На Верхнядзвінскіх зажынках зрабілі прагноз на добры ураджай

Актуально Жизнь сельских Советов

На полі ААТ «Сакалоўшчына» адбылося раённае свята «Зажынкі». Яно дало старт уборачнай кампаніі на Верхнядзвіншчыне.
Ураджай выспеў шчодры – трэба ўбраць яго хутка і без страт!

У абрадавым народным свяце прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Васіль Шылаў, першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Аляксей Гарбуль, намеснікі старшыні Наталля Дзямешка і Сяргей Валковіч, а таксама кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, зацікаўленых службаў і ведамстваў. Верхнядзвінскія зажынкі наведаў старшыня пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўчук.
Народны абрад «Зажынкі» ў раёне падтрымліваюць з года ў год. Нягледзячы на тое, што сучасны працэс уборкі хлеба поўнасцю механізаваны, па абраду першымі ў поле выйшлі жнеі і сярпом зрэзалі саспелыя каласы. Распачалі жніво аграномы Анжэліка Коўшаль з сынам Паўлам з ААТ «Сакалоўшчына», Таццяна Сабалеўская з унучкай Улянкай з ААТ «Антонава-Агра» і Дар’я Мароз з дачкой Улянкай з КУВСГП «Дрысенскі». Снапы новага ўраджаю з рук жней прынялі В.М. Шылаў, М.М. Шаўчук і А.В. Гарбуль. Сувенірныя снапы ўручаны таксама кіраўнікам сельгас-прадпрыемстваў. Ім павязалі залатыя паясочкі з духмянай пшаніцы «на сілу, здароўе і добрую памяць».
Па традыцыі гаспадары поля тройчы падкінулі снапы ўгару, загадваючы пры гэтым жаданне аб вялікім ураджаі. А ён сёлета на палях ёсць. Аб гэтым гаварыў старшыня райвыканкама В.М. Шылаў.

 

– Па атрыманых папярэдніх выніках можна ўпэўнена сказаць, што дзякуючы агульнай працы ўраджай у гэтым годзе сфарміраваны намнога вышэй за ўзровень мінулага. Трэба прыкласці максімум намаганняў, каб хлеб быў убраны своечасова і без страт, – зазначыў кіраўнік.
Сёлета неабходна ўбраць 23 тысячы гектараў зерневых і зернебабовых. Гэта ў сярэднім на 10% больш, чым у папярэднія гады.
Аляксей Гарбуль нагадаў прысутным, што ўборка ўраджаю – адказны перыяд. Дакладнае выкананне ўсіх тэхналагічных працэсаў, спраўнасць тэхнікі і баявы дух удзельнікаў жніва – важныя складнікі паспяховай работы на палях.
Перад вялікай і адказнай справай аграрыі прасілі Божага благаслаў-лення. Святары айцец Уладзімір і айцец Часлаў узнеслі малітву і асвяцілі снапочкі.
Асобая пашана – галоўным героям жніва. Лепшым камбайнерам уручаны падарункі, у іх адрас гучалі словы падтрымкі і пажадання ўдалай працы.
Хлебаробы і госці прымалі караваі з мукі сёлетняга ўраджаю як сімвал дабрабыту, павагі і ўдзячнасці да працы на зямлі. А гаспадару поля – дырэктару ААТ «Сакалоўшчына» Уладзіміру Корсуну – давялося нават «патаптаць» поле – выканаць польку з самадзейнымі артыстамі.
Незабыўнае і самабытнае свята падарылі ўдзельнікі творчых калектываў РЦКНТ, сельскіх Дамоў культуры з Сакалоўшчыны і Антонава.
Уборачная кампанія – галоўны экзамен для аграрыяў. На гэты час прыпадае вялікі комплекс работ: трэба не толькі ўбраць зерневыя, але і салому з палёў, узараць глебу і падрыхтаваць плошчы пад сяўбу крыжакветкавых, азімых зерневых і правесці іншыя работы. У жнівеньскі прыпар неабходна поўная мабілізацыя ўсіх сіл. Аб гэтым гаварылася на семінары-нарадзе, які адбыўся пасля зажынак.
Старшыня райвыканкама В.М. Шылаў і начальнік райсельгасхарчу А.В. Гарбуль засяродзілі ўвагу прысутных на тонкасцях аграрнай справы, тэхналогіях і дэталях, а таксама асаблівасцях фарміравання ўраджаю 2021 года.
– Ужо сёння мы павінны планаваць аб’ём работ на будучы год, – сказаў Васіль Мікалаевіч, – узнімаць больш высокую планку. Каб закласці моцную аснову на будучае, стаўку трэба рабіць на азімыя культуры. У структуры зерневых яны павінны складаць больш 60%. Трэба задаволіць патрэбы жывёлагадоўлі – гэта наша грашовая падтрымка ў зімні перыяд, выканаць дзяржзаказ і забяспечыць гаспадаркі насеннем у поўным аб’ёме.

 

Як рэалізаваць задачы, падрабязна расказалі спецыялісты райсельгасхарчу.
Аб гатоўнасці гаспадарак да ўборкі і тэхнічным стане машын і абсталявання праінфарміравалі намеснік начальніка аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці А.А. Сіманаў і галоўны дзяржінспектар па надзоры за тэхнічным станам машын і абсталявання В.У. Болдак. Галоўны спецыяліст аддзела вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі М.П. Губанава засяродзіла ўвагу на аплаце працы, а таксама эканоміі паліўных рэсурсаў. Намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве – начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці Н.І. Кароткая расказала аб перспектыўных гатунках насення, стане спраў на хлебным і кармавым полі раёна.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А.У. Зуй адзначыла, што шмат увагі будзе надавацца пытанням забяспечанасці аграрыяў гарачым харчаваннем і пітной вадой, спецадзеннем, стварэнню належных умоў працы і выкананню патрабаванняў аховы і бяспекі працы.
Падставіць плячо аграрыям падчас прыпару абяцаў дырэктар Верхнядзвінскага масласырзавода В.І. Губанаў. Механізаваны атрад завода аснашчаны неабходнай тэхнікай і прафесійнымі кадрамі і гатовы плённа працаваць на палях.
Зрабіць усё магчымае, каб убраць хлеб хутка і якасна – на гэта сёння нацэлены не толькі аграрыі раёна, але ўсе яго жыхары. Бітва за хлеб – справа агульная. А з такім рашучым настроем вынік не прымусіць сябе доўга чакаць. У добры шлях, жніво!
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *