Нарада па сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях

Общество

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць магчымасць хуткага аднаўлення ў нацыянальнай эканоміцы пасля спаду, выкліканага закрыццём краін і сусветных рынкаў ва ўмовах пандэміі. Аб гэтым ён заявіў 25 мая на нарадзе ў Мінску па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апошнім часам асаблівая ўвага ўдзялялася эканоміцы і лячэнню людзей у сувязі з пандэміяй. «У сувязі з той істэрыяй, якая разгарнулася ў СМІ, налажыла вельмі моцны адбітак на людзей і праз людзей на эканоміку, кіраўнікамі дзяржаў усёй планеты былі прыняты сур’ёзныя рашэнні аб закрыцці краін (чытай – закрыцці эканомікі)», – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.


Адпаведная абстаноўка, у тым ліку ў асноўных партнёраў Беларусі, не магла не паўплываць і на эканамічнае развіццё яе самой. «Эканоміка ў нас экспартна арыентаваная. Таму адбыўся пэўны спад эканомікі, хоць прымальны для нас спад. Цярпіма, – заявіў беларускі лідар. – Гэта сведчыць аб тым, што калі адкрыццё краін будзе больш інтэнсіўным, чым цяпер (а працэс пачаўся ўжо, яго ўжо ніхто не спыніць, таму што людзі абурыліся, яны не хочуць сядзець у ізаляцыі), то мы зможам хутка аднавіць сваю эканоміку».
Больш таго, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нават у цяперашняй сітуацыі многія галіны, такія як сельская гаспадарка, будаўніцтва, ІТ- сектар і шэраг іншых, даюць добры прырост. «Пытанне будзе з прамысловасцю. Таму што не маглі купіць камплектуючыя (усё, што было, мы зрасходавалі). І, зразумела, прадаць не маглі сваю прадукцыю. Але нарыхтавана нямала гатовай прадукцыі, якая пачала ўжо распрадавацца. Гэта добры сігнал на будучыню», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнцкія выбары неабходна арганізаваць дастойна
«Мы павінны арганізаваць гэтыя выбары дастойна. Не таму, што я хачу такім пушыстым выглядаць. Справа ў тым, што нам не трэба дрэнна арганізоўваць выбары. Людзі нас бачаць пастаянна. Мы не выскачылі з-пад плінтуса нечакана, як многія. Недзе былі — бах, цяпер павылазілі ўсе і абяцаюць з верталёта па Беларусі раскідваць грошы», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Мы гэта праходзілі. Грошы трэба ў Беларусі зарабляць цяжкай працай, іншага не дадзена. Больш будзеш працаваць – больш заробіш. З верталёта ніхто не скіне», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб працэсе збору подпісаў, Прэзідэнт адзначыў, што колькасць кандыдатаў залежыць толькі ад саміх грамадзян. «Нават калі ўсе 15 будуць кандыдатамі, ну і што, людзі так вырашылі. А на выбарах усе вызначацца, за каго галасаваць, як галасаваць», – адзначыў беларускі лідар.
Да выбараў плануецца сфарміраваць новы склад урада
«Мы заўсёды пасля рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты дзеючага Прэзідэнта аб’яўлялі новы склад урада. Да выбараў. Гэта было прынцыповае пытанне, каб людзі бачылі, з кім мы будзем працаваць. А не тое, што выбары прайшлі, за цябе прагаласавалі, а там сваякоў, любімых і іншых панапіхаў у гэты ўрад. Таму нам трэба падрыхтаваць новы склад урада, вырашыць пытанне па форме, як будзе фарміравацца новы ўрад да выбараў – або сам у адстаўку падае, або Прэзідэнт адпраўляе ў адстаўку. Трэба аб гэтым падумаць, але каб людзі разумелі, што мы ад гэтага прынцыпу не адыходзім. Да прэзідэнцкіх выбараў будзе сфарміраваны практычна канчатковы склад урада», – заявіў беларускі лідар.
«Мы здаём экзамен народу»
Прэзідэнт даручыў прааналізаваць пытанні, з якімі звяртаюцца людзі пры зборы подпісаў. «Прызнаюся сумленна, што, нягледзячы на тое, што я ўвогуле кантралюю сітуацыю ў краіне (мне дакладваюць і аб тым, як ідзе гэты палітычны перадвыбарны працэс), але неяк адышоў я ад перадвыбарнай кампаніі, таму што не да гэтага было. Вы ўсе бачылі, што было шмат праблем, якія мы павінны былі вырашаць. Іх будзе нямала. І цяжка будзе мне ўключыцца ў гэты перадвыбарны працэс. Хоць я думаю аб тым, што любая наша работа – гэта і ёсць перадвыбарны працэс», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенкі і старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай, Прэзідэнт папрасіў давесці да ўсіх службовых асоб наступны пасыл, аб чым ужо раней гаварылася:
«Мы здаём экзамен. Экзамен народу. І не толькі я. Але ўсе мы, уся дзяржаўная сістэма ўлады. І мы павінны паказаць сваю здольнасць кіраваць дзяржавай. Людзі павінны зрабіць адпаведныя вывады».
«На фінішы заўсёды трэба бегчы хутчэй. Таму трэба дастойна правесці гэты фінішны этап пяцігодкі. Так, каб людзі разумелі, з кім яны маюць справу, і маглі параўнаць нашы прапановы з прапановамі нашых альтэрнатыўных кандыдатаў. Наколькі я ведаю, 15 груп збіраюць подпісы, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – На сённяшні дзень, мяне інфармуюць, у прынцыпе мы подпісаў сабралі дастатковую колькасць – каля 200 тыс. Але спыняцца не трэба».
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ў працэсе збору подпісаў ёсць магчымасць лепш даведацца аб праблемах, якія існуюць у грамадстве. «Таму што калі прыходзіш да чалавека і просіш, каб ён падпісаў гэты ліст за дзеючага Прэзідэнта, мы ж з ім размаўляем», – адзначыў ён.
«Так, ёсць недзе пытанні сельскага Савета – агароджу адрамантаваць, дах паправіць слабаму чалавеку. Ёсць пытанні раённага, абласнога ўзроўню. А ёсць пытанні і нашага ўзроўню. І здаючы гэты палітычны экзамен, мы павінны вырашыць гэтыя пытанні», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Мы проста бераглі людзей»
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што лічыць цяперашні час цяжкім нават не па прычыне пандэміі і распаўсюджвання хваробы, а таму, што з усіх бакоў у гэтай сітуацыі аказваўся моцны націск. «І гэта трэба было вытрымаць. Людзі ж розныя. Усё зразумела – у нас жорсткая ўлада, Прэзідэнт сказаў – усё зроблена, выканана. Тым не менш, мы ж (нічога. – Заўвага БЕЛТА) не забаранялі. Мы проста бераглі людзей, лячылі іх і гэтак далей. Таму людзі па-рознаму сябе паводзілі, але ў цэлым нядрэнна. Тым не менш, націск быў вельмі сур’ёзны».
«Калі, я часта кажу гэта апошні месяц, і далей так пойдзе, то будзем лічыць, што мы справіліся з божай дапамогай з гэтым захворваннем. Пачалося гэта з Віцебска. Віцебск ужо канстатуе факт, што яны ўнізе па захваральнасці. Сведчаннем таго з’яўляецца, што мы бальніцы пачалі зачышчаць, вымываць – тыя, якія рыхтавалі як рэзерв для каранавіруса», – заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, аналагічная сітуацыя назіраецца і ў Мінску. «На плато ўжо знаходзімся, паводле заяў урачоў». Аляксандр Лукашэнка адзначыў стабілізацыю захваральнасці і нават некаторае зніжэнне ў Мінскай вобласці. Нядрэнная абстаноўка і ў Магілёўскай вобласці. «Калі так, то ў нас застануцца толькі дзве вобласці – Брэсцкая і Гомельская, – якія мы павінны кантраляваць. Яны пазней за ўсіх увайшлі ў гэты працэс, і спецыялісты гавораць аб тым, што яны пазней за ўсіх і выйдуць, на тыдзень недзе», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што ў штодзённым рэжыме, раніцай і вечарам, цікавіцца адпаведнымі пытаннямі і праблемамі. «Ложкаў дастаткова. Цяжкіх менш стала. Відаць, вірус усё ж такі аслабеў ужо, вірулентнасць яго ўжо не тая. Дай бог, каб не тая. Але пры гэтым мы павінны трымаць у галаве другую хвалю. Ніхто не даказаў, што яна будзе, але мы павінны да гэтага рыхтавацца. І ніхто не ведае, калі яна прыйдзе. Калі зімой і восенню, то дай бог, каб мы сур’ёзна змаглі падрыхтавацца да гэтага. А, можа, гэта бяда нас мінуе. Тым не менш, расслабляцца нельга», – падкрэсліў беларускі лідар.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *