Тэма тыдня

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка сабраў Савет бяспекі ў пашыраным фармаце.
Галоўныя тэмы – функцыянаванне эканомікі, стабілізацыя знешняга гандлю
і знешнепалітычная дзейнасць.

Галоўная мэта развязанай супраць Беларусі эканамічнай вайны
«Эканамічная вайна супраць Беларусі вядзецца ўжо амаль два гады. З улікам падзей ва Украіне наступленне на нас пайшло па ўсіх франтах: у гандлі, фінансах, лагістыцы. Галоўная мэта – перакрыць нашы экспартныя каналы, аслабіць праз імпартныя абмежаванні, каб у канчатковым выніку ўсё гэта паўплывала на дабрабыт нашага насельніцтва», – сказаў Прэзідэнт.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, на пасяджэнне вынесена пытанне аб сітуацыі ўнутры і вакол Беларусі, яе ўплыве на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны: «Адкрыта скажу: цяпер гэта пытанне – адно з найбольш актуальных для дзяржавы і стаіць у адным радзе з забеспячэннем яе ваеннай бяспекі. Нам неабходна ацаніць, як складваецца абстаноўка ў краіне, у свеце і якія тэндэнцыі праглядаюцца. Якія высновы з гэтага вынікаюць, на што накіраваць намаганні, якія практычныя крокі рабіць».
Санкцыі ў адносінах да Беларусі
былі бы ўведзены ў любым выпадку
«Хуткасць прыняцця санкцый, а таксама глыбіня прапрацоўкі сведчаць аб тым, што яны рыхтаваліся даўно і дасканала. Пры гэтым зразумела, што іх увялі б незалежна ад развіцця расійска-ўкраінскіх адносін. Гэтыя санкцыі былі б, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Магчыма, уводзіліся б не адразу, а некалькімі пакетамі. Але мы іх атрымалі б у любым выпадку. І нават тут размова ідзе больш аб Расіі».
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ў цэлым рыхтаваліся да такога развіцця падзей. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым нагадаў, што яшчэ ў пачатку пандэміі гаварыў аб тым, што яе наступствы будуць вельмі сур’ёзнымі ў агляднай будучыні. «Так яно і адбылося. Тады я папярэдзіў усіх аб тым, што размова ідзе пра перадзел свету. Сёння пра гэта хто толькі ні кажа. Гэта значыць, мы ведалі, што будзе. Прынамсі, усіх я папярэджваў аб гэтай тэндэнцыі. І тады мы спрабавалі прыняць пэўныя меры», – заўважыў Прэзідэнт.
Новыя вокны магчымасцей на фоне санкцый Захаду
«Для нашых краін сапраўды адкрываюцца новыя вокны магчымасцей. З выхадам заходніх кампаній з рынку Саюзнай дзяржавы вызваліліся велізарныя нішы, якія нам трэба будзе асвоіць. Пытанне ў тым, што нам перашкаджала гэта рабіць раней – лабісты, канкурэнцыя, карупцыя? Напэўна, усё ў цэлым», – заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што многія краіны, якія пайшлі за ўладнымі людзьмі і бяздумна далучыліся да санкцый, пачынаюць ужо задумвацца і нешта разумець: «Нават рабіць. Некаторыя заходнія кампаніі з Расіі і Беларусі пабеглі. Асобныя вяртаюцца назад. А частка і не сыходзілі. Зрабілі толькі заяву. Па сутнасці, гэтыя абмежавальныя меры ў адносінах да Расіі і Беларусі, уведзеныя ЗША і іх саюзнікамі, становяцца санкцыямі для ўсяго свету. Разбурана існуючая сістэма гандлю».
Прэзідэнт падкрэсліў, што санкцыі робяць слабейшымі дзяржавы, якія іх уводзяць.
Беларусь беспадстаўна аб’яўлена «хаўруснікам агрэсара»
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што амаль адразу пасля пачатку актыўнай фазы баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны Беларусь традыцыйна пастаралася наладзіць дыялог паміж бакамі канфлікту. «Яшчэ раз хачу падкрэсліць для тых, хто крычыць «Не вайне!». Нам вайна гэта не патрэбна. Таму што ў выніку гэтага канфлікту – двух славянскіх народаў – больш за ўсё пацярпець можам мы. Пра гэта я гаварыў з першага дня гэтага процістаяння Украіны і Расіі. Мы чарговы раз прапанавалі Расіі і Украіне бяспечнае месца для перагавораў, арганізаваўшы іх. Наша ініцыятыва была пачута і з удзячнасцю прынята. У Беларусі прайшлі тры сустрэчы расіян і ўкраінцаў, дзе былі абазначаны шляхі руху да мірнага дагавора».
«Аднак прафесійныя дзеянні нашых ваенных і дыпламатаў засталіся незаўважанымі на Захадзе, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Бяздоказна і беспадстаўна Беларусь была аб’яўлена «хаўруснікам агрэсара». Услед за гэтым неадкладна пайшлі чарговыя санкцыі».
Што датычыцца перагавораў бакоў, якія прадоўжыліся ў Стамбуле, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Мы ж не настойваем. Няхай там праводзяць гэтыя перагаворы. Галоўнае, каб быў вынік. Таму што вайна, яшчэ раз падкрэсліваю, гэта вялікая шкода для Беларусі».
Весці канструктыўны дыялог
«Я хачу проста ўпершыню вам абазначыць на сённяшні дзень нашу пазіцыю, якая даведзена да міністра замежных спраў і даручана МЗС яе рэалізаваць. Не можа быць перагавораў без удзелу Беларусі. Калі вы нас увязалі ў гэта, перш за ўсё заходнія краіны, там, на гэтых перагаворах, зразумела, павінна прагучаць пазіцыя Беларусі», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
«Хачу вас запэўніць, што Беларусь і далей будзе самым жорсткім чынам адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы. Саюзнікі, якія пакуль яшчэ сумняваюцца, павінны зразумець – без хутчэйшага з’яднання нашай цывілізацыі, без умацавання палітычных, эканамічных і ваенных сувязей нас заўтра можа не быць. Не будзе проста», – заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў цяперашняй сітуацыі разам з безумоўным развіццём сувязей з дружалюбнымі дзяржавамі вельмі важна знаходзіць і пашыраць перспектыўныя напрамкі, актыўна выкарыстоўваць кропкавую дыпламатыю, дасягаць канкрэтных вынікаў.
Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *