Тэма тыдня

Жизнь сельских Советов Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 студзеня правёў нараду, на якой былі разгледжаны чарговыя прапановы па выпраўленні сітуацыі ў аграпрамысловым комплексе Віцебскай вобласці. Праблемныя пытанні АПК Віцебскай вобласці ўжо абмяркоўваліся на ўзроўні кіраўніка дзяржавы ў лістападзе, тады былі дадзены даручэнні для выпраўлення сітуацыі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе работнікі прадпрыемстваў АПК у Ві-цебскай вобласці, ад радавых супрацоўнікаў да кіраўнікоў, па-вінны працаваць з максімальным напружаннем. «Папярэдзьце іх, што калі дзяржава зробіць адпаведныя крокі ім насустрач, то ім давядзецца працаваць з раніцы да ночы, каб не толькі вярнуць даўгі, якія ў іх назбіраліся, але і вывесці свае прадпрыемствы на бясстратную работу», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым, арыентуючы людзей на інтэнсіўную работу, неабходна ў безумоўным парадку забяспечыць ім дастойную заработную плату. «Людзей, вядома, трэба прымусіць працаваць у Віцебскай вобласці, як і ў іншых абласцях, — тых, хто яшчэ не зразумеў, што трэба напружвацца і працаваць. Але не трэба забываць, што, калі вы напружваеце людзей, вы ім своечасова павінны плаціць нармальную заработную плату, – падкрэсліў беларускі лідар. – Як гэта праблема вырашаецца ў вашых планах? Чым разлічваеце не толькі ўтрымаць людзей у вёсцы, але і прыцягваць новых высакакласных спецыялістаў?»
«Наколькі эфектыўныя меры, што прапануюцца? Ці здольны яны рэальна палепшыць сітуацыю і зрабіць работу аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці ўстойлівай? А галоўнае – ці атрымалася ва ўрада і Віцебскага аблвыканкама выпрацаваць універсальныя меры, якія можна прымяняць у іншых рэгіёнах краіны? – абазначыў кола пытанняў кіраўнік дзяржавы. – Калі мы пойдзем на абнаўленне арганізацыйнай сферы АПК вобласці, то дзе возьмем спецыялістаў? Ці ёсць яны ў вас?».

Як паведамлялася, праблемныя аспекты работы аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці абмяркоўваліся на нарадзе, якую Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 22 лістапада ў Віцебску. Тады разглядалася прапанова стварыць у вобласці супербуйны холдынг, аднак кіраўнік дзяржавы запатрабаваў «ісці ад зямлі» і разумна развіваць ужо існуючыя інтэграцыйныя структуры.
«Слухайце маё рашэнне: холдынгі, якія вы стварылі, будуць існаваць. Я не супраць, што будзеце пашыраць іх тэрытарыяльна за кошт гаспадарак. Гаспадаркі гэтыя захоўваюць сваю эканамічную плацежаздольнасць. Больш атрымаў – тваё, менш – нічога не будзе. Арганізацыйна, дысцыплінарна, хоць у турму іх саджай – тых, хто дрэнна працуюць. Па даўгах вырашым пытанне. Вышэй за іх (існуючыя інтэграцыйныя структуры-холдынгі. – Заўвага БЕЛТА) ніякіх надбудоў не будзе. На гэтым этапе нічога не будзе», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў разгледзець магчымасць прыватызацыі і продажу інвестарам тых гаспадарак, якія не могуць самастойна эфектыўна працаваць.
«Размовы пра спісанне даўгоў быць не можа»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў наладзіць эфектыўную работу прадпрыемстваў АПК Віцебскай вобласці, запэўніўшы, што спісання даўгоў для іх не будзе.
«Размовы пра спісанне даўгоў быць не можа, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Што вінен, аддаць павінен. Вярніце даўгі. Размова можа ісці толькі аб тым, што мы вам дадзім нейкую аддушыну, каб вы маглі схапіць свежага паветра».
Кіраўнік дзяржавы паўтарыў сваё патрабаванне аб тым, што сельскую гаспадарку Віцебскай вобласці трэба істотна мадэрнізаваць.
«Мадэрнізацыя павінна быць па галоўным напрамку: што будзем вырошчваць у Віцебскай вобласці – зоне не проста рызыкоўнага, а крытычнага земляробства?» – адзначыў ён. З улікам асаблівасцей рэгіёна, у многіх раёнах неэфектыўна, напрыклад, вырошчванне кукурузы на зерне, іншых культур, таму канцэнтравацца неабходна на вытворчасці малака і мяса.
«Галоўнае, што зроблена правільна ў Віцебскай вобласці, – мы пайшлі ад патрэбнасцей перапрацоўшчыкаў, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Уключылі ў холдынгі калгасы і саўгасы. Калі ласка, дайце нам малако і мяса. Калі яны не разумеюць, колькі, давядзіце да іх, як у савецкія часы, заданні, планы, прагнозы, што хочаце, але давядзіце да іх тыя аб’ёмы, якія яны павінны выдаць перапрацоўчым прадпрыемствам, і няхай выконваюць. Планы павінны быць напружанымі настолькі, каб забяспечыць сваю гаспадарчую дзейнасць і вярнуць даўгі».
Павінны быць тэхналагічная дыктатура і дысцыпліна
Прэзідэнт папярэдзіў, што не трэба разлічваць толькі на фінансавую падтрымку прадпрыемстваў з боку дзяржавы. Нават пры яе наяўнасці не ўдасца вырашыць многія праблемы, калі не навесці парадак і дысцыпліну.
«Прывядзіце ў парадак тое, што ёсць: базу, машынныя двары, комплексы, збожжатакі, фермы. Прымусьце людзей своечасова прыходзіць і ісці з работы і выконваць свае функцыянальныя абавязкі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю з падзяжом жывёлы. Асноўная адказнасць за гібель жывёлы – на работніках прадпрыемстваў. «Гэта нікуды не варта, што мы 92 тыс. галоў жывёлы загубілі ў цэлым па краіне!» – сказаў Прэзідэнт.
«Сёння павінна быць самая жорсткая тэхналагічная дыктатура і дысцыпліна, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – У гэтым годзе подзвігі будзем здзяйсняць з тымі людзьмі, якія ў нас ёсць, і на той базе, якая ў нас створана ў Віцебскай вобласці».
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што калі кожны на сваім месцы будзе адказна працаваць і клапаціцца аб эфектыўнасці свайго прадпрыемства, то і ў цэлым сітуацыя ў краіне будзе паспяховай.
Падставіць плячо для забеспячэння жыллём маладых аграрыяў
Забеспячэнне людзей жыллём кіраўнік дзяржавы назваў важнейшым пытаннем. На яго думку, трэба вярнуцца да практыкі будаўніцтва дамоў у аграгарадках.
«У вас усюды ёсць аграгарадкі. У гэтых аграгарадках для кожнага спецыяліста – для пачатку галоўнага – павінен быць пабудаваны дом», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Будаўніцтвам такога жылля мог бы заняцца філіял Шклоўскага завода газетнай паперы «Домабудаванне», лічыць Аляксандр Лукашэнка. «Вось тут мы плячо падставім. Але гэта павінна быць жыллё па месцы – у аграгарадку», – падкрэсліў ён.
У якасці іншых мер падтрымкі маладых аграрыяў таксама прапаноўвалася замяніць ім тэрміновую ваенную службу на службу ў рэзерве. Кіраўнік дзяржавы ў цэлым падтрымаў гэту ідэю, але даручыў дэталёва прапрацаваць гэта пытанне. Акрамя таго, размова ішла аб фінансавым стымуляванні маладых спецыялістаў. Прэзідэнт падкрэсліў, што зарплата ў гэтай сферы павінна быць дастойнай, аднак, паводле яго слоў, рэспубліканскі і абласны бюджэты не трэба перагружаць стварэннем новых фондаў падтрымкі, як гэта прапаноўвалася.
Віцебскую вобласць трэба разварушыць
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць указ, які павінен пасадзейнічаць развіццю аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці. Адпаведную задачу ён паставіў, падводзячы вынікі нарады аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай работы АПК рэгіёна.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што цяпер Віцебскую вобласць «трэба разварушыць». Указ, які павінен пасадзейнічаць развіццю яе аграпрамысловага комплексу, Прэзідэнт даручыў дапрацаваць у бліжэйшыя пару тыдняў.
Як расказаў журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы, канцэпцыя ўказа закладзена ў назве дакумента – у развіцці АПК Віцебскай вобласці, і яна застанецца ранейшай.
Паводле слоў Мікалая Шарснёва, асноўнай мэтай указа з’яўляецца вызваленне сельскагаспадарчых арганізацый ад даўгоў, якія збіраліся дзесяцігоддзямі, каб палепшыць іх плацежаздольнасць, сканцэнтраваць у адной структуры і абслугоўваць іх на працягу таго часу, які будзе вызначаны ўказам у выглядзе адтэрміноўкі і растэрміноўкі.
Указ будзе таксама рэгуляваць асобныя аспекты работы сыравінных зон. «Адметная рыса ствараемых сыравінных зон у тым, што перапрацоўчае прадпрыемства павінна не толькі разлічвацца за сыравіну, пастаўленую з сельгасарганізацыі, але і перамясціць частку дабаўленай вартасці, якую атрымлівае, у развіццё гэтай сельгасарганізацыі. За кожным прамысловым прадпрыемствам будзе замацавана прыкладна 20-30 сельскагаспадарчых арганізацый», – расказаў Мікалай Шарснёў.
На яго думку, такія меры дадуць магчымасць стварыць больш спрыяльныя ўмовы для арганізацый АПК, павялічыць колькасць пастаўляемай сыравіны і тым самым загрузіць перапрацоўчыя прадпрыемствы, узмацніць эканамічны эфект іх работы. Указ закране дзейнасць 159 арганізацый Віцебскай вобласці, з якіх 130 – гэта сельскагаспадарчыя.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *