Животноводы спешат взять «большое молоко»

Актуально Экономика

Пашавы перыяд заўсёды звязаны з разлікам на павелічэнне валавага надою малака. І надзеі спраўджваюцца: у ААТ “Баліны” сярэднесутачны надой складае 11,5 тоны, ад жывёлы атрымліваюць 16,5 кілаграма малака – 111% да аналагічнага перыяду мінулага года. Звыш 80% яго – сортам “экстра”.

Пашавы перыяд распачалі 10 мая. На зялёныя кармы перавялі ўвесь дойны статак – а гэта 694 галавы. Прычым на пашах знаходзяцца не толькі каровы, але і нецелі, сухастойная жывёла. Сфарміравана 4 гурты, якія ўтрымліваюцца на кругласутачным выпасе.
Персанал забяспечаны ўсім неабходным інструментам і прыладамі. Арганізавана водапаенне, устаноўлены электрапастухі, створаны неабходныя ўмовы для работы.
Ва ўрочышчы Чурылава ўтрымліваюцца 210 галоў пад наглядам пастухоў Валерыя Зайцава і Васіля Казачонка. За статкам замацаваны слесар-трактарыст Мікалай Парцянкін. Каровы на трохразовым даенні. За суткі жывёлаводы атрымліваюць 3,5 тоны малака. Яно дастаўляецца ў халадзільныя ўстаноўкі, два разы на дзень прадукцыю забірае масласырзавод.
– Статак абслугоўваюць тры даяркі: дзве асноўныя і адна падменная, – расказвае галоўны заатэхнік Святлана Казачонак. – Працоўная дысцыпліна даярак, як і даглядчыкаў жывёлы, на належным узроўні. Прыкладам для астатніх у гаспадарцы з’яўляюцца аператары Алена Баравая, Юлія Краміч, Таццяна і Наталля Капусцёнак.


Два разы на дзень на поле прыязджае асемянатар Алена Ружанцова, на кожнай дойцы прысутнічае галоўны заатэхнік Святлана Казачонак. Дапамагаюць ветурачы Бігосаўскай участковай ветлячэбніцы Вольга Канюшэўская і Карына Чувахова, групы масласырзавода.
У гаспадарцы добра разуме-юць, што лета – час “вялікага” малака. Ад стараннасці і руплівасці кожнага ў значнай ступені залежаць вынікі работы ўсяго калектыву.
– Стараемся вытрымліваць тэхналогію, забеспячваць жывёлу свежай вадой, соллю, канцэнтратамі, своечасова змяняць участкі выпасу, – гаворыць Святлана Мікалаеўна. – Перад жывёлаводамі стаіць задача не толькі дасягнуць леташніх паказчыкаў, але і перавысіць іх. Таму працаўнікі выконваюць усе патрабаванні.
Пашавы перыяд таксама – магчымасць адрамантаваць і рэканструяваць фермы, правесці санітарныя мерапрыемствы ў памяшканнях, дзе ўтрымліваецца жывёла. На сённяшні дзень жывёлагадоўчыя памяшканні МТФ “Баліны” і “Марозы” амаль поўнасцю падрыхтаваны да зімне-стойлавага перыяду.
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *