Родная мова – скарб жыцця

Общество

На працягу дваццаці гадоў 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята асабліва важнае для кожнай нацыі, бо няма народа без мовы, як няма і мовы без яе носьбіта.

– Сёння, на жаль, рэдка пачуеш родную беларускую мову. Нямногія ўжываюць яе ў сваім акружэнні, ды і мала хто свабодна валодае ёю, – адзначае настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №2 Святлана Антановіч. – Перад намі, настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры, стаіць задача зацікавіць вучняў родным словам, навучыць іх дасканала валодаць ім, рабіць усё магчымае, каб наша мова не знікла, бо яна самая звонкая, прыгожая, мудрая, цудоўная, яна наша, матчына. Беларуская мова лічыцца другой у свеце па мілагучнасці пасля італьянскай. Заўсёды кажу вучням, што ведаць, размаўляць на роднай мове – модна, бо не ўсім гэта дадзена.
Святлана Тадэвушаўна пераканана, што толькі шчырай, адданай любоўю да роднага слова, уласным прыкладам можна зацікавіць вучняў роднай мовай. Яе ўрокі беларускай мовы і літаратуры арыентаваны не на засваенне гатовых ведаў, а на іх самастойнае адкрыццё, развіццё творчых здольнасцей і пазнавальнай дзейнасці. Настаўніца стараецца, каб яе вучні ўдзельнічалі ў літаратурных мерапрыемствах, конкурсах чытальнікаў. Часта на ўроках дзеці з настаўніцай разам складаюць вершы, сінквейны, пішуць сачыненні, маленькія апавяданні, прыдумваюць розныя неверагодныя гісторыі.
Вучаніца 11 класа Паліна Свердзел займаецца беларускай мовай на павышаным узроўні. Дзяўчына – удзельніца раённых алімпіяд, конкурсу сачыненняў «Мы – нашчадкі Перамогі», рэспубліканскага конкурсу эсэ «Мы ў адказе за Перамогу», прысвечаных 75-годдзю Вялікай Перамогі.
– Беларуская мова – родная і вельмі мне блізкая, – расказала Паліна. – Яна жыве са мной. На ёй размаўляюць мае дзядулі і бабулі, бацькі. Я таксама стараюся ўжываць беларускую мову ў паўсядзённым жыцці. У віктарынах па мове пачала ўдзельнічаць ужо ў пачатковай школе. Потым былі алімпіяды, творчыя конкурсы. Штосьці, на мой погляд, атрымоўвалася нядрэнна. Зараз вучуся ў 11 класе. Шмат часу аддаю падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Пры паступленні буду здаваць у тым ліку і беларускую мову. Калі ёсць вольная хвілінка, чытаю творы беларускіх пісьменнікаў, спрабую пісаць сачыненні і вершы.
Для інтэрнет-конкурсу літаратурных работ «АЗБУКа пачуццяў» Паліна Свердзел склала верш «Мары юнацтва».

Лагодныя, цёплыя ветры
Прынеслі вясну на палі.
Пушыстыя кветкі на вербы
Паселі, нібыта чмялі.
Паводка раку ўздымае,
І крышыць ільдзіны яна.
І радасць да сэрца гукае,
Бо маю я крылы сама.
Узляцець хачу высока ў неба,
Як той жаўрук у сіняве.
Душы не шмат чаго і трэба,
Каб толькі верылі ў яе.
А маладосць сваё дакажа,
Ісці наперад – шчасце мне.
Заўсёды быць патрэбнай важна,
Як тое сонца ў сіняве.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *