Тэма тыдня

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ. Удзельнікамі «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» сталі больш за 200 чалавек. У іх ліку не толькі журналісты, але палітолагі, эканамісты, работнікі рэальнага сектара эканомікі, прадстаўнікі розных грамадскіх аб’яднанняў і канфесій.

Сустрэча працягвалася амаль сем з палавінай гадзін. Кіраўнік дзяржавы адказаў на некалькі дзясяткаў пытанняў, якія датычыліся шырокага спектра тэм. Аляксандр Лукашэнка падрабязна расказаў аб прыярытэтах унутранай і знешняй палітыкі нашай краіны, пракаменціраваў узаемаадносіны з Расіяй, Кітаем, краінамі СНД і іншымі дзяржавамі. Вельмі адкрыта і падрабязна Прэзідэнт выказаўся наконт праблем у эканоміцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сацыяльнай сферы, звярнуўшы асаблівую ўвагу на меры, якія прымаюцца для іх вырашэння.

У Расіі няма намераў паглынуць Беларусь

«Ніякіх замашак збоку, прынамсі, Прэзідэнта Расіі, што Беларусь трэба інкарпарыраваць або ўключыць у склад Расіі, я ні разу не чуў, нават настрою такога не было. Няма ніякіх намераў у велізарнай краіны паглынуць Беларусь», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што за час, які прайшоў пасля распаду Савецкага Саюза, вырасла пакаленне, якое прывыкла жыць у незалежнай дзяржаве. «Калі сёння вынесці пытанне на рэферэндум у Беларусі аб аб’яднанні дзвюх дзяржаў і, як многія ў Расіі кажуць, аб уключэнні Беларусі ў склад Расіі, 98 працэнтаў прагаласуюць супраць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Не таму, што ў нас грамадства настроена супраць Расіі. Вырасла новае пакаленне, ды і старое зразумела, што мы можам жыць і супрацоўнічаць зусім у іншай форме, як родныя, блізкія. І беларусы сёння хочуць быць разам з Расіяй, але жыць у сваёй кватэры. Што ў гэтым дрэннага?»

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што расіяне ў сваю чаргу абсалютна не баяцца любых інтэграцыйных структур і «гатовы хоць заўтра да аб’яднання». «Я жартам гавару, вось давайце ў склад Беларусі ўключым Расію. Думаеце, што, калі б мы сур’ёзна паставілі гэта пытанне, расіяне былі б супраць? Не. А чаго ім баяцца?» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што расійскі бок, на жаль, не заўсёды гатовы прытрымлівацца прынцыпу раўнапраўя ў пабудове саюзніцкіх адносін.

Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што ў Саюзнай дзяржаве створаны органы кіравання — Вышэйшы дзяржсавет саюзнай дзяржавы, саюзны Саўмін, парламент — і вырашэнне многіх праблем знаходзіцца ў іх кампетэнцыі. «Існуюць пэўныя органы, якія валодаюць вялікімі паўнамоцтвамі для вырашэння пытанняў. Давай пытанні, якія сёння хвалююць людзей, вырашаць на Вышэйшым дзяржсавеце», — сказаў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што рабіць гэта трэба крок за крокам, удумліва, без спешкі.

Беларусі і Расіі неабходна быць разам

«Я быў, як мяне ў Расіі называюць, галоўным ініцыятарам нашага саюза. Я заўсёды гаварыў ў Расіі і тут, што лёс у нас такі — жыць разам. Азіраючыся назад, гляджу наперад на тых, хто нас акружае, якую яны палітыку праводзяць. Яна аднолькавая, што ў адносінах да Расіі, што ў адносінах да Беларусі. Формы толькі розныя. Таму нам неабходна быць разам», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь і Расія — не толькі дзве родныя краіны, краіны звязаны эканамічна. «Ведаеце, калі я вызначаўся на заранку нашай незалежнасці, з кім быць і як быць, у многім лёс нашай дзяржавы і маю палітыку прадвызначыла тое, што мы не толькі як людзі завязаны адзін на адным, мы родныя. Але пад гэта ўвесь эканамічны базіс быў падведзены. Наша эканоміка была фінішнай высокатэхналагічнай вытворчасцю, і мы пералапачвалі празмерна вялікую колькасць рэсурсаў, камплектуючых і іншае з Расійскай Федэрацыі перш за ўсё. Потым усё гэта ішло на экспарт. У тым ліку і два нафтаперапрацоўчыя заводы, якія былі пабудаваны менавіта для перапрацоўкі нафты і прапіхвання гатовых нафтапрадуктаў на вельмі прэміяльны еўрапейскі рынак. Мне трэба было захаваць, аднавіць гэтыя заводы, каб людзі працавалі, атрымлівалі хоць нейкую заработную плату і кармілі свае сем’і. Многія фактары мяне падштурхнулі да таго, каб мы мелі вось такія цесныя саюзніцкія адносіны з нашай братэрскай Расіяй», — адзначыў ён.

Беларусь ніколі нахлебнікам у Расіі і не будзе

«Перастаньце нас абвінавачваць у нахлебніцтве. Мы ў вас ніколі не былі нахлебнікамі і не будзем. Калі народ гэта чуе, асабліва я, самалюбівы чалавек, мне не хочацца ніякіх саюзаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, Расія выдала Беларусі крэдыт на будаўніцтва атамнай электрастанцыі пад 4,8 працэнта, а В’етнаму — менш за 3 працэнты, Арменіі — таксама менш за 3 працэнты. «Чаму? — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. — Вось нядаўна мы вярнулі Грэфу (старшыня праўлення Ашчаднага банка Расіі. — Заўвага БЕЛТА) крэдыт, які выдалі пад паручыцельства «Беларуськалія» пад 9 працэнтаў на суму амаль $600 млн. Мы спрабавалі дамовіцца: час прайшоў, працэнты ўпалі. Давайце дамовімся на тых умовах, як нам «ворагі» нашы заходнія крэдыты выдаюць — пад 2 працэнты, або КНР — таксама пад 2 працэнты. Нам адмовілі, тады я даручыў ураду неадкладна адшукаць сродкі, аж да золатавалютных рэзерваў, і вярнуць банку гэтыя грошы».

«Што банк выйграў? Ён размяшчаў, атрымліваў працэнты. Вы выдалі нам крэдыт і кожны дзень гаворыце, што мы далі крэдыты гэтым нахлебнікам. Дык мы $1 млрд у год плацім па ўсіх працэнтах. Амерыканцы даюць Расіі $10 млн за тыя $200 млрд ці колькі, якія вы там захоўваеце. І потым, пад які працэнт Расія ў Амерыцы трымае свае мільярды долараў? Менш як 1 працэнт», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«За якое пытанне ні вазьміся, куды ні кінь — усюды клін. І спецыялісты, і кіраўніцтва нашай краіны гэта ведаюць, але мы не паглыбляем народ у гэта. Гэта нашы пытанні, мы павінны іх вырашаць, але вырашаць іх трэба, яны ляжаць на паверхні», — прадоўжыў ён.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Сочы Прэзідэнт Расіі пачаў гаварыць, што краіна дапамагае Беларусі крэдытамі, адзначыўшы пры гэтым, што праблем з выплатамі па працэнтах няма, у Беларусі вельмі дысцыплінаваныя і абавязковыя ў выкананні сваіх абавязацельстваў людзі. «Так усюды, асабліва па грашах. І я быў вымушаны сказаць: паколькі мы фінішная вытворчасць, на прадпрыемствах, з якімі ў Расіі завязана наша эканоміка, працуе больш за 10 млн чалавек, а з сем’ямі — больш за 40 млн. Таму, падтрымліваючы канечнага вытворцу, а для вас эканоміка Беларусі — гэта канечны вытворца, вы падтрымліваеце і свае прадпрыемствы. Так нават вашы лібералы гавораць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ураду Расіі трэба перастаць лабіраваць алігархічныя кланы

Кіраўнік дзяржавы прывёў факт, што былы міністр сельскай гаспадаркі Расіі Аляксандр Ткачоў з’яўляецца адным са значных сельскагаспадарчых баронаў Расійскай Федэрацыі. «У мяне з ім добрыя адносіны, амаль сяброўскія, але я гавару, гэты факт усім вядомы. І вы думаеце, што ён прапусціць наш цукар, па якасці лепшы, на тэрыторыю Расіі, калі за апошні год ён 7 ці 10 заводаў дадаткова скупіў і вырабляў гэты цукар?» — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, людзі ведаюць, што беларускі цукар добры, якасны, прадпрыемствы мадэрнізаваны, сертыфікаваны, у тым ліку для паставак у Расію. «Але ён разумее (Аляксандр Ткачоў. — Заўвага БЕЛТА), што гэта вельмі моцны канкурэнт для яго аб’яднання цукровых заводаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што такая сітуацыя па некаторых прадпрыемствах існуе і цяпер. Зараз поўнасцю закрыты для пастаўкі на расійскі рынак 11 малочных прадпрыемстваў і 7 дзяржаўных мясакамбінатаў, 13 малочных прадпрыемстваў — закрыты часткова. «Навошта вы гэта робіце, ведаючы, што беларуская прадукцыя абсалютна чыстая? Мы, разумеючы, што вы да нас на граніцы ставіцеся так прынцыпова, наогул на расійскі рынак пастаўляем самае лепшае, што вырабляем, каб нам не прад’яўлялі прэтэнзій», — праінфармаваў Прэзідэнт.

Адно з пытанняў, якое стаіць на парадку дня ў адносінах дзвюх краін, — дазволы на грузавыя перавозкі ў/з трэціх краін, прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. Беларусь, напрыклад, перавозіць грузы з Расіі ў Германію або Польшчу. Расійскі бок выдае Беларусі 75 тыс. такіх дазволаў у год. «А мы колькі расіянам дазваляем увозіць? У нас няма абмежаванняў! Мы — невялікая краіна — не баімся, што нас задушаць расійскія транспартнікі. За апошні год у два разы палякам павялічылі колькасць дазволаў, тое ж самае і з літоўцамі. А нам са 120 тыс. знізілі да 75 тыс.», — выказаў незадавальненне Прэзідэнт.

«Я прывёў некалькі прыкладаў: гэта што, варта нашага саюза? Таму трэба зняць гэтыя пытанні, яны датычацца многіх людзей і для Расіі небалючыя,» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь і ў далейшым не будзе браць грошы за размешчаныя расійскія ваенныя аб’екты

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі ёсць два расійскія ваенныя аб’екты. Расія нічога не плаціць беларускаму боку за іх размяшчэнне. Літаральна праз год трэба заключаць новае пагадненне. «Мы з вас капейкі і ў далейшым не возьмем, нават калі вы падатковы манеўр не адрэгулюеце, няхай будуць у вас гэтыя грошы. Але за базы мы з вас капейкі не возьмем, таму што гэта агульная наша бяспека», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што, калі абмяркоўваецца пытанне аб тым, каб падставіць плячо Беларусі ў плане некаторых відаў узбраення, расійскі бок гаворыць, што гэта дорага і немагчыма. «З намёкам — трэба купіць. На што я публічна сказаў: «Вы што, хочаце, каб я купіў у вас аўтамат Калашнікава, каб вас абараняць? Калі ў вас магчымасцей больш, падтрымайце цяпер беларускую армію». У рэшце рэшт прынялі рашэнне, будзем купляць, што зробіш, я маю на ўвазе самалёты», — адзначыў Прэзідэнт.

Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Беларусі будзе перагледжана

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў свеце ідзе інфармацыйная вайна. «Дай бог, каб яна не перарасла ў гарачую, каб не была прадвеснікам небяспечных сутыкненняў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь павінна ўмець процістаяць гэтай вайне, выкарыстоўваючы розныя метады. «Будзем удасканальваць канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі. Праблему мы бачым і ўжо сёння вырашаем. Канцэпцыю перагледзім і зробім больш строгай, каб вы разумелі, у якім напрамку ўлады будуць дзейнічаць, асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Апазіцыя павінна быць канструктыўнай. «Расія не хоча страціць Беларусь, учыніць тут пераварот, пагоршыць сітуацыю, абстаноўку. Я ў гэтым перакананы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Не павінна быць аднабокасці. Напэўна, ёсць праблема з Усходу, але яна яшчэ большая з Захаду. Расіяне не ўстанаўліваюць ракеты за Масквой на Захад, каб іх нацэліць на Беларусь. Навошта гэта Польшчы, іншым краінам (не буду іх пералічаць)? Давайце будзем аб’ектыўныя ў гэтым плане», — заклікаў беларускі лідар.

У цэлым, заўважыў кіраўнік дзяржавы, простыя расіяне добра ставяцца да беларусаў, з душой. «Чаму мы павінны ў іх кідаць камяні? Зразумела, недзе нас хочуць эканамічна прыціснуць, можа, сапраўды заклапочаны падатковым манеўрам. Гасподзь з вамі, перажывём, — сказаў Прэзідэнт. — У лістападзе завершым мадэрнізацю сваіх заводаў і купім нафту на рынку. Глыбіня перапрацоўкі будзе 92-95 працэнтаў, як на еўрапейскіх заводах. Ну і хто ад гэтага выйграе? Мы проста на расійскі рынак прывязём чужую нафту».

Інфармацыйную бяспеку ў Беларусі трэба будаваць не за кошт іншых і не за кошт нападкаў на іншых, перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра суверэнітэт і незалежнасць, Прэзідэнт адказаў на папрокі ў тым, што ён перахапіў лозунг беларускай апазіцыі. «Адрозненні барацьбы ў тым, што яны (апазіцыя. — Заўвага БЕЛТА) вельмі шмат крычалі аб гэтым і спрабавалі вышыню ўзяць штурмам. Да чаго гэта прывяло, Украіна паказала. Я рабіў гэта спакойна, «памяркоўна», як і патрабуецца ад беларускага чалавека. Адчуваў, што ў мяне за спінай 10 млн беларусаў і 5 млн гасцей, якія перамяшчаліся праз Беларусь», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Па перыметры нашай граніцы ўзнікаюць новыя кропкі напружанасці

«Вы ўсе ведаеце, што знешняя палітыка Беларусі шматвектарная і праводзіцца выключна ў інтарэсах забеспячэння бяспекі і захавання міру на нашай планеце. Мы супраць любых праяў агрэсіі, як ваеннай, так і на злобу дня — інфармацыйнай. Але па перыметры нашай граніцы ўзнікаюць новыя кропкі напружанасці. Дагаворы, якія забяспечвалі баланс ваенных сіл на планеце, разыходзяцца па швах. У разгары новая гонка ўзбраенняў. І варта адрэагаваць на сучасныя выклікі, зрабіць крок у напрамку ўмацавання ўласнай ваеннай моцы, як адразу пачынаюцца хваляванні і ў міжнародных палітычных колах, і на прасторах інтэрнэту. Праўда, тут дзейнічаюць усе, пра якіх я гавару, выбарачна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт закрануў навіну аб тым, што Польшча мае намер патраціць на абарону каля $50 млрд. Гаворачы пра абарону і бяспеку, ён закрануў тэму ўмацавання Расіяй заходняй акругі. «Гэта адзіная групоўка ўзброеных сіл на гэтым напрамку, што непасрэдна мяжуе з НАТА. Дык вось, калі б прайшла навіна аб тым, што Расія нейкі полк дабавіла на захад ад Масквы, то асобныя б гвалтам крычалі. Вось вам і стаўленне да двух фактаў. Давайце тады будзем выпрацоўваць нейкі крытэрый і ацэньваць гэтыя падзеі па пэўных крытэрыях. Я не ведаю, навошта Польшчы ўзмацняць сваю армію на $50 млрд», — адзначыў Прэзідэнт.

Аб магчымым размяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ва Украіне

«Калі ва Украіне будуць размешчаны такія ракеты — гэта катастрофа, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба разумець, расіяне не могуць дапусціць, каб гэтыя ракеты былі там размешчаны. Мы з расіянамі абсалютна будзем салідарны. Таму ні ў якім разе нельга рабіць у гэтым напрамку крокі Украіне».

Прэзідэнт Беларусі не першы раз выказвае занепакоенасць магчымым размяшчэннем у Еўропе ракет малой і сярэдняй далёкасці. Як кіраўнік дзяржавы ён у першую чаргу непакоіцца ў сувязі з гэтым за Беларусь. «І не хацелася б, каб у старой матухне-Еўропе ўспыхнула нейкая, не дай бог, ядзерная катастрофа».

Лукашэнка: Кітай — надзейны партнёр, які заўсёды падстаўляе плячо Беларусі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падтрымка з’яўляецца ўзаемнай, і закрануў развіццё эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Ён падзякаваў кітайскаму боку. «Не было пытання, з якім  я звярнуўся б да кіраўніцтва Кітая, і яно не было вырашана», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю, калі ўзніклі праблемы з пастаўкамі прадукцыі ў Расію. «Калі Сі Цзіньпін быў у мяне дома, беларусы гэта бачылі, я яго пачаставаў нашай прадукцыяй і пытаюся: як прадукцыя. Ён шчыра адказаў, што вельмі добрая, добрай якасці. Я як шчыры беларус гавару: трэба дапамагчы нам з рынкам. Кітай закупляе вялікую колькасць прадуктаў харчавання. Тым больш ёсць поезд, які курсіруе паміж Кітаем і Заходняй Еўропай праз Беларусь. Нам гэта проста падарунак — на зваротным шляху, каб паражняком не ішоў, мы можам загружаць на кітайскі рынак сваю прадукцыю, перш за ўсё, сельскагаспадарчую», — адзначыў Прэзідэнт.

Работу ідэолагаў у Беларусі трэба змяняць з улікам сучасных падыходаў

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ідэалагічная работа ў краіне часта вядзецца «па-савецку». «Гэта не таму, што мы не можам (працаваць па-іншаму. — Заўвага БЕЛТА), а таму, што людзей не ўмеем падбіраць, — упэўнены Прэзідэнт. — Гэта няпростая работа. Ідэолагі — гэта штучны тавар, масавай вытворчасці няма, але іх трэба знаходзіць і з імі працаваць».

У сучасным грамадстве людзі хутка вызначаюць, калі ўлада спрабуе нешта навязаць, таму відавочная, прамая агітацыя можа толькі нанесці шкоду аўтарытэту кіраўніцтва краіны. «Не кожны член урада можа быць ідэолагам і ўмее размаўляць з людзьмі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Бывае, быццам, міністр, а размаўляць з людзьмі не ўмее, няма ні лектарскага майстэрства, ні адчування аўдыторыі».

У сакавіку-красавіку будзе прынята рашэнне па тэрмінах правядзення парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў

«Я вам клянуся: нават калі сітуацыя будзе вельмі цяжкая, я ніколі не буду маніпуляваць грамадскай думкай, каб падбіраць нейкі момант і прапхнуць сябе ва ўладу», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што выбарчыя кампаніі будуць праведзены ў бліжэйшыя два гады.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, гэтыя важныя палітычныя падзеі стануць экзаменам не толькі для яго. «Усе будзем здаваць экзамен і перад народам даваць справаздачу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у яго ёсць падставы быць упэўненым, што ўлада вытрымае гэты экзамен дастойна. «Галоўнае нам па-дзелавому правесці гэтыя кампаніі. Дастойна давайце правядзём, — заклікаў Прэзідэнт. — Абяцаю, што ўсё будзе сумленна і канкурэнтна. Але калі буду бачыць, што нехта з палітыкаў зробіць стаўку на разбурэнне краіны і стабільнасці, якая ёсць, я адкажу».

Новую Канстытуцыю нам давядзецца прымаць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў краіне неабходна прымаць новую Канстытуцыю. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ.

«Я схільны сёння да таго, што новую Канстытуцыю нам давядзецца прымаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што «зрабіць гэта трэба не зыходзячы з меркаванняў суддзяў Канстытуцыйнага суда, не арыентуючыся на меркаванні нейкай групы — мы ў цэлым павінны бачыць краіну, народ, ведаць, што ў вас дзеці, унукі, што ім потым жыць, непакоіцца за гэта». «Прапануйце мне гэту Канстытуцыю, аснова ёсць — цяперашняя Канстытуцыя», — прадоўжыў ён.

Прэзідэнт растлумачыў, што займацца гэтымі пытаннямі будуць суддзі Канстытуцыйнага суда, паколькі, на яго думку, гэта самыя дасведчаныя і вопытныя спецыялісты, юрысты. «Шчыра кажучы, я гэта даручэнне зрабіў, але не ведаю, як яно выконваецца. Упэўнены, што суддзі Канстытуцыйнага суда — вельмі адказныя людзі і яны над гэтым працуюць. Але пакуль мне нічога не прапанавалі. Думаю, у бліжэйшы час прапануюць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Пагадзіцеся, што ўсё ж такі ад мяне будзе шмат залежаць: якая гэта будзе Канстытуцыя, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Але я схільны сёння да таго, што новую Канстытуцыю нам давядзецца прымаць. Можа, давядзецца ўзмацняць іншыя галіны ўлады — выканаўчую, заканадаўчую. Можа, нешта трэба будзе пасля сур’ёзнага аналізу прыняць па выбарчай сістэме: уводзіць — не ўводзіць нам прапарцыянальную сістэму або спыніцца на мажарытарнай. Гэта проста будзе зрабіць, вопыт ужо ёсць і Расіі, і Казахстана, і іншых краін — мы вывучым гэты вопыт».

Пры гэтым Прэзідэнт заявіў: «Я вам клянуся, што гэта Канстытуцыя не будзе «праціскацца», яна не будзе прымацца нахрапам, з зацікаўленасцю маёй, я вам клянуся, што гэтага не будзе. Усё будзе абсалютна сумленна, таму што я буду самым зацікаўленым чалавекам у тым, каб было потым добра, каб, калі асабіста мяне датычыцца, у мяне палкамі і каменнем не кідалі. Самым зацікаўленым чалавекам, каб Канстытуцыя адпавядала тым рэаліям, якія складуцца ў нашай дзяржаве».

«Гэта ў галаве ў любога думаючага Прэзідэнта, калі ён вырашыў закончыць са сваёй палітычнай кар’ерай, гэта найважнейшае пытанне. Вы б гэта абазвалі транзіт улады. Я на гэта шырэй гляджу. Гляджу, якой будзе наша Беларусь, каму яна дастанецца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Гэта вельмі цяжкае, вельмі складанае і вельмі важнае для ўсіх пытанне», — дадаў ён.

Вярнуцца да пытання дадатковай падтрымкі пенсіянераў

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў пенсіянераў у Беларусі, Расіі і Украіне падобныя праблемы, звязаныя з памерам пенсій. «Вядома, малыя пенсіі. Будзем думаць. Такая ў парадку дня праблема стаіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што трэба вырашыць пытанні, звязаныя з падтрымкай шматдзетных сем’яў. Ён звярнуў увагу на такія праблемы, як зніжэнне ўзроўню нараджальнасці і павелічэнне натуральнай страты насельніцтва ў Беларусі. «Таму заняліся гэтым пытаннем, але падыдзем, вядома, і да пенсій», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *