якія падабаюцца без выключэння ўсім. Яны непадуладны часу, іх ведае не толькі старэйшае пакаленне.
Удзел у фестывалі прынялі вакальныя калектывы і салісты нашага раёна, а таксама госці з Расон, Расіі і Літвы.
Адкрываючы свята песні, І. Ф. Козел, старшыня раённага Савета дэпутатаў, пажадала ўсім удзельнікам перамог, а гледачам — добрага настрою .

Выступае госця з Масквы Таццяна Сцяпанава.

І свята пачалося. Са сцэны ў выкананні вакальных гуртоў і саліс-таў ліліся прыгожыя, вясёлыя і лірычныя, задорныя песні. Зал з задавальненнем падпяваў. Нельга было не захапляцца чыстым і моцным голасам Уладзіміра Слабадзенюка (Валынецкі СДК) і ўсім вядомай песняй «Там, дзе клён шуміць», у яго выкананні. Усім узняла настрой задорная «Полька беларуская» Паўла Юхновіча (Антонаўскі СДК), а выступленне Валянціны Пісаравай (Бігосаўскі СДК) са старой забытай песняй «Грустиночка» прымусіла зал на некалькі хвілін заціхнуць. Нумар народнага вакальнага гуртка «Гукі сэрца» (Антонаўскі СДК) «Печкі-лавачкі» стаў невялікай тэатралізаванай пастаноўкай.
З задавальненнем прысутныя ў зале падпявалі песням са старых добрых кінафільмаў — «Карнавал», «Брыльянтавая рука», «Каўказская палонніца». Іх выканаўцы прымалі ў знак падзякі шчырыя апладысменты гледачоў.
Спадабаліся ўсім выступленні фальклорнага калектыву беларускай песні «Сузор’е» (Вісагінас, Літва). Яны ўжо другі год прыязджаюць на гэтае свята і радуюць сваім выкананнем.
Прыгожая пара гасцей з Расон — Вольга і Леанід Заваротныя — запомнілася пранікнёным і гарманічным выкананнем песні «Ты ляці, мая душа». А госця з Масквы Таццяна Сцяпанава ўразіла беларускай песняй, якую выканала акапэла.
Акрамя прыгажосці гучання, арыгінальнага выканаўчага майстэрста, артысты парадавалі гледачоў яркімі нацыянальнымі касцюмамі, якія гарманічна дапаўнялі іх рэпертуар.
Насычаная канцэртная праграма праляцела як адно імгненне.
Словы падзякі за цудоўна праведзены час і падараваны добры настрой удзельнікам фестывалю выказала Н. А. Масквічова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Асобныя словы падзякі яна адрасавала спонсарам мерапрыемства, людзям, нераўнадушным да культурнага жыцця раёна, — дырэктарам ААТ «Прудзінкі» і «Антонава-Агра» В. А. Красніку і А. Л. Шатру, Н. А. Халанскай, дырэктару УП «Валынецкае ПМС», Н. П. Ліпоўскай, старшыні Валынецкага сельвыканкама.
Падводзячы вынікі фестывалю, старшыня журы В. Д. Хадорчанка адзначыў, што вельмі цяжка было выбраць пераможцаў, настолькі цёплыя ўражанні пакінулі ўсе выступаючыя.
У выніку лаурэатамі трэцяй ступені сталі Т. Аўчыннікава (Сакалоўшчынскі сельскі клуб), Анатоль Зяцькоў (Запруддзеўскі СДК), вакальны гурт «Сузор’е» (Вісагінас) і Павел Юхновіч. Дыпломы лаурэатаў другой ступені атрымалі вакальны гурт «Світанак» (Бігосаўскі СДК), Уладзімір Слабадзенюк і Людміла Андрэева (Бігосаўскі СДК). Дыпломамі першай ступені адзначаны Валянціна Сіняўская (Сар’янскі СДК ) і вакальны гурт «Гукі сэрца» (Антонаўскі СДК).
Дыпломы за высокае прафесійнае майстэрства атрымалі Таццяна Літвінава (Запруддзеўскі СДК) і вядучая свята Аляксандра Рымкевіч (Валынецкі СДК).
За ўдзел у фестывалі дыпломамі адзначаны Вольга і Леанід Заваротныя (Расоны), Таццяна Сцяпанава (г.Масква), народны вакальны гурт «Дзвінскія напевы» (Бігосаўскі СДК), вакальны гурт «Сузор’е» (Вісагінас»), Верхнядзвінскі Дом рамёстваў, Сар’янскі сельскі Дом культуры.
Дыпломамі адзначаны экспанаты, якія падрыхтавалі для выставы «У кожным букеце — песня» Запруддзеўскі, Дзёрнавіцкі, Валынецкі, Антонаўскі сельскія Дамы культуры і Ігналінскі клуб-бібліятэка.
У фае Дома культуры разгарнулася выстава «Верхнядзвінская скарбонка», дзе былі прадстаўлены вырабы ткацтва, батыкі з элементамі вышыўкі, вырабы гурткоў «Искусница» і «Рукатворныя цуды» Сар’янскага Дома культуры.
З кожным годам фестываль у Валынцах набірае моц. А значыць, наперадзе будуць новыя сустрэчы з песняй.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *