Верхнядзвінскі касцёл адзначыў парафіяльнае свята — Дзень Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі — у гонар гэтай падзеі названа святыня. Сёлета парафіяльны фэст святкавалі асабліва ўрачыста — ён супаў з 215-годдзем Верхнядзвінскага касцёла. Удзел ва ўрачыстасцях прыняў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У госці да верхнядзвінцаў прыбылі святары і вернікі з іншых парафій вобласці. Адметнай падзеяй стала выстаўленне ў святыні 16 абразоў Маці Божай, вядомых у свеце як цудатворныя. Адбылася працэсія з абразамі ад Паклоннага крыжа ў мікрараёне да касцёла. Гасцей святыні прывітаў яе пробашч Аляксандр Грыцкевіч. Урачыстую літургію ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Ад імя свецкай улады святароў і парафіян павіншавала з адметнай падзеяй начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Наталля Андрэева. З нагоды 25-годдзя Віцебскай дыяцэзіі біскуп уручыў вернікам Падзякі за ахвярнае служэнне касцёлу.
Падчас урачыстасці па традыцыі біскуп асвяціў зерне новага ўраджаю.