Верхнядзвіншчына – самы багаты на тканыя габелены рэгіён Віцебшчыны

Актуально Наш край

З 1 па 12 снежня ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці праходзіць выстава работ верхнядзвінскіх майстроў па ткацтву «Тканыя гісторыі».

Верхнядзвіншчына – самы багаты на габелены ручной работы рэгіён Віцебскай вобласці. Ні ў адным іншым раёне няма такой колькасці дзеючых майстроў па ткацтву на раме і проста зацікаўленых аматараў. Гэта аўтэнтычнае рамяство на нашай зямлі нібыта атрымала «другі подых» і з кожным годам захапляе ўсё больш і больш людзей!
І вось у пачатку снежня лепшыя работы, створаныя верхнядзвінскімі ўмельцамі, былі прадстаўлены на суд віцебскай публікі. Маштабная экспазіцыя з 41 габелена ледзь змясцілася ў выставачнай зале! У яе ўвайшлі вырабы шасці дзеючых майстроў Верхнядзвінскага раённага Дома рамёстваў і народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў Валянціны Шумскай, Тамары Дзямешка, Кацярыны Жалюк, Ганны Хайковай, Таццяны Цыра, Тамары Мядзель, а таксама актыўнага ўдзельніка гуртка па ткацтву на раме Андрэя Скрыпко.


На адкрыццё выставы сабралася шмат аматараў мастацтва, прадстаўнікоў друкаваных СМІ, радыё і тэлебачання. Пра дзейнасць Дома рамёстваў прысутным расказала яго дырэктар Святлана Васільеўна Малахоўская.
– Зараз у Верхнядзвінскім раёне адраджаецца і актыўна развіваецца 16 напрамкаў традыцыйных народных рамёстваў, адно з асноўных – гэта ткацтва: на кроснах, раме, дошчачках і бярдзечку. Мы вельмі ганарымся нашымі майстрамі, ім сапраўды ўдалося дабіцца значных поспехаў у сваёй справе і выклікаць у людзей цікавасць да народнай творчасці.
Майстрыца Кацярына Жалюк падрабязна расказала аб тэхніцы ткацтва на раме і асаблівасцях розных перапляценняў – як традыцыйных, так і незвычайных, пасля чаго прадэманстравала, як гэта робіцца на практыцы. Андрэй Скрыпко таксама правёў майстар-клас і падзяліўся ўра-жаннямі і эмоцыямі ад творчага працэсу. Гледачы пранікліся атмасферай мастацтва, многія нават паспрабавалі ткаць самастойна.
Асвоіць рамяство стварэння габеленаў у Верхнядзвінску можа любы жадаючы ў незалежнасці ад узросту – гурток пры Доме рамёстваў наведваюць не толькі дарослыя, але і дзеці. На сённяшні дзень самай малодшай майстрыцы ўсяго 10 гадоў, а пачынала займацца яна ў 7! Канешне, за станок пакуль што не садзіцца, затое паспяхова тчэ на раме. Кіраўнік гуртка Валянціна Шумская перадае навучэнцам свой багаты вопыт, набыты падчас работы на фабрыцы мастацкіх вырабаў «Міла». На выставе ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, акрамя габеленаў, прадстаўлены і ручнікі з традыцыйным верхнядзвінскім арнаментам, якія Валянціна Леанідаўна саткала на кроснах.
Выстава «Тканыя гісторыі» працягнецца да 12 снежня ўключна, але шанс пазнаёміцца з работамі верхнядзвінскіх майстроў ёсць не толькі ў віцябчан: вялікі фонд тканых вырабаў сабраны непасрэдна ў Доме рамёстваў. Паглядзець пастаянную выставу можна ў любы зручны дзень – як і атрымаць невялікі майстар-клас. А тых, каму спадабаецца, з радасцю будуць чакаць у гуртку па ткацтву!
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *