Як гэта было. Святкаванне юбілеяў Перамогі ў 80-90-я гады

75 Великой Победы Актуально Наш край

Працягваем расказ аб тым, як верхнядзвінцы адзначалі юбілеі Перамогі ў папярэднія дзесяцігоддзі паводле публікацый раённай газеты.

1980-я гады
У гэты час святкаванне знамянальнай падзеі набыло ў раёне новыя формы. Разам з традыцыйнымі мітынгам, шэсцем па вуліцах горада і канцэртам у парку пачалі практыкаваць папулярныя ў гледачоў гістарычныя рэканструкцыі. На Юбілейнай плошчы з’явіліся інсцэніроўкі подзвігу герояў Брэсцкай крэпасці, маладагвардзейцаў, трагедый вогненных вёсак, франтавыя бліндажы, партызанскія зямлянкі, інсталяцыі пасляваеннага адраджэння. Як правіла, усе яны былі перасоўнымі: дэманстраваліся на грузавых машынах, якія рушылі перад гледачамі.


І 35-гадовую, і 40-гадовую гадавіны Перамогі адзначалі з вялікім размахам і пры перапоўненых вуліцах. Людзі заўсёды любілі гэта «свята са слязамі на вачах» і не прапускалі магчымасці падзякаваць ветэранам за іх неўміручы подзвіг і паўдзельнічаць у маштабных мерапрыемствах. У першых радах да помнікаў героям у гарадскім скверы ішлі ветэраны вайны. «Раёнка» піша аб камандзіры І Дрысенскай партызанскай брыгады А. Грыгор’еве, партызанскім камандзіры С. Казачонку, сваімі ўспамінамі аб баявым мінулым дзеліцца былы франтавік Р. Рыц.
На гарадской плошчы землякоў вітае і віншуе са святам першы сакратар райкома КПБ А.П. Каваленка. Работнікі культуры прапанавалі гледачам канцэрт. Неўзабаве канцэрты сталі ладзіцца ў новым памяшканні РДК, якое, дарэчы, узводзілася ў райцэнтры ў 80-я гады метадам «народнай будоўлі» – на аб’екце працавалі ўсе арганізацыі. Удзел у святкаванні прымаюць дзеці, якія выступаюць на плошчы з вялікім прадстаўленнем, якое сёння назвалі б флешмобам. А тады гэта былі літаратурна-музычныя і харэаграфічныя кампазіцыі.


1990-я гады
Святкаванне 45-й гадавіны Перамогі прыпала на нялёгкі перабудовачны час, калі рушыўся Савецкі Саюз, а з ім многія ранейшыя каштоўнасці. Але на адносіны да вялікага свята ніякія палітычныя аспекты не паўплывалі. Наадварот, здаецца, што заваёвы народа ў Вялікай Айчыннай вайне набылі асабліва каштоўны сэнс і аб’ядналі людзей у захаванні лепшых традыцый. Раённая газета расказвае аб тым, што на Юбілейнай плошчы, дзе пачыналася святочнае дзейства, сабраліся сотні гараджан і гасцей Верхнядзвінска. Тут была прадстаўлена тэатралізаваная кампазіцыя «Памяць», якая зноў жа з дапамогай гістарычных рэканструкцый расказвала аб барацьбе беларускага народа з ворагам ад пачатку вайны да Вялікай Перамогі. Перад гледачамі ўвачавідку паўставалі сцэны расстання з радзімай, дарога на фронт, абарона рубяжоў Айчыны, партызанскі быт, цяжкія будні тылу, радасць пераможнай вясны…


На мітынгу ля помніка ў гарадскім скверы верхня-дзвінцаў павіншавалі са святам першы сакратар райкома КПБ У.П. Андрэйчанка і старшыня райвыканкама Д.Д. Вішнеўскі. Ад імя ветэранаў вайны выступіў былы партызан В.А. Паўлюкевіч. Бадай, упершыню слова было прадастаўлена былому воіну-інтэрнацыяналісту. Да перабудовы нават упамінаць у друку аб афганскай вайне было забаронена. Супрацоўнік райваенкамата Б.М. Лісіцын, якому давялося ваяваць у Афганістане, адзначыў, што подзвіг салдат Вялікай Айчыннай быў прыкладам для воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Адметна, што да юбілею Перамогі ў Верхнядзвінску былі прымеркаваны многія мерапрыемствы. Напрыклад, у СШ №2 адбыўся фестываль дружбы школьнай моладзі, на які прыехалі госці з Себежа (Расія), Зілупе і Ліванаў (Латвія), а яшчэ – з Малдавіі і Украіны! Гасцей віталі другі сакратар райкома КПБ І.С. Марачкоўская, дырэктар школы Р.П. Масяйчонак і завуч Л.А. Міронава. Школьнікі ўсклалі кветкі да помнікаў воінскай славы, а затым сустрэліся з настаўнікамі раёна, сярод якіх былі ветэраны вайны і працы. У праграме фестывалю былі экскурсія па школьным музеі і канцэрт.


Да 50-годдзя Перамогі ў 1995 годзе газета выпусціла спецыяльны нумар з расказам аб воінах-земляках і сённяшнім дні раёна. Святкаванне праходзіла традыцыйна. Але асаблівасцю стала маштабная культурная праграма з выступленнямі воінаў-пагранічнікаў і борка-віцкіх музыкаў на плошчы, тэатралізаванай праграмай ля помнікаў у скверы, вялікім тэматычным канцэртам творчых калектываў раёна ў гарадскім парку. Адбыўся і святочны салют, падчас якога ў неба ўзнялося воблака каляровых шароў.
С. Аляксандрава.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *