Тэма тыдня

Тема недели

У Рэспубліцы Беларусь 4 ліпеня 2017 года адбудзецца перавод рахункаў кліентаў у банках на міжнародны стандарт нумара рахунку — банкі будуць выкарыстоўваць міжнародныя нумары рахункаў (IBAN, International Bank Account Number) і банкаўскія ідэнтыфікацыйныя коды (BIC, Bank Identifier Code).
З 4 ліпеня 2017 года беларускія банкі будуць прымаць да выканання толькі тыя плацежныя інструкцыі, якія маюць новыя нумары рахункаў (IBAN) і новыя банкаўскія ідэнтыфікацыйныя коды (BIC). Пры гэтым IBAN і BIC будуць выкарыстоўвацца як пры правядзенні разлікаў унутры краіны, так і для міжнародных разлікаў.
Укараненне IBAN і BIC у практыку безнаяўных разлікаў павысіць надзейнасць правядзення аперацый, паскорыць апрацоўку плацяжоў і знізіць выдаткі пры іх правядзенні, выключыць магчымасць неадназначнай ідэнтыфікацыі ўдзельніка разлікаў.
Чым адрозніваюцца новыя нумары рахункаў
Новыя нумары рахункаў (рахунку IBAN) маюць 28 літарна-лічбавых разрадаў. Новы нумар будзе выглядаць наступным чынам (прыклад): BY13 NBRB 3600 9000 0000 2Z00 AB00. У старым нумары рахунку – 13 разрадаў.
З 4 ліпеня 2017 года нумары рахункаў IBAN будуць выкарыстоўвацца пры афармленні плацежных інструкцый па пераводах як унутры рэспублікі, так і за мяжу. Пры гэтым плацельшчык павінен мець інфармацыю не толькі аб сваім нумары рахунку IBAN, але і аб нумары рахунку IBAN атрымальніка для афармлення плацежнай інструкцыі па пераводзе грашовых сродкаў на карысць атрымальнікаў — рэзідэнтаў краін Еўрапейскага саюза і шэрага іншых дзяржаў.
Як даведацца пра свой IBAN
Трэба звярнуцца ў абслуговы банк. Інфармацыя аб новых рахунках можа быць даступна таксама ў дыстанцыйных сэрвісах, якія прадастаўляюць банкі (інтэрнэт-банк, мабільны банк). Нумары рахункаў IBAN прысвоены ўсім рахункам, якія адкрыты да 1 снежня 2016 года. Пры адкрыцці рахункаў з 1 снежня 2016 года па 30 чэрвеня 2017 года банкі адначасова прысвойваюць кліентам дзеючыя (13-разрадныя) рахункі і новыя нумары рахункаў IBAN (28-разрадныя).
Пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2015 года нумар 633 «Аб перспектывах укаранення міжнародных стандартаў у плацежную сістэму Рэспублікі Беларусь» вызначана, што банкі павінны правесці аналіз заключаных дагавораў і прыняць вызначаныя ўмовамі дагавораў меры па прывядзенні іх у адпаведнасць з заканадаўствам. У залежнасці ад таго, як гэта вызначана ў дагаворы, можа быць як дадатковае пагадненне, так і іншы парадак (напрыклад, публічная аферта).
Ці трэба паведамляць каму-небудзь пра свой новы нумар рахунку для атрымання на банкаўскую плацежную картку зарплаты, пенсіі, стыпендыі і г.д.
Не, не трэба. Калі зарплата па асноўным месцы работы, пенсія або стыпендыя залічаюцца на банкаўскую плацежную картку, свой новы нумар рахунку ведаць і каму-небудзь паведамляць неабавязкова. Як і для ажыццяўлення разлікаў з дапамогай гэтай карткі.
Аднак калі грамадзянін, напрыклад, працуе па дагаворы падраду, то ў гэтым выпадку пра новы нумар рахунку неабходна будзе паведаміць наймальніку.
Таксама пра нумар рахунку атрымальніка грашовых сродкаў у фармаце IBAN неабходна паведаміць адпраўшчыку для атрымання грошай з-за мяжы.
Акрамя таго, фізічным асобам, па заяве якіх узбуджана выканаўчае вядзенне па справе, неабходна звярнуцца ў орган прымусовага выканання для інфармавання судовага выканаўцы аб новых банкаўскіх рахунках, на якія пасля 4 ліпеня 2017 года павінны быць накіраваны грашовыя сродкі, спагнаныя з даўжніка ў рамках выканаўчага вядзення па справе.
У сувязі з пераходам беларускіх банкаў на міжнародную структуру нумара рахунку IBAN з 4 ліпеня 2017 года зменіцца структура карэспандэнцкіх, бягучых (разліковых) банкаўскіх рахункаў, часовых, дабрачынных, укладных (дэпазітных) рахункаў. Таксама зменіцца структура рахункаў па ўліку сродкаў у разліках па аперацыях з банкамі, рахункаў па ўліку сродкаў у разліках па аперацыях з кліентамі, іншых рахункаў, што выкарыстоўваюцца пры ажыццяўленні разлікаў Нацыянальным банкам, банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі Беларусі.
Ці трэба падпісваць дадатковыя пагадненні да дагавораў кліентаў з банкамі? Калі так, то ў якія тэрміны неабходна гэта зрабіць
Пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 23 кастрычніка 2015 года нумар 633 «Аб перспектывах укаранення міжнародных стандартаў у плацежную сістэму Рэспублікі Беларусь» вызначана, што банкі павінны правесці аналіз заключаных дагавораў і прыняць вызначаныя ўмовамі дагавораў меры па прывядзенні іх у адпаведнасць з заканадаўствам. У залежнасці ад таго, як вызначана ў дагаворы, можа быць як дадатковае пагадненне, так і іншы парадак.
Што павінны зрабіць юрыдычныя асобы для пераходу на IBAN
Па стане на 1 чэрвеня 2017 года ўсе юрыдычныя асобы праінфармаваны аб змяненнях іх нумароў рахункаў і банкаўскіх ідэнтыфікацыйных кодаў банкаў, якія абслугоўваюць іх. Яны, у сваю чаргу, павінны прадставіць новыя рэквізіты сваім контрагентам як у Беларусі, так і за яе межамі, і паклапаціцца аб прадстаўленні ў банкі заяў на змяненне рэквізітаў разліковых дакументаў, якія знаходзяцца ў картатэках банкаў, пастаянна дзеючых плацежных даручэнняў у мэтах забеспячэння бесперабойнасці ажыццяўлення разлікаў.
Адначасова юрыдычным асобам, па заяве якіх узбуджана выканаўчае вядзенне па справе, неабходна звярнуцца ў орган прымусовага выканання для інфармавання судовага выканаўцы аб новых банкаўскіх рахунках, на якія пасля 4 ліпеня 2017 года павінны быць накіраваны грашовыя сродкі, спагнаныя з даўжніка ў рамках выканаўчага вядзення па справе.
Ці можна будзе рабіць плацяжы па старых нумарах рахункаў і банкаўскіх ідэнтыфікацыйных кодах пасля 4 ліпеня 2017 года
Не. У адпаведнасці з пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 7 жніўня 2015 г. нумар 472 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку прысваення Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь банкаўскіх ідэнтыфікацыйных кодаў і вядзення даведніка банкаўскіх ідэнтыфікацыйных кодаў удзельнікаў разлікаў, якія ажыццяўляюць плацяжы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» і ад 27 ліпеня 2015 г. нумар 440 «Аб структуры нумара рахунку» з 4 ліпеня 2017 г. у разліках выкарыстоўваюцца толькі IBAN и BIC, плацежныя дакументы са старымі рэквізітамі да выканання не прымаюцца.
Ці прадугледжаны пераходны перыяд пры пераводзе рахункаў на IBAN
У адпаведнасці з пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 24 мая 2017 года нумар 195, грашовыя сродкі па міжнародных банкаўскіх пераводах, што паступаюць кліентам у перыяд з 4 ліпеня да 31 снежня 2017 года ўключна для залічэння на старыя нумары рахункаў (што дзейнічалі да 4 ліпеня 2017 года), будуць залічацца на новыя нумары рахункаў атрымальнікаў. Тое ж датычыцца пераводаў на карысць фізічных асоб па спісах (заработная плата, пенсіі, дапамогі і інш.). З 4 ліпеня па 30 верасня 2017 года ўключна грашовыя сродкі, што паступаюць для залічэння на старыя нумары рахункаў фізічных асоб па спісах, будуць залічацца банкамі на новыя нумары рахункаў IBAN. Пры ажыццяўленні ўнутрырэспубліканскіх разлікаў паміж юрыдычнымі асобамі з 4 ліпеня 2017 года нумары рахункаў плацельшчыка і атрымальніка грашовых сродкаў павінны быць пазначаны ў плацежных інструкцыях у фармаце IBAN, пераходны перыяд для такіх разлікаў не прадугледжаны.
* * *
У мэтах забеспячэння належнага пераводу грашовых сродкаў з 4 ліпеня 2017г. трэба выкарыстоўваць інфармацыю аб IBAN і ВІС, атрыманую ад контрагентаў.
Для вызначэння IBAN і BIC контрагента таксама можа выкарыстоўвацца інфармацыя з сэрвісу «Калькулятар IBAN», размешчанага на інтэрнэт-сайце Нацыянальнага банка.
Для вызначэння нумара бягучага (разліковага) банкаўскага рахунку ў фармаце IBAN неабходна ўвесці 9-значны код банка альбо выбраць у меню яго назву, выбраць валюту рахунку і пазначыць стары нумар рахунку (13 знакаў). Пасля ўводу даных у дыялогавым акне будуць паказаны адпаведныя значэнні IBAN і BIC.
Сэрвіс «Калькулятар IBAN» прадастаўляе таксама магчымасць пакетнай апрацоўкі даных.
«Калькулятар IBAN» будзе даступны да 1 кастрычніка 2017 года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *