“Гадзіна бою – і на другое поле”

Актуально Общество

Здаецца, толькі ўчора ў раёне быў дадзены старт жніва, а ў ААТ “Шайцерава” ужо ўбрана трэць зерневых, намалочана тры тысячы тонн збожжа!

(Злева направа) А. Стайноў, С. Ліпаўка, С. Кучынскі,  М. Кузьмічонак і У. Шайцяронак.
(Злева направа) А. Стайноў, С. Ліпаўка, С. Кучынскі, М. Кузьмічонак і У. Шайцяронак.

Такога спрыту і дбайнасці не наглядаецца пакуль ні ў адным сельгаспрадпрыемстве. І гэта пры тым, што зерневы клін у ААТ “Шайцерава” самы вялікі – 2060 гектараў. Убрана 140 га азімага рапсу, намалочана 380 тон масланасення пры ўраджайнасці 27,1 ц/га – гэта лепшы паказчык у раёне.
Да ўборкі шайцераўцы падыйшлі з усёй адказнасцю. На палі выйшлі ўсе 11 камбайнаў з наяўных. Працуюць на поўную моц тры сушыльныя гаспадаркі. Падрыхтаваны два зернесховішчы, разлічаныя на 3 тысяч тонн збожжа кожнае.
— Час прыспешвае! На палях паспявае 300 гектараў гароху, чакае ўборкі 140 гектараў яравога рапсу. Адным словам, толькі ўбіраць і ўбіраць! — расказвае выконваючы абавязкі дырэктара гаспадаркі Уладзімір Шыманскі.
— Комплексу па свінагадоўлі патрабуецца вялікая колькасць камбікормаў. Разумеем, што на пакупных далёка не паедзем, таму, каб не купляць дзеля бялка прывазную і дарагую сою, сеем зернебабовыя культуры ў чыстым выглядзе, — расказвае Уладзімір Канстанцінавіч. — У гэтым годзе рашыліся на эксперымент — пасеялі бабы. Паглядзіце, як вымахалі, сапраўдныя 50 гектараў “лесу”. А якая сёлета кукуруза! Напэўна, у раёне нідзе такой не знайсці!
— Думаю, стратэгію абралі правільную, — працягвае Уладзімір Канстанцінавіч. – Вынеслі ўрокі з мінулага года, калі чакалі, пакуль даспее зерне, пачалі позна і столькі страцілі! А зараз аператыўна выязджаем на палі, прыдатныя да ўборкі. У асноўным, яны выспяваюць у той паслядоўнасці, як былі пасеяны. Вільготнасць зараз таксама аптымальная – у межах 22-25%. Ураджайнасць радуе – 55 ц/га. Строга выконваем агратэхналогію на ўсіх этапах.
Механізатары на працы з 6 гадзін раніцы і да 11 вечара. Нікога вучыць, а тым больш прыспешваць, не трэба. Кожны сам на сваім участку ведае аб’ём работы, таму і спраўляюцца шайцераўцы выключна сваімі сіламі.
Арганізаваны падвоз людзей на працу з аддаленых вёсак. Забяспечваецца гарачае харчаванне, дастаўка пітной вады. Ёсць спецадзенне.
Пытаемся, як справы з вытворчай дысцыплінай?
— Да вы што! Гэта не пра нас! – гаворыць Уладзімір Канстанцінавіч. — Людзі ведаюць, што калі правінішся, то страчваеш усе прэферэнцыі на год! І прэміі, і падарункі, і паездкі. Дарэчы, у пазамінулым годзе ездзілі ў Санкт-Пецярбург, мінулым – на тыдзень у Адэсу за сімвалічныя 50 рублёў. І зараз ужо працаўнікі пытаюцца: куды паедзем сёлета? Гэтым займаюцца прафсаюз разам з кіраўніцтвам, якія такім чынам заахвочваюць лепшых у справе.
Ва ўрочышчы Гараўская гара на чатырох КЗСах шчыравалі камбайнеры Андрэй Стайноў, Сяргей Ліпаўка, Сяргей Кучынскі і Мікалай Кузьмічонак. Адвозіў зерне ад камбайнаў Уладзімір Шайцяронак. Тут пасеяна 105 гектараў азімай трыцікале. Як кажуць камбайнеры, засталося ўсяго нічога – на гадзіну бою і пераедуць на другое поле.
— Учора за дзень 700 тон намалацілі. Калі дажджа не будзе, і сёння не менш хлеба адгрузім! – упэўнены хлебаробы.
Ксенія КАВАЛЁНАК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *