Верхнядзвінцы адраджаюць традыцыі калядавання

Культура Наш край

На календары – святкі, якія працягваюцца ад Ражства да Вадохрышча. А ў народзе наступіў самы вясёлы час – Каляды.
З асаблівым каларытам святкуюць іх на Верхнядзвіншчыне.Традыцыі продкаў захоўвае народны вакальна-харэаграфічны калектыў «Ярыца». За час свайго існавання «Ярыца» адрадзіла шмат старадаўніх абрадаў, амаль забытых песень. Пад кіраўніцтвам Маі Рубель удзельнікі калектыву пішуць культурны летапіс роднага краю, абапіраючыся на старадаўнія звычаі і ўспаміны старажылаў.
Сёлета ўдзельнікі калектыву падрыхтавалі цікавую і незабыўную праграму. Каляду з задавальненнем сустракалі і шчодра прымалі на парозе гаспадары. Бо ў народзе ведаюць, што калядоўшчыкі прыносяць у хату шчасце і дастатак.


У гурце не менш 10 персанажаў: пражэрлівая Каза абяцала гаспадарам багацце і дабрабыт; да слёз смяшыў пародыямі і жартамі цыганскі табар; свае ролі цудоўна вялі Конь, Мядзведзь, Доктар і нават сімвал года – Пацук. Каляднае дзейства таленавіта выканалі Уладзіслава Сава, Вера Новікава, Юлія Парфёнава, Анрыка Урбан, Кацярына Шалонька, Алена Грэцкая, Анжэла Ткачова, Алеся Літвінава. Калядаванне праходзіла пад гукі гармоніка, які «спяваў» ва ўмелых руках Маі Рубель. Каб перадаць традыцыі маладому пакаленню, да дарослых далучылі дзяцей, якія, жадаючы дабрабыту, абсыпалі гаспадароў зернем.
Тэатралізаванае прадстаўленне «Калядныя дзівосы» для маленькіх гледачоў падрыхтавалі артысты РЦКНТ. Яно адбылося ў «Лясной казцы», дзе разам з казачнымі персанажамі дзеці вадзілі карагоды, спявалі беларускія песні, удзельнічалі ў народных гульнях і забавах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *