Тэма тыдня

Тема недели

Візіт Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12-14 верасня знаходзіўся з афіцыйным візітам ва Узбекістане. У Ташкенце кіраўнік беларускай дзяржавы правёў перагаворы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, якія прайшлі ў вузкім фармаце і пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый.
Па выніках перагавораў падпісаны пакет двухбаковых дакументаў аб пашырэнні супрацоўніцтва ў розных сферах і галінах.
Паралельна з візітам Аляксандра Лукашэнкі ў Ташкенце прайшоў беларуска-ўзбекскі форум дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. У сталіцы Узбекістана была арганізавана маштабная выстаўка беларускіх вытворцаў Made in Belarus.

У Беларусі рады поспехам Узбекістана 

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 13 верасня на перагаворах з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым у вузкім фармаце.
«Вам давялося разбіраць завалы ўнутры краіны — і аб’ектыўныя, і суб’ектыўныя рэчы. Усё ж такі прыкладна трыццаць тры мільёны насельніцтва — гэта гіганцкая рэспубліка, і ўвесь народ трэба накарміць. Трэба розныя плыні, рэлігійныя, нацыянальныя і іншыя, захаваць і аб’яднаць, накіраваць. Таму я вам адразу сказаў, што мы пад павелічальным шклом разглядаем усё, што вы робіце. І мы за вас рады, асабліва за тое, што вы выбудавалі адносіны з суседзямі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён расказаў, што нядаўна правёў афіцыйны візіт у Таджыкістан і кіраўніцтва гэтай краіны таксама пазітыўна ацаніла поспехі Узбекістана. «Тое меркаванне, якое сёння існуе ў эліты гэтых дзяржаў па вашай палітыцы, проста на зайздрасць. Таму я вас віншую, што вам удалося вызначыць той рэальны курс, які павінен быць ва Узбекістане. Мы за вас вельмі рады», — заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт выказаў удзячнасць узбекскаму боку за падтрымку беларускай дыяспары — ва Узбекістане пражывае амаль 19 тыс. беларусаў. «Вы падтрымліваеце і культуру нашых беларусаў, якія жывуць тут. Упэўнены, што ніякіх праблем яны вам не ствараюць і ніколі не створаць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Я прыехаў сюды, каб падзякаваць вам за тое стаўленне да Беларусі і беларусаў, якое сёння вы прывіваеце ўзбекскаму народу. Мы сапраўды вельмі падобныя, перш за ўсё сваёй працавітасцю. Калі б мы навучыліся гандляваць, як узбекі, прадстаўляць тавар, які вырабляем, мы былі б у два разы багацейшыя. Думаю, вы нас навучыце і гэтай добрай практыцы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сумесная перапрацоўка бавоўны і распрацоўка нафтавых радовішчаў

Аб гэтым Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім фармаце.
Ёсць перспектывы для супрацоўніцтва і ў сельскай гаспадарцы, лічыць Прэзідэнт Узбекістана. «У нас на самай справе вёска ў цяжкім становішчы, таму што рыначныя механізмы яшчэ не створаны. А калі іх сёння не ўкараняць, то сельская гаспадарка не будзе рэнтабельнай і канкурэнтаздольнай, — адзначыў ён. — Я хачу прапанаваць, каб мы стварылі сумесны кластар. Беларускія калегі павінны ведаць, што ў іх ёсць сыравіна ва Узбекістане. А ў вас тэхналогіі. І мы будзем выходзіць на трэція краіны».
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што ва Узбекістане вялікія запасы карысных выкапняў, аднак імі неабходна правільна распарадзіцца. Ён прапанаваў беларускаму боку паўдзельнічаць у распрацоўцы нафтавых радовішчаў. «Тая ж нафтагазавая галіна. У вас навука развіваецца, а ў нас ёсць свідравіны», — дадаў ён.
Акрамя таго, Шаўкат Мірзіёеў папрасіў беларускі бок адкрыць ва Узбекістане два-тры філіялы ВНУ, паколькі ў краіне вельмі цэняць беларускую адукацыю і задаволены ўзроўнем падрыхтоўкі студэнтаў.
«Вы сказалі, што праблем, вядома, ва Узбекістане нямала, яны і з савецкіх часоў збіраліся. Але калі вам нешта ў Беларусі падабаецца (а ў нас эканомікі спалучаюцца, мы не канкурэнты), мы перанясём ва Узбекістан вытворчасці, навучым людзей таму, што мы ўмеем. У нас ёсць вопыт. Мы ў далёкай Венесуэле так працавалі, а тут жа побач са сваімі людзьмі. Калі вас будзе нешта цікавіць — калі ласка, мы гэта зробім», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аб галоўным выніку трохгадзінных перагавораў 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым у пашыраным складзе расказаў аб выніках трохгадзінных перагавораў двух лідараў у фармаце сам-насам.
«Галоўны вынік нашых перагавораў (я хачу, каб гэта чулі члены ўрада, адказныя людзі з двух бакоў): мы дамовіліся, што ў нас у Беларусі няма закрытых тэм не толькі для абмеркавання, але і для далейшых дзеянняў. Калі нешта нашы ўзбекскія браты ўбачаць у Беларусі патрэбнае, гэта будзе неадкладна зроблена: або перанесена вытворчасць на вашу тэрыторыю, або створым сумеснае прадпрыемства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У прыклад Прэзідэнт прывёў магчымае стварэнне прадпрыемства ў сферы лёгкай прамысловасці. «Мы тут будзем вырошчваць бавоўну, перапрацоўваць яе ў Беларусі і прадаваць на тых рынках, дзе бавоўна не расце, — растлумачыў ён. — У нас ёсць тэхналогіі, людзі, у нас захавалася школа, вытворчасць. Сыравіна — давайце будзем дамаўляцца».
«Разам будзем гэта ствараць. Адкрыю сакрэт: я не супраць, калі вы ўвойдзеце ў капітал нашых прадпрыемстваў. Гэта бу-дзе і ваша прадпрыемства. І будзем прадаваць на еўрапейскім рынку самыя добрыя тканіны, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Я вельмі прашу, каб члены нашага ўрада гэта пачулі, і каб не было скаргаў з боку нашых узбекскіх таварышаў».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў савецкі час бавоўна з Узбекістана перапрацоўвалася ў Беларусі — у Баранавічах працаваў велізарны камбінат. «Трэба вярнуцца да гэтага зноў і зрабіць гэта ўзаемавыгадным. Мы гатовы», — заявіў ён.

Падняць узровень тавараабароту да $1 млрд

«Нягледзячы на тое, што аб’ёмы гандлю паміж нашымі краінамі за апошнія гады істотна павялічыліся, захоўваюцца каласальныя магчымасці. Я марыў аб $500 млн і з гэтым сюды прыехаў. Але калі пачуў ад Прэзідэнта, што не за гарамі мільярд, падумаў: слава Богу. Калі Прэзідэнт пра гэта гаворыць, значыць, ёсць мэта. Мы да гэтага гатовы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Эканоміка — гэта фундамент, гэта аснова любых адносін. Будзе эканоміка — будуць дружалюбныя адносіны і ўсё астатняе», — перакананы Прэзідэнт.
Шаўкат Мірзіёеў растлумачыў, што лічбу тавараабароту ў памеры $1 млрд не прыдумваў: прааналізаваўшы развіццё адносін паміж краінамі, ён прыйшоў да высновы, што можна яшчэ шмат чаго зрабіць. Галоўнае, паводле яго слоў, каб такой жа палітыкі прытрымліваліся і адказныя чыноўнікі пры выкананні дасягнутых дамоўленасцей.

Разам выходзіць на рынак Афганістана

«Мы вельмі зацікаўлены, каб узбекскія браты дапамаглі нам супрацоўнічаць з Афганістанам. Але мы не хочам ісці туды адны, хочам з вамі туды прыйсці з нашай прадукцыяй. Таму, ствараючы ва Узбекістане прадукцыю, у тым ліку складаную, машынабудаўнічую, давайце разам пойдзем і дапаможам афганцам. Яны гэта ацэняць, ім усё патрэбна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што афганскі рынак не мае патрэбы ў суперкамбайнах або тэхнічна складаных трактарах, ім патрэбна простая тэхніка. «Мы гатовы сёння ва Узбекістане сабраць такую тэхніку, а заўтра патроху яе рэалізаваць — не толькі ва Узбекістане, але і ў Таджыкістане, Афганістане», — дадаў ён.
«Узбекская дзяржава гатова за гэтыя тэхналогіі плаціць і падтрымліваць стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Што яшчэ трэба? Для нашай растучай вытворчасці патрэбны рынкі, і нам прапануюць: прыходзьце — 33 млн чалавек. Гэта толькі на тэрыторыі, а вакол — каласальны рэгіён», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *