«Жывыя ўрокі памяці» праводзяць на Верхнядзвіншчыне

Актуально Память

«За Перамогу ты жыццём ахвяравала. Ратуючы сяброў, сябе не ўратавала»

Такія радкі значацца на помніку ў вёсцы Навікі, дзе пахавана невядомая савецкая медсястра.

Падчас патрыятычнай акцыі «Шляхамі памяці», прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі, да помніка наведаліся су-працоўнікі Бігосаўскага сельскага Дома культуры сумесна з вучнямі Бігосаўскай сярэдняй школы. У сувязі з эпідсітуацыяй у веласіпеднае падарожжа адправіліся невялікай групай.
Да помніка ўсклалі кветкі. Дзесяцікласніца Вераніка Казак падрыхтавала паведамленне аб вайне, а культработнікі дапоўнілі яе расказ гіста-рычнымі фактамі пра вызваленне Бігосаўшчыны.


Пасля вызвалення Полацка 4 ліпеня савецкія войскі працягвалі рашучы наступ на захад. Баі на тэрыторыі нашага раёна доўжыліся 18 дзён. Самыя жорскія з іх адбываліся на рубяжах рэк Дрыса, Вужыца, Сар’янка і на вышынях Асвейскай марэннай грады, дзе гітлераўцы стварылі моцныя абарончыя рубяжы.
Горад Дрыса быў вызвалены 12 ліпеня, але ўжо за 7 кіламетраў на захад, а таксама пад Асвеяй немцы трымаліся яшчэ 5 дзён. Дзеля прарыву на гэтых рубяжах у распараджэнне Першага Прыбалтыйскага фронта, які вызваляў наш край, з Невеля былі накіраваны ў дапамогу наступоўцам танкавыя войскі. Менавіта яны ажыццявілі прарыў варожых умацаванняў. Відавочцы расказвалі, што пасля жорскай бітвы на Сар’янцы ў раёне Вусця танкі ішлі на захад рэшткамі чалавечых целаў на гусеніцах.
Услед за танкістамі рушылі сапёры і стралковыя дывізіі. Менш чым за суткі пасля прарыву на Сар’янцы вораг быў прагнаны з нашай зямлі.
У баях за вызваленне Верхнядзвіншчыны палегла ка-ля трох тысяч савецкіх воінаў. Самае вялікае пахаванне на Бігосаўшчыне – брацкая магіла ў в. Вопытная, дзе пахаваны салдаты і афіцэры, якія памерлі ад ран у шпіталі, што размяшчаўся ў гэтай вёсцы.
З журналаў уліку незваротных страт вынікае, што першасныя пахаванні былі таксама ў Стаклах, Цынгелях, Маразах, Кавалеўшчыне, Плігаўках і Навіках. Год праз дзесяць пасля вызвалення была праведзена акцыя перапахавання загінулых савецкіх воінаў у буйныя брацкія магілы. Тая акцыя не заўсёды магла быць выканана дакладна, але на сённяшні дзень усе імёны загінулых на Бігосаўшчыне запісаны на помніку ў в. Вопытная.
Магіла, да якой прыехалі ўдзельнікі акцыі, з’яўляецца выключэннем. Імя і якія-небудзь іншыя звесткі пра пахаваную ў ёй ваенную медсястру дагэтуль невядомыя. Але народная памяць захавала ўспамін пра дзяўчыну, якая аддала сваё жыццё за Перамогу.
У адрозненне ад іншых магіл, ад якіх пасля акцыі перапахавання не засталося і знаку, гэта збераглася, дзякуючы клопату людзей. Стэла была пастаўлена гадоў 15 таму па ініцыятыве працаўнікоў групы па стварэнні Верхнядзвінскага раённага музея, якую ўзначальваў Мікалай Нікіценка, і Таварыства па ахове помнікаў на чале з Людмілай Гагалінскай. Двухрадкоўе на помніку напісаў Антон Францавіч Бубала. Паводле прадстаўленых ім звестак быў падрыхтаваны і сцэнарый мерапрыемства.
Пачутае і ўбачанае не пакінула раўнадушным нікога: падлеткі з ахвотай узгадалі сваіх продкаў – ім знайшлося, што расказать, бо вайна закранула амаль кожную сям’ю.
Гаварыць маладому пакаленню аб вайне можна па-рознаму: дэманструючы адпаведныя філь-мы, прапануючы літаратуру, але, напэўна, самымі карыснымі і запамінальнымі з’яўляюцца менавіта такія сустрэчы на шляхах памяці. І гэтае падарожжа, арганізаванае, каб пазнаёміць моладзь з гісторыяй роднага краю, ушанаваць памяць тых, хто загінуў у той жорсткай вайне, безумоўна, пакіне незабыўны след у іх памяці. А веласіпедныя падарожжы абавязкова яшчэ не раз паклічуць у дарогу.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *