Верхнядзвінскі касцёл адзначае 210-гадовы юбілей

Актуально Духовность

З нагоды 210-гадовага юбілею Верхнядзвінскага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў гасцях рэдакцыі пробашч парафіі айцец Аляксандр Грыцкевіч.

– Ксёндз Аляксандр, сёння Верхнядзвінскі касцёл адзначае свой 210-гадовы юбілей. Што азначае такая дата ў жыцці святыні?
– Калі разглядаць касцёл толькі як архітэктурную пабудову, то 210 год – гэта не так і шмат. Мы з вамі добра ведаем архітэктурныя помнікі на тэрыторыі Беларусі значна ранейшага перыяду, напрыклад, велічныя храмы віленскага барока ці позняй готыкі.
А вось калі ўяўляць касцёл як Святыню Духа Святога і супольнасць выбранага Богам народа, то для парафіі ў Верхнядзвінску гэта важная дата. Чарговы юбілей пацвярджае, што карані каталіцкай веры на нашых землях вельмі глыбокія. Больш таго, яны вельмі трывалыя, бо якія б выпрабаванні на працягу гісторыі не перажываў бы наш касцёл, ён заўсёды адраджаўся. Памятаючы словы Хрыста, што нават брамы пякельныя не змогуць перамагчы Касцёл Божы, нашыя людзі на працягу гісторыі баранілі веру, адбудоўвалі касцёл і адраджалі парафію ў Верхнядзвінску. І кожны юбілей, які мы святкуем, прыпамінае нам пра моц і велічнасць нашай веры.
– Аб чым сведчыць гісторыя касцёла ад яго ўзнікнення да нашых часоў?
– Гісторыя касцёла ў нашай Бацькаўшчыне, і асабліва на Верхнядзвіншчыне, сведчыць, што на Беларусі Бог жыве. У мінулыя часы па волі Божай на гэтыя землі прыйшлі першыя місіянеры, якія неслі людзям святло веры і на-дзею на жыццё вечнае. Вялікі ўплыў на станаўленне хрысціянства ў нашым краі аказаў старажытны Полацк. Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, святая Еўфрасіння Полацкая былі тымі першымі іскрамі, праз якія Бог выпраменьваў веру ў сэрцах нашых продкаў. Асаблівы росквіт касцёла прыпадае на часы Вялікага Княства Літоўскага. Манаскія ордэны: дамінікане, францішкане, езуіты – прынеслі нашым людзям не толькі рэлігійную адукацыю, але культуру і асвету.
Манахі ордэна святога Дамініка прычыніліся таксама і да гісторыі нашага касцёла, які на пачатку свайго існавання быў філіяй Забельскага кляштара дамініканаў. Паўстанні 1830-1831 і 1863-1864 гадоў сведчаць, што нашыя продкі баранілі не толькі незалежнасць сваёй дзяржавы, але і сваю веру. Першая сусветная вайна, Кастрычніцкая рэвалюцыя, Другая сусветная вайна і перыяд савецкага атэізму сталі найвялікшымі выпрабаваннямі веры для нашага народа. Але з распадам Савецкага Саюза касцёл на нашых землях, нібыта птушка фенікс, адрадзіўся зноў. Верай пачалі напаўняцца спустошаныя сэрцы людзей, падманутых атэістычнай ідэалогіяй. І сёння з вуснаў каталіцкай моладзі гучыць радасны вокліч: «На Беларусі Бог жыве!».
– Апошняе трыцца-цігоддзе можна назваць перыядам адраджэння веры на нашай зямлі. Што ўдалося зрабіць у святыні за гэты час?
– Зноў жа, у першую чаргу, разглядаю святыню як супольнасць веруючых, а ўжо потым як будынак. І галоўнае – гэта тое, што адрадзілася парафія, людзі прыйшлі ў касцёл. Спачатку нясмела, памятаючы, як небяспечна было публічна вызнаваць сваю веру ў савецкія часы. Потым усё адважней і адважней. Верхнядзвінскаму касцёлу пашчасціла са святарамі, якія сталі сапраўднымі духоўнымі пастырамі для сваіх «рассеяных авечак».
Ад 1990 года пастырскую службу тут неслі выбітныя пробашчы: Стэфан Пракурат, Уладас Пятрайціс, Клаўдзіюш Прызмант, Томаш Юньчык, Тадэуш Кавальскі. Дзякуючы гэтым святарам адбываліся ўсе знешнія і ўнутраныя духоўныя змены ў нашым касцёле. Божае Слова прапаведвалася адкрыта і гучна. Удзяляліся Святыя Сакрамэнты, асабліва шматлікімі былі хросты як дзяцей, так і дарослых. Людзі, якія часам па некалькі дзесяцігоддзяў не былі ў споведзі, нарэшце маглі ачысціць сваю душу ад грахоў. Паступова вярталася свядомасць таго, што сумеснае жыццё без касцёльнага шлюбу – гэта вялікі грэх. На пахаванні пачалі клікаць святара. Людзі гарнуліся да Бога, а Бог саграваў іх зледзянелыя сэрцы.
Паступова адбудоўваўся і прыгажэў гмах нашага касцёла: рабіліся знешнія і ўнутраныя рамонты, аднаўляліся алтары, была падцягнута вежа, пабудавалі плябанію. З цягам часу тэрыторыя вакол касцёла набывала абрысы «батанічнага саду» і вабіла жыхароў горада ўтульнасцю і прыгажосцю. Дзякуючы ахвярнасці нашых вернікаў у апошнія гады былі знешне пафарбаваны касцёл і плябанія, заменена на каваную агароджа, усталяваны крыж у мікрараёне. Ёсць яшчэ шмат планаў па ўпрыгожванні нашай святыні і навакольнай тэрыторыі. Хацелася б выканаць і даўнюю мару былога пробашча а. Томаша Юньчыка – усталяваць на вежы званы. Спадзяюся, з Божай дапамогай усё здзейсніцца.
– Хто, на Ваш погляд, унёс найбольшы ўклад ва ўмацаванне касцёла ў Верхнядзвінску?
– Безумоўна, гэта – парафіяне. Найперш тыя, якіх зараз ужо няма з намі. Тыя, хто дабіваўся перадачы касцёла вернікам, хто ездзіў нават у Маскву з просьбай вярнуць святыню католікам. Хто ахвяроўваў свае сродкі, сілы і час на адбудову і рамонты. Хто моцна верыў, што каталіцкаму касцёлу ў Верхнядзвінску быць і прыкладаў для гэтага ўсе свае намаганні. Веру ў тое, што Бог шчодра ўзнагародзіць іх у Нябесным Валадарстве.
Але і без сваіх святароў наўрад ці было б зроблена так шмат. Менавіта духоўныя пастыры абуджалі, узмацнялі і накіроўвалі ўзнёслыя імпульсы адраджэння. Таму святары, асабліва браты капуцыны, заслугоўваюць вялікай падзякі за сваю службу ў Верхнядзвінскай парафіі.
– Юбілей касцёла супаў з Вашым “прафесійным” святам – нядаўна Вы адзначылі 10-годдзе святарскай службы. Амаль палову гэтага часу працуеце ў Верхнядзвінску. Як ацэньваеце гэты перыяд, што ўдалося зрабіць і якія планы на будучыню?
– Так, ужо 10 год як 25 ліпеня 2009 года я прыняў святарскае пасвячэнне з рук Яго Эксцэленцыі ксяндза біскупа Уладзіслава Бліна. Цяжка аб’ектыўна ацэньваць свае заслугі і дасягненні. Найлепш пра гэта трэба спытаць вернікаў нашай парафіі. Адзінае, што магу сказаць, як мне здаецца, узровень жыцця касцёла не знізіў. Бог і Маці Божая кіруюць і апякуюцца нашай парафіяй – гэта адчувальна і бачна. А святар – гэта толькі той “вослік”, на якім едзе Хрыстос, як любіў казаць біскуп Уладзіслаў Блін. І калі ён паслухмяны, то Хрыстос заўсёды будзе ў патрэбным месцы і ў патрэбны час.
Што тычыцца планаў, то іх шмат, як і ў кожнага маладога святара. Але бацькі выхавалі мяне так, што трэба спачатку зрабіць, а потым казаць, а не наадварот. Думаю, што ўсе мары і задумы, згодныя з Божай воляй, будуць паступова здзяйсняцца ў свой час, і жыхары нашага горада гэта ўбачаць. За што ўжо зараз хачу падзякаваць Богу, дык гэта за велічны крыж, які ўсталяваны замест драўлянага ў мікрараёне Верхнядзвінска.
– Як будзе адзначацца 210-гадовы юбілей Верхнядзвінскага касцёла?
– Праграма ўрачыстасцяў складае своеасаблівы трыдыум святкавання.
Распачынаем у пятніцу, 6 верасня, ад адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта і вігілійнай святой Імшы Нараджэння Дзевы Марыі. Падчас выстаўлення будзе магчымасць споведзі.
Галоўныя мерапрыемствы пройдуць у субботу, 7 верасня. У 14.00 збіраемся на пасвячэнне крыжа ў мікрараёне, якое здзейсніць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Потым працэсійна пойдзем у касцёл, дзе а пятнаццатай гадзіне адбудзецца ўрачыстая святая Імша. Пасля вернікаў і гасцей чакае канцэрт гурта “Laudans” з Мінска.
8 верасня ў 10.00 будзе цэлебравацца святая Імша ў інтэнцыі падзякі за 10 год майго святарства, а пасля ўсіх чакае салодкі стол. Калі будзе дазваляць надвор’е, то вечарам маю намер яшчэ сабрацца з парафіянамі на “вогнішча”.
– Што пажадаеце ў асаблівую дату касцёлу і яго парафіянам?
– У першую чаргу, жадаю быць вернымі Богу, не змарнаваць сваёй каталіцкай ідэнтычнасці і перадаць святую традыцыю нашчадкам. Моцна стаяць у абароне веры перад спакусамі гэтага свету, памятаючы, што наша сапраўдная Айчына ў небе, а зямное жыццё – гэта пілігрымка да Божага Валадарства.
Жадаю, каб нашыя сем’і мацнелі ўзаемным каханнем, вернасцю ў выпрабаваннях, пяшчотай і павагай да дзяцей і старэйшых. Бо толькі тая сям’я, якая будуе сваю будучыню на моцным падмурку веры, будзе сапраўды шчаслівай.
Жадаю, каб нашыя парафіяне ўзрасталі не толькі колькасна, але найперш “якасна”. Каб вучыліся любіць Бога і бліжняга, шанаваць сваю годнасць і паважаць іншага чалавека, як свайго брата ў Хрысце.
І, нарэшце, каб з гонарам казалі: “Я з Верхнядзвінска, дзе касцёл стаіць ужо больш за 200 гадоў, і ў гэтым касцёле Бог жыве!”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *