Верхнядзвінская школьніца – фіналіст рэспубліканскага конкурсу «Жывая класіка»

Актуально Молодёжная страница "Ветразь"

Вучаніца ДУА «Верхнядзвінская гімназія імя І.А. Макеенка» Юлія Голубева выйшла ў фінал рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка» і заняла другое месца ва ўзроставай катэгорыі VII-VIII класы.

Сумесны праект тэлекампаніі СТВ і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь – творчы конкурс чытальнікаў нацыянальнай паэзіі «Жывая класіка» штогод выяўляе таленавітую моладзь. Сёлета ён быў прысвечаны Году міра і стварэння.
Пасля яркіх выступленняў усіх 17-ці ўдзельнікаў рэспуб-ліканскага конкурсу прафесійнае журы размеркавала паміж імі прызавыя месцы. Наша зямлячка Юлія Голубева заняла другое месца ў сваёй узроставай катэгорыі.
– Падрыхтоўка да конкурсу была вельмі грунтоўная, – расказвае пераможца. – Займаюся ў аб’яднанні «Мастацтва жывога слова», створаным на базе бібліятэкі гімназіі. Ім кіруе таленавіты майстар слова Тамара Міхайлаўна Рыжая, якая падрыхтавала нямала «зорачак» – чытальнікаў нацыянальная паэзіі. Мы абралі верш Янкі Купалы «Жняя» і вырашылі абыграць яго песняй. Пачалася карпатлівая работа. Спачатку рэпеціравалі голас, інтанацыю, рухі і, канешне, саму песню. Вельмі дапамагло тое, што займаюся таксама ў эстраднай студыі «Жаваранкі» пры РЦКіНТ. Так атрымаўся цікавы і незвычайны нумар, сапраўдны міні-спектакль. Спачатку прэзентавалі яго на раённым этапе, затым – абласным, дзе заняла першае месца. Але за выхад у фінал прыйшлося пазмагацца. У Мінску прайшоў адбор сярод пераможцаў абласнога этапу, але я прайшла ў фінал.
Удзячна ўсім, хто дапамог перамагчы. У першую чаргу, кіраўніку Тамары Рыжай за тое, што паверыла ў мяне і займалася пастаноўкай нумара; работнікам Цэнтра культуры Кацярыне Руткоўскай, Ірыне Хадорчанка, Іне Федарэнка, Таццяне Трыфаненкавай, якія запісалі фанаграму, рэпеціравалі песню, выбралі народны касцюм. Відэа-візітку з прыгожымі краявідамі Вернядзвіншчыны і самапрэзентацыяй зняў і зманціраваў Сяргей Тамашэвіч. І, канешне, маёй галоўнай суддзі і слухачу маме Вользе, якая суправаджала і падтрымлівала на ўсіх этапах конкурсу.
– З кожным годам адзначаецца больш пільны падыход да выбару твораў. Па ўмовах конкурсу, паэтычныя радкі, а таксама проза, павінны быць на беларускай мове, – гаворыць Тамара Рыжая. – Для выканання абралі класіка беларускай літаратуры Янку Купалу. «Жняя» напоўнена глыбокім сэнсам, любоўю да Радзімы, зямлі, чалавека працы, жанчыны.
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *