Тэма тыдня

Тема недели

тема

 ГАТОЎНАСЦЬ ЗНАЧНА АКТЫВІЗАВАЦЬ ГАНДАЛЬ БЕЛАРУСІ І АЗЕРБАЙДЖАНА

Тэлефонная размова прэзідэнтаў Беларусі і Азербайджана Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева адбылася 19 лютага, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
У кантэксце абмеркавання стану і перспектыў двухбаковых адносін кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі іх стратэгічны характар, адзначыўшы, што ўзаемадзеянне дзвюх краін заўсёды выбудоўвалася ў духу дружбы і ўзаемаразумення.
Падрабязней прэзідэнты спыніліся на супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай сферы, выказаўшы гатоўнасць значна актывізаваць узаемны гандаль. Размова ішла ў тым ліку аб вытворчай кааперацыі. Беларускі бок, у прыватнасці, гатовы разгледзець магчымасць разгортвання сумесных вытворчасцей у Азербайджане па ўсіх напрамках узаемадзеяння з выхадам у перспектыве з агульнай прадукцыяй на рынкі трэціх краін.

У ЕАЭС НЕ ХАПАЕ НАСТОЙЛІВАСЦІ?

Пры прыняцці рашэнняў у Еўразійскім эканамічным саюзе не хапае настойлівасці. Такое меркаванне выказаў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч у час пашыранага пасяджэння навукова-кансультатыўнага савета па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі, прысвечанага ўніфікацыі заканадаўства краін у ЕАЭС.
Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што часта пры прыняцці рашэнняў у ЕАЭС бакам не хапае рашучасці і настойлівасці, а гэта негатыўна ўплывае на выкараненне праблемных пытанняў. «Не дамовіліся — ну і няхай», — канстатаваў спікер. Аднак з-за недастатковай каардынацыі ў інтэграцыйным аб’яднанні шмат людзей і прадпрыемстваў нясуць сур’ёзныя страты, дадаў ён.
Спікер звярнуў увагу, што ў ЕАЭС зацягваецца прыняцце Мытнага кодэкса, адсутнічае гарманізацыя нацыянальных заканадаўстваў у галiне ўстанаўлення адказнасці за парушэнні патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў, а таксама пры правядзенні працэдур ацэнкі адпаведнасці.
«Не выкананы ўстаноўленыя Дагаворам аб ЕАЭС тэрміны (а тэрмін быў да 1 студзеня 2016 года) зацвярджэння Вышэйшым саветам канцэпцыі фарміравання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Практычны разгляд праекта канцэпцыі фарміравання агульнага рынку прыроднага газу пачаўся толькі ў снежні 2015 года», — заўважыў старшыня Савета Рэспублікі.

АБ АКАЗАННІ АДРАСНАЙ ДЗЯРЖДАПАМОГІ МАЛАЗАБЯСПЕЧАНЫМ 

У Беларусі на аказанне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў 2016 годзе плануецца накіраваць каля Br720 млрд. Аб гэтым паведаміла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава на сустрэчы з працоўным калектывам санаторыя «Чабарок» у час адзінага дня інфармавання.
«У 2015 годзе на аказанне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі было выдзелена практычна Br550 млрд. На бягучы год на гэтыя мэты ў бюджэце запланавана каля Br720 млрд. Задача дзяржавы — падтрымаць тых людзей, якія маюць патрэбу ў гэтай дапамозе ва ўсіх аспектах жыцця», — падкрэсліла віцэ-прэм’ер.
Акрамя таго, яна звярнула ўвагу на такі механізм, як калектыўны дагавор. «Тут таксама трэба паглядзець на сацыяльны пакет, тую дапамогу, якую можа аказаць людзям прадпрыемства і арганізацыя. А такіх прыкладаў у нас шмат. Гэтыя формы сёння актыўна працуюць у нашай краіне», — адзначыла Наталля Качанава.
У Беларусі нават у няпростых эканамічных умовах не была закрыта ні адна праграма сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Нараўне з малазабяспечанымі грамадзянамі дапамога аказваецца сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Яны атрымліваюць больш за 10 відаў розных дапамог. Пад апекай дзяржавы знаходзяцца інваліды, дзеці-сіроты, а іх цяпер 21,6 тыс., прычым 18 тыс. — гэта сацыяльныя сіроты, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў.

АБАРАНЯЦЬ СВОЙ РЫНАК АД НЕАБГРУНТАВАНАГА ІМПАРТУ

Беларусь павінна цывілізавана абараняць свой рынак ад неабгрунтаванага імпарту, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка, падводзячы вынікі калегіі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, дзе былі агучаны вынікі работы галіны ў 2015 годзе і пастаўлены задачы на бягучы год.

«Мы павінны адсекчы неабгрунтаваны імпарт, абараніць свой рынак, але абараніць цывілізавана. Дзяржстандарт якраз працуе ў такім напрамку, які дае магчымасць з апорай на тэхрэгламенты і стандарты не пусціць на наш рынак неабгрунтаваны тавар», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер. У першую чаргу размова ідзе аб прадукцыі, якая можа нанесці шкоду здароўю грамадзян.
Пры гэтым неабходна таксама ўлічваць інтарэсы партнёраў па ЕАЭС.
Уладзімір Сямашка нагадаў, што ў Беларусі ўжо ўкаранёны 34 тэхрэгламенты Мытнага саюза, яшчэ 22 знаходзяцца ў распрацоўцы. «Пачынаецца адказны этап іх адаптацыі, і тут мы выяўляем нейкія неадпаведнасці. Яны выкліканы тым, што часта рэальны сектар эканомікі адносіўся фармальна да прыняцця тэхрэгламентаў. І сёння мы бачым, што не заўсёды можам выканаць іх патрабаванні, таму што не прадумалі сістэму сертыфікацыі, аснашчэнне лабараторый», — адзначыў ён і даручыў старшыні Дзяржстандарту да 1 мая дэталёва прааналізаваць гэту сітуацыю і падрыхтаваць прапановы па яе выпраўленні.

БЮДЖЭТ ПА ДАХОДАХ ВЫКАНАНЫ НА 101,3 ПРАЦЭНТА ЎДАКЛАДНЕНАГА ПЛАНА

Кансалідаваны бюджэт Беларусі за 2015 год па даходах выкананы на 101,3 працэнта ўдакладненага плана, паведаміў 19 лютага міністр фінансаў Уладзімір Амарын на калегіі ведамства аб выніках выканання бюджэту за 2015 год і задачах фінансавых органаў у 2016 годзе.
«Кансалідаваны бюджэт за 2015 год па даходах выкананы ў суме Br266,3 трлн, або 101,3 працэнта ўдакладненага гадавога плана. Расходы кансалідаванага бюджэту склалі Br250,4 трлн, або 98,1 працэнта. Прафіцыт склаў Br15,9 трлн, або 1,7 працэнта ВУП», — адзначыў Уладзімір Амарын.
Паводле яго слоў, па выніках 2015 года ў даходы рэспубліканскага бюджэту паступіла Br167,2 трлн, або 101,5 працэнта, расходы прафінансаваны ў суме Br152,1 трлн, або 97,9 працэнта. Прафіцыт у суме Br15,1 трлн сфарміраваны за кошт паступлення вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты і накіраваны на пагашэнне дзяржаўнага доўгу.

КОЛЬКАСЦЬ ГАДЗІН НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ ПАВЯЛІЧЫЦЦА 

Колькасць гадзін на беларускую мову павялічыцца за кошт скарачэння факультатываў, паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна на прэс-канферэнцыі «Папулярызацыя беларускай мовы: сучаснасць і перспектывы».
Галоўны спецыяліст упраўлення растлумачыла, што з наступнага навучальнага года з другога класа ў школах, незалежна ад мовы навучання, на беларускую і рускую мовы адводзіцца аднолькавая колькасць гадзін, як і на беларускае і рускае літаратурнае чытанне: на вывучэнне моў — тры гадзіны, літаратуры — дзве гадзіны ў тыдзень. Праз год новаўвядзенне з’явіцца ў другім-трэцім класах, праз два гады — у другім, трэцім і чацвёртым класах. «Такім чынам у пачатковай школе на працягу трох гадоў адбудзецца паступовы пераход да вывучэння дзвюх дзяржаўных моў у роўнай колькасці гадзін», — дадала Ірына Булаўкіна.
У першым класе колькасць гадзін застанецца ранейшай, таму што вучні толькі пачынаюць вывучаць грамату, фарміруюцца базавыя веды, уменні і навыкі чытання і пісьма.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *