Верхнядзвінскія хлебаробы разлічваюць на добры ўраджай

Актуально Экономика

На палях КУВСГП «Каханавічы» кіпіць работа. Пераменлівае веснавое надвор’е не палохае хлебаробаў. Тут пасеялі ўжо яравыя зерневыя і пачалі сеяць кукурузу.
Разам з энергічным галоўным аграномам гаспадаркі Аляксандрам Казловым аб’язджаем палі, каб пераканацца, што ўсе тэхналогіі выконваюцца.
– Сёлета ўкладваемся ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, – каменціруе ён. – Сяўбу ранніх яравых зерневых і рапсу даверылі Ігару Сушчэвічу, Ігару Рудаму і Юрыю Чарвінскаму. Механізатары пасеялі 400 гектараў ячменю і 210 – рапсу.
На сяўбе кукурузы працуюць Сяргей Бурдо, Васіль Пільнік і Аляксей Яфімаў. Аграрыям трэба будзе засеяць 600 гектараў гэтай культуры.
– Сяўбу кукурузы плануем завяршыць да сярэдзіны мая, – працягвае Аляксандр Валер’евіч. – Галоўнае, каб надвор’е не падвяло. Каханавіцкія землі «цяжкія», гліністыя, у палях да гэтага часу яшчэ «стаіць» вада.
Калі глеба прагрэецца, прыйдзе чарга грачыхі. Ёй сёлета адведзена 100 гектараў. Далей – нарыхтоўка кармоў. Каляндар вельмі насычаны!

Сёлета зрабілі стаўку на азімыя зерневыя культуры, якія займаюць 2000 гектараў, правялі іх першую падкормку і пачалі другую. З гэтай працай на «Роса» паспяхова спраўляецца Леанід Дашчонак. Вядзецца хімпраполка і падсев траў – канюшыны ў чыстым выглядзе, а таксама сумесі канюшыны з цімафееўкай. Зерневыя добра перазімавалі, але адбіваецца суседства з паляўнічай гаспадаркай «Красный Бор» – у асобных урочышчах страты ўсходам нанеслі зубры. Усе палявыя работы праводзяцца са строгім захаваннем галіновых рэгламентаў і тэхналогій.
… Ва ўрочышчы Слабада да нас набліжаюцца энерганасычаныя трактары. Разумеем, што адцягваць увагу механізатараў падчас працы непажадана, але ў поле як раз дастаўлены гарачыя абеды. Сціхае роў матораў, стомленыя мужчыны выходзяць з кабін – яны завіхаюцца ў полі з шасці гадзін раніцы. Раскладваюць па талерках наварысты суп, кашу з духмянай мясной падлівай, наліваюць кампот – порцыі тут шчодрыя.
Для стымулявання працы створана выдатная сістэма заахвочванняў, вядзецца спаборніцтва. На пасяўной, напрыклад, механізатар можа зарабіць за дзень больш за сто рублёў.
Усмешлівы Васіль Мароз – з хлебаробскай дынастыі. У гаспадарцы працавалі яго бацькі, а цяпер і ён сам разам з жонкай, сынам і нявесткай.
– Гэта мая трыццаць пятая пасяўная, – дзеліцца Васіль Паўлавіч. – Заўсёды адчуваю і радасць, і хваляванне. Разумею, што многае залежыць і ад мяне самога: калі не зрабіць працу добрасумленна, на ўраджай разлічваць не даводзіцца.
З ім згодны калегі Аляксандр Жораў, Іван Кукса і Валерый Чарвінскі. Мужчыны рыхтавалі глебу пад сяўбу ранніх яравых, а цяпер – пад кукурузу. Побач на ўнясенні мінеральных угнаенняў ударна працуюць Аляксей Сівоха і Мікалай Сувораў.
Галоўны аграном адпраўляецца на іншыя ўчасткі, а я – у «кантору», спадзеючыся заспець на месцы дырэктара Альберта Махмудава і даведацца, як ідуць справы ў гаспадарцы.
– Задачы пастаўлены даволі амбіцыйныя, – гаворыць Альберт Загірбекавіч. – Істотна павялічаны дзяржзаказ па нарыхтоўцы пшаніцы, трэба стварыць магутную кармавую базу для буйной рагатай жывёлы. Мы ведаем, што рабіць, як рабіць, і ўсе ўмовы для плённай працы ў нас створаны.
Працаўнікі сельгаспрадпрыемства робяць самую важную справу – забяспечваюць харчовую бяспеку краіны. Дзякуючы ўсім, хто ў гэтыя дні старанна працуе ў полі, на нашым стале будуць і хлеб, і мяса, і малако.
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *