«Кожны павінен распараджацца сваім лёсам»

Тема недели

 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 кастрычніка сабраў нараду па эпідэміялагічнай сітуацыі і прымаемых мерах па процідзеянні распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі. Прэзідэнт выказаўся наконт дзеянняў дзяржаўных органаў  і выразна акрэсліў сваю пазіцыю па гэтым.

Кіраўнік дзяржавы  растлумачыў, што ён асабіста не супраць, каб людзі насілі маскі і вакцынаваліся, але ў першую чаргу трэба надаваць увагу пытанням лячэння. Ён упэўнены, што калі эфектыўна працаваць у гэтым напрамку, то літаральна на працягу месяца ўдасца мінімізаваць праблему. «А не будзем лячыць людзей, зоймемся кавіднай і антыкавіднай палітыкай — давядзём народ да бунтаў. Будзе як у Еўропе», — папярэдзіў ён.

Ён таксама прывёў прыклад брацкай Расіі: «Я ж ведаю, наколькі яны напружаны: там і пальчаткі, і маскі — чаго там толькі няма. І ўсё роўна ўздым. І ўздым большы, чым у Беларусі. Дык вы глядзіце на свет і рабіце адпаведныя высновы».

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што, нягледзячы на яго негатыўнае стаўленне да напружвання людзей, вакцынавацца трэба і ён ніколі не выступаў супраць гэтага.

Каранавірус застаецца рэальнай пагрозай для ўсіх краін

«Як мы з вамі і дамаўляліся, на гэтым тыдні мы сур’ёзна зоймемся пытаннямі лячэння людзей. Падкрэсліваю: лячэння людзей, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы неаднаразова сустракаліся наконт процідзеяння захворванням сённяшняга дня. Калі аб’ектыўна гаварыць, то насуперак надзеям шматмільярднага насельніцтва Зямлі, а таксама прагнозам так званай сусветнай навукі каранавірус са сваімі мутацыямі і новымі штамамі застаецца рэальнай пагрозай для ўсіх краін».

Да чарговага ўздыму захворваемасці ў Беларусі рыхтаваліся. Гэта пытанне заўсёды было на асаблівым кантролі ў Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці ёсць праблемы з рэсурсным патэнцыялам аховы здароўя, што ўжо зроблена і якая дапамога патрэбна,  якія першачарговыя меры па процідзеянні распаўсюджванню COVID-19 прымаюцца, як праходзіць вакцынацыя насельніцтва. Таксама Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся маральна-псіхалагічным кліматам у медыцынскіх калектывах.

Вакцынавацца трэба

«Яшчэ раз хачу падкрэсліць: нягледзячы на маё негатыўнае і строгае стаўленне да напружвання людзей (маскі і іншае), вакцынавацца трэба. Я ніколі супраць гэтага не быў. У адваротным выпадку навошта я з Пуціным дамаўляўся, каб мы атрымалі гэты «Спутник», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Потым я папрасіў, каб у нас разлівалі гэту вакцыну. Потым мы зрабілі вывад, што будзем жыць з гэтым кавідам і нам патрэбна свая вакцына. Таму мы ўжо сёння завозім абсталяванне для вытворчасці па поўным цыкле ўласнай вакцыны. Гэту вакцыну мы ўжо атрымалі, яна ў нас ёсць у прабірках. І яе трэба сёння вырабіць, але для гэтага патрэбна сучаснае абсталяванне. І мы аснашчаем свой завод па вытворчасці вакцын, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што сваю вакцыну Беларусь выпусціць да 2023 года . Ён нагадаў, што гэта рашэнне матывавана тым, што на той момант, магчыма, будзе зусім іншы штам кавіду. «І сёння бачым, што ён можа быць. Мы ўжо 4 або 5 штамаў перажылі. Сёння дэльта-штам. Таму мы якраз вырабім сваю вакцыну і прыстасуем яе да таго віруса, які будзе цыркуляваць у 2023 годзе», — заявіў Прэзідэнт.

Ніякага націску на людзей

Прэзідэнт канстатаваў, што грамадства ў Беларусі ў сітуацыі з каранавірусам на сённяшні дзень падзялілася па пытанні ахоўнага характару (маскі, сацыяльнае дыстанцыраванне і гэтак далей), а таксама ў дачыненні да вакцынацыі. «Павінен папярэдзіць усіх. Прэзідэнт мае права прыняць падобнае рашэнне. І маскі, і ахоўныя мерапрыемствы, і вакцынацыя — гэта выключна добраахвотная справа кожнага чалавека», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што можна дзейнічаць метадам пераконвання: «Я не выключаю, хоць дрэнна ўспрымаю, матэрыяльную зацікаўленасць. Як некаторыя кіраўнікі: вось табе 100-200 рублёў — ідзі, вакцынуйся. Разумны дырэктар палічыў: калі чалавек не захварэе, то гэта для прадпрыемства будзе большы выйгрыш».

«Прымальныя любыя метады, акрамя прымушэння людзей. Папярэджваю ўсіх — міліцыю, санслужбы і іншых. У нас няма заканадаўчых асноў, і Прэзідэнт не прымаў такога рашэння, каб прымушаць людзей. Але прасіць іх трэба», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка разам з гэтым адзначыў, што ў шэрагу выпадкаў было б нядрэнна, калі б людзі насілі маскі. Напрыклад, у гандлёвых кропках, у транспарце.

Што датычыцца знаходжання на адкрытым паветры, кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў гэтым выпадку няма ніякай неабходнасці насіць маску.

Паводле слоў Прэзідэнта, асноўныя групы насельніцтва, якім трэба сёння ўдзяліць увагу ў плане вакцынацыі — гэта людзі пажылога ўзросту і цяжарныя жанчыны.

У цэлым жа Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць пастарацца захаваць звычайны лад жыцця людзей. У гэтым пытанні ён чарговы раз нагадаў аб неабходнасці падтрымліваць здаровы лад жыцця, што ў тым ліку дапамагае процістаяць вірусам і іншым хваробам.

Аб інтэрнеце, як полі  бою

Кіраўнік дзяржавы  звярнуў увагу на тое, што інтэрнет стаў полем бою ў палітычных мэтах. «Калі пасяліліся і жывяце ў інтэрнэце, гасподзь з вамі. Тут вам не дапаможа ніякі «Рэмдэсівір» (процівірусны прэпарат. — Заўвага БЕЛТА). Вы ж разумееце, што інтэрнэт стаў палітычным полем бойкі, бою. Калі вы там жывяце, там седзіце, толку не будзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу ўдзельнікаў нарады на вельмі сур’ёзнае пытанне — выкарыстанне чарговага ўздыму захворваемасці на каранавірусную інфекцыю для эканамічнага і палітычнага аслаблення асобных краін.

«Эканамічная вайна ідзе ў сусветным маштабе. І самыя слабыя дзяржавы эканамічна могуць загінуць. З майго пункту гледжання, хутчэй за ўсё, загінуць», — лічыць Прэзідэнт.

Акрамя таго, вялікую насцярожанасць кіраўніка дзяржавы выклікае выкарыстанне тэматыкі захваральнасці на COVID-19 у палітычных мэтах. «Кавід у першае прышэсце, вы памятаеце, выкарыстоўваўся палітычна, і мы якраз падпалі пад гэта — у нас была электаральная кампанія. Самым галоўным трыгерам быў кавід. Каму гэта незразумела? Пачынаецца палітычны шантаж і выкарыстанне вось у гэту хвалю. І нам пажадана хутчэй прайсці і вытрымаць у гэты складаны час», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў цяперашняй сітуацыі з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі не бачыць ніякай катастрофы і падзяляе асцярожны аптымізм спецыялістаў на месцах, якія гавораць аб намечаным некаторым зніжэнні тэмпаў захворваемасці..

Не адмяняць аказанне планавай меддапамогі

«Вельмі важнае пытанне, на якое я хацеў звярнуць увагу. Зусім нядаўна Міністэрства аховы здароўя паведаміла аб тым, што спынены планавыя агляды. Дык вось, Аляксандр Мікалаевіч (памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец. — Заўвага БЕЛТА), вам як памочніку даручэнне: разам з Міністэрствам аховы здароўя неадкладна падрыхтаваць план мерапрыемстваў, каб не было адмены ніякіх планавых аглядаў. Я ведаю, у што гэта выліваецца, па першай хвалі, — даручыў кіраўнік дзяржавы. — Таму вы першы, Піневіч — другі. Урачы, чыноўнікі ад аховы здароўя, якія сядзяць тут, — у паліклінікі і прымайце людзей. Вядзіце дыспансерызацыю».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі размова ідзе аб некаторых відах рэабілітацыі, напрыклад, неабходнасці распрацоўваць ногі або рукі, то ў цяперашніх умовах гэта, магчыма, трэба рабіць і ў дамашніх умовах пры ўдзеле сваякоў. «А там, дзе трэба кансультаваць людзей і праводзіць планавыя аперацыі, нават планавыя кансультацыі, мне план на стол. Ніякай адмены планавых маніпуляцый, аперацый, кансультацый быць не павінна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Не нажывацца на здароўі людзей

На нарадзе старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў далажыў аб шэрагу негатыўных выпадкаў. Напрыклад, кошт кіслароду ў залежнасці ад вобласці ўзрастае ў 2-5 разоў. Вялікая колькасць грошай траціцца на транспарціроўку. «У Гродзенскай вобласці 12 медустаноў працавалі праз іпэшніка, які нічога не рабіў. У яго не было ні транспарту, ні спецыялістаў. Проста паклаў 500 тысяч у кішэню. Такія факты цяпер выкрываюцца. Узбуджаны крымінальныя справы і па іншых абласцях», — адзначыў кіраўнік КДК.

Ёсць негатыўныя факты і ў адносінах да тэхнічнага абслугоўвання апаратаў, калі кошт такіх паслуг таксама адрозніваецца ў залежнасці ад вобласці ў 2-7 разоў.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым даў канкрэтнае даручэнне: «Калі вы бачыце, што нехта паклаў у кішэню, як вы сказалі, 500 тысяч або мільён рублёў, дык вы дастаньце. У вас дастаткова паўнамоцтваў. Павыварочвайце кішэні».

Рэгіянальныя штабы павінны  рэагаваць на сітуацыю з COVID-19

Такія штабы былі арганізаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў лістападзе 2020 года. Адказнымі за іх работу былі вызначаны губернатары і памочнікі Прэзідэнта, а ў складзе штабоў — лепшыя ўрачы-інфекцыяністы, прадстаўнікі медыцынскай навукі, іншыя спецыялісты. «Гэта людзі, якім я не толькі давяраю, але гэта добрыя спецыялісты», — ахарактарызаваў рэгіянальныя штабы Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу, што цяпер штабы па рэагаванні на сітуацыю з COVID-19 не задзейнічаны на поўную моц. Паводле яго слоў, менавіта профільныя спецыялісты штабоў адказваюць за прыняцце неабходных мер у процідзеянні каранавірусу, а потым ужо губернатары. «Чаму? Таму што функцыі і ролі зусім іншыя. Вы — спецыялісты. Вы ведаеце, як лячыць, — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да спецыялістаў рэгіянальных штабоў. — Вы павінны пракантраляваць, дзе чаго не хапае».

Прэзідэнт таксама адзначыў, што не павінны заставацца ў баку ад вырашэння надзённых праблем і ўпаўнаважаныя кіраўніка дзяржавы, і яго памочнікі, якія працуюць у абласцях.

Аб задачах урачоў, апаратах ШВЛ і лякарствах

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады па эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне даў шэраг даручэнняў чыноўнікам, якія датычацца мер, што прымаюцца па барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі.

«Нягледзячы на мой строгі тон, давайце дамовімся — урачы павінны лячыць людзей. Паўтараю тое, што я вам гаварыў у першую кавідную хвалю. Нікуды іх адцягваць не трэба, тыпу бегаць па горадзе і глядзець, адзелі маскі ці не адзелі, — гэта таксама не ваша справа, не адцягвайце ўвагу на гэта», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што нядаўна даручыў міністру замежных спраў звязацца з кіраўніцтвам Індыі і дамовіцца аб набыцці дадатковых партый процівірусных прэпаратаў.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, часам у СМІ можна прачытаць матэрыялы аб праблемах з забеспячэннем раённых бальніц апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх.

«Я хачу, каб людзі разумелі: мы не можам у кожную раённую бальніцу паставіць 10-12 апаратаў ШВЛ. Таму што яны не патрэбны будуць там, калі пройдзе гэты кавід. Я гаварыў аб тым, што гэта нятанна. Па-другое, іх вельмі складана цяпер набыць: там усё ўжо распісана. Недзе штук 15 мы яшчэ атрымаем да канца года, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але пытанне не ў гэтым. Калі тут на 100 працэнтаў загружаны апараты ШВЛ, а ў суседнім раёне з 10 толькі 2, дык чаму туды на машыне хуткай дапамогі за 40 кіламетраў не перакінуць чалавека? Страху тут абсалютна ніякага няма. Гэта наша пытанне, як лячыць чалавека, таму людзі павінны разумець становішча, якое сёння складваецца».

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў міністра аховы здароўя, што працягласць знаходжання пацыентаў у стацыянары будзе ўзята на асаблівы кантроль.

«У нас выразна выбудавана сістэма. Назіраем на амбулаторным лячэнні: сімптомы, тэмпература, закашляўся, страціў смак і іншае. Шпіталізуем пры пэўных паказчыках. Лечым. Пайшла нармальная дынаміка, выздараўлівае чалавек і можна не капаць і іншае — дадому. Не трэба па 7-10 дзён трымаць людзей, якія не маюць патрэбы ў такой працяглай шпіталізацыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падагульніў, што ў бліжэйшы час мае намер наведаць некалькі ўстаноў аховы здароўя: «Буду глядзець менавіта гэтыя праблемныя бальніцы, праблемныя раёны, як там працуюць урачы і як Міністэрства аховы здароўя, упаўнаважаныя на месцах спраўляюцца з гэтымі праблемамі».

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *