Традыцыі святкавання Калядаў

Актуально Духовность

Свята Божага Нараджэння ва ўсім свеце – асобае, прасякнутае прадчуваннем цуда, атмасферай радасці і добразычлівасці.

рождество-1

У кожнай краіне свае адметныя традыцыі святкавання Калядаў. У беларусаў гэта святочныя службы ў храмах, упрыгожаныя агеньчыкамі елкі, калядныя яслі з біблейскім сюжэтам, куцця і 12 страў у вігілійную вячэру, калядкі з перапранутымі героямі.
Падобныя нашым – традыцыі ў многіх іншых краінах. Але ёсць і свае адметныя рысы. У Грэцыі, напрыклад, пакідаюць на стале пасля вячэры салодкі пачастунак для “духаў”, а раніцай акрапляюць дамы асвячонай вадой. У Аўстрыі ўбіраюць калядную елку цацкамі з шакаладу і марцыпанаў. У Германіі з пачаткам перадкаляднага перыяду ставяць у вянок 4 свечкі, якія па чарзе запальваюць кожны ты-дзень. Свечкі сімвалізуюць цяпло, мір і сямейны дабрабыт.
Пампезна святкуюць Ражаство ў ЗША, дзе ярка ўпрыгожваюць дамы, рыхтуюць усім падарункі, запякаюць калядную індычку і ладзяць феерверкі.
У Фінляндыі за месяц да Калядаў ствараюцца спецыяльныя групы людзей — яны шыюць калядныя ўборы і робяць сувеніры, якія прадаюць затым на дабрачынных кірмашах. Выручаныя грошы накіроўваюць на справы міласэрнасці.
Здавалася б, якое зімовае свята ў Бразіліі ці Японіі?! Але і там яго адзначаюць са сваім каларытам. Бразільцы пасля святочнай месы выпускаюць пеўня, які кукарэканнем аб’яўляе аб наступленні новага святочнага дня. А ў японцаў сімвал Ражаства – рознакаляровыя ліхтарыкі, якімі яны ўпрыгожваюць дамы і вуліцы, і якія дораць адзін аднаму.
Традыцыі розныя, але ёсць аб’ядноўваючы сэнс свята – нараджэнне надзеі, чаканне дабра, жаданне дзяліцца ім з іншымі, здзіўляць і радаваць. Менавіта на Ражаство чыняцца шматлікія акцыі міласэрнасці, з якімі людзі спяшаюцца да блізкіх, усіх, хто патрабуе ўвагі і падтрымкі. Няхай гэта жаданне тварыць дабро нараджаецца ў калядныя дні і не пакідае нас і далей у жыцці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *