Тэма тыдня

Тема недели

тема

УМАЦОЎВАЦЬ ДВУХБАКОВАЕ ЎЗАЕМАДЗЕЯННЕ.

Беларусь і Расія маюць намер прадоўжыць умацаванне двухбаковага ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках. Такая дамоўленасць дасягнута ў час сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, якая адбылася ў Сочы.
У прыватнасці, лідары дзвюх дзяржаў падрабязна разгледзелі парадак дня намечанага на люты пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета.
Уладзімір Пуцін падкрэсліў важнасць перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі напярэдадні пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета. «Вельмі рады вас бачыць, — сказаў расійскі лідар. — Нам ёсць аб чым пагаварыць».
Прэзідэнт Расіі прапанаваў пагаварыць «наконт бягучых двухбаковых спраў і аб рэгіянальных пытаннях, а таксама аб сумесных намаганнях па ўмацаванні інтэграцыйных працэсаў».
Акрамя таго, на перагаворах Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін закранулі пытанні міжнароднага парадку дня, тэму міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі.

ЯК СПАЖЫЎЦУ ЎБЕРАГЧЫСЯ АД НЕБЯСПЕЧНАГА ІМПАРТУ

Пакупнік заўсёды можа запатрабаваць у прадаўца ўсе дакументы, якія суправаджаюць тавар, падкрэсліў намеснік міністра аховы здароўя — галоўны санітарны ўрач Беларусі Ігар Гаеўскі на брыфінгу «Пацвярджэнне адпаведнасці тэхрэгламенту МС тавараў легпрама, рэалізуемых ІП на рынках» у прэс-цэнтры БЕЛТА.
«Калі спажывец купляе тавар, ён заўсёды можа пацікавіцца ўсімі дакументамі, якія гэты тавар суправаджаюць. Вядома, часам гэта выклікае агрэсію ў прадаўца, я сам пакупнік і бачу такія выпадкі, але мы павінны разам выхоўваць прадаўцоў», — адзначыў ён.
Ігар Гаеўскі падкрэсліў, што калі тавар імпартны, то адназначна можна папрасіць гігіенічнае заключэнне. «Калі прадавец пачне ўхіляцца ад гэтага пытання, шумець і скандаліць, звярніцеся ў нашу сістэму, мы выедзем і разбяромся», — канстатаваў ён.
Ігар Гаеўскі таксама расказаў, што з 97 партый прадукцыі, якую спынілі з-за таго, што яна не адпавядае паказчыкам бяспекі, было 48 партый посуду. «Вы рыхтуеце на ім ежу, а з яго можа выдзяляцца нейкая гадасць, якую вы потым ужываеце. А праз некаторы час звяртаецеся па медыцынскую дапамогу. Ёсць вельмі шмат скрытых рызык. Для гэтага і існуе працэдура гігіенічнай экспертызы, каб выявіць іх і выкараніць», — рэзюмаваў ён.

ГРОШЫ ЗА ДАПАМОГУ Ў БАРАЦЬБЕ З КАРУПЦЫЯЙ

Грамадзяне будуць атрымліваць грошы за дапамогу ў барацьбе з карупцыяй, гаворыцца ў пастанове Савета Міністраў нумар 101 ад 5 лютага 2016 года, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.
Калі размова ідзе аб цяжкім або асабліва цяжкім злачынстве, то выплачваецца да 50 базавых велічынь, менш цяжкім — да 30 базавых. «Праводзяцца выплаты кампенсацыйнага характару да 10 базавых велічынь на аснове дакументаў, якія пацвярджаюць зробленыя фізічнай асобай расходы», — адзначаецца ў дакуменце. Выплата назначаецца пракуратурай на падставе хадайніцтва органа крымінальнага праследавання пры прыняцці рашэння па крымінальнай справе, што паступіла для накіравання ў суд і ў некаторых іншых выпадках.

ЗАКУПКА Ў ЛЕГАЛЬНЫХ АПТАВІКОЎ ПАЗБАВІЦЬ ІП АД НЕАБХОДНАСЦІ ПАЦВЯРДЖЭННЯ
БЯСПЕКІ ТАВАРАЎ

Закупка тавараў у легальных аптовых арганізацый пазбавіць індывідуальных прадпрымальнікаў ад неабходнасці пацвярджэння бяспекі тавараў. Аб гэтым гаворыцца ў прэс-рэлізе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі, падрыхтаваным да брыфінгу ў БЕЛТА на тэму пацвярджэння адпаведнасці тэхрэгламенту МС тавараў лёгкай прамысловасці, што рэалізуюцца ІП на рынках.
«Трэба адзначыць, што ІП могуць наогул быць пазбаўлены ад правядзення сертыфікацыі або дэкларавання адпаведнасці тавараў лёгкай прамысловасці. Для гэтага неабходна закупляць тавар у легальна працуючых аптовых арганізацый як у Беларусі, так і ў іншых краінах ЕАЭС, якія маюць неабходныя дэкларацыі аб адпаведнасці і сертыфікаты адпаведнасці на тавар», — адзначылі ў Дзяржстандарце.
«Арганізацыі Дзяржстандарту аказваюць ІП кансультацыі, прадастаўляюць ім неабходныя растлумачэнні. І гэта работа будзе прадаўжацца», — сказалі ў ведамстве.

ПРАПАНОВЫ ПА ЗНІЖЭННІ ШТРАФНЫХ САНКЦЫЙ ДА ІП ЗНАХОДЗЯЦЦА НА ЎЗГАДНЕННІ

Прапановы па зніжэнні штрафных санкцый да ІП за парушэнні патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза знаходзяцца на ўзгадненні. Аб гэтым гаворыцца ў прэс-рэлізе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі, падрыхтаваным да брыфінгу ў БЕЛТА на тэму пацвярджэння адпаведнасці рэгламенту МС тавараў легпрама, што рэалізуюцца ІП на рынках.
«Дзяржстандартам сумесна з Мінгандлем, Міністэрствам аховы здароўя рыхтуецца шэраг рашэнняў па ўвядзенні электроннага дэкларавання адпаведнасці, спосабаў дэманстрацыі ў рознічным гандлі наяўнасці на тавар дакументаў аб бяспецы, прадугледжаных ТР МС. Дзяржстандарт таксама падрыхтаваў і накіраваў у зацікаўленыя органы (Міністэрства аховы здароўя, Мінгандаль, Мінсельгасхарч, МНС, Мінэканомікі) прапановы па пераглядзе памераў штрафных санкцый да ІП за парушэнні патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў саюза. Абагульненыя матэрыялы знаходзяцца на ўзгадненні ў Мінюсце. У далейшым будуць накіраваны ў Савет Міністраў», — паведамілі ў Дзяржстандарце.
У плане кантрольнай дзейнасці на I паўгоддзе 2016 года не прадугледжана правядзенне ў ІП, якія рэалізуюць прадукцыю лёгкай прамысловасці на рынках, кірмашах, у гандлёвых цэнтрах, праверак адпаведнасці гэтай прадукцыі патрабаванням ТР МС 017/2011 (за выключэннем праверак па скаргах і зваротах грамадзян).

ЗОЛАТАВАЛЮТНЫЯ РЭЗЕРВЫ БЕЛАРУСІ СКАРАЦІЛІСЯ

Па выніках студзеня золатавалютныя рэзервы Беларусі ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднага валютнага фонду скараціліся на $149 млн і, паводле папярэдніх даных, на 1 лютага склалі $4 млрд 26,8 млн. Аб гэтым сведчаць статыстычныя даныя Нацыянальнага банка Беларусі.
У нацыянальным вызначэнні аб’ём золатавалютных рэзерваў зменшыўся на $192 млн і на 1 лютага склаў $4 млрд 275,7 млн у эквіваленце.
На зніжэнне аб’ёму золатавалютных рэзерваў паўплывала пагашэнне ўрадам і Нацыянальным банкам Беларусі знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце ў поўным аб’ёме.
Падтрыманню золатавалютных рэзерваў седзейнічалі паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам Беларусі аблігацый, намініраваных у замежнай валюце, павелічэнне кошту золата на міжнародным рынку каштоўных металаў, а таксама паступленні ад спагнання экспартных пошлін на нафтапрадукты.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *