У Верхнядзвінску сваю першую Імшу правёў выхаванец парафіі

Актуально Духовность

Незвычайным і кранаючым быў гэты майскі дзень для Верхнядзвінскага касцёла  Найсвяцейшай Панны Марыі. Сваю першую Святую Імшу ў якасці святара тут праводзіў выхаванец парафіі ксёндз-капуцын Ігар КОЛЗУН.

IMG_8879 копия

Новапрэзбітэра можна па праву назваць першым святаром – выхадцам з Верхнядзвінскага касцёла. Ігар з маленства прыходзіў у Храм з сям’ёй, атрымаў тут духоўнае выхаванне пад апекай тагачаснага пробашча айца Томаша Юньчыка і адчуў жаданне служыць Богу. І хаця падчас яго прыміцыйный Імшы ксёндз Андрэй Букштан адзначыў, што святарскае пакліканне прадвызначаецца Усявышнім яшчэ падчас нараджэння чалавека, жыццёвыя абставіны таксама спрыялі ўзрастанню будучага святара. Выхоўваўся ён у веруючай сям’і, бабуля і маці навучылі малітвам і разам з сястрычкай Вікай прывялі ў касцёл.

IMG_8868 копия

IMG_8889 копия
На першую службу ў якасці святара да Ігара Колзуна прыбылі браты-капуцыны і вернікі парафіі.

А дзіцячыя і юнацкія гады прыйшліся на асаблівы час усплёску веры – пасля дзесяцігоддзяў панавання атэізму людзі прагнулі Бога, у Беларусі адраджаліся святыні і рэлігійныя традыцыі, дзеці цягнуліся да духоўнага выхавання, пры касцёле ствараліся маладзёжныя суполкі. Адкрытыя дзіцячыя сэрцы найбольш шчыра адчувалі прысутнасць Бога, і многія жадалі звязаць будучае жыццё са справамі духоўнасці. Але рашыцца на адважны крок і выбраць складаны святарскі шлях маглі толькі адзінкі – тыя, хто, сапраўды адчувае асаблівае пакліканне.
Ігар таксама не адразу прыняў гэта рашэнне. Маючы здольнасці да рэлігійнай навукі, гісторыі і філасофіі, пасля заканчэння Верхнядзвінскай СШ№2 паступіў на тэалагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Машэрава. Паспяхова адолеў ужо тры курсы, таму яго заява аб тым, што абірае манаскі ордэн капуцынаў і хоча стаць ксяндзом, з’явілася нечаканасцю і для педагогаў, і для блізкіх. Перажывалі, адгаворвалі, нават настойвалі, каб не спяшаўся і хаця б закончыў універсітэт. Але малады чалавек цвёрда стаяў на сваім – гэта канчатковы выбар. Не кожны мог зразумець тое, а ён ішоў за ўнутраным голасам, які настойліва паклікаў у цяжкі, але благаславёны шлях. Перад вачыма яго маці і сёння стаіць той момант, калі сын з рукзаком за плячыма рушыў у сваю новую нязведаную дарогу.
Аб тым, наколькі яна цярністая і няпростая, гаворыць ужо тое, што ад пачатку пастулату ў Докшыцах да святарскага пасвячэння прайшло адзінаццаць гадоў! Столькі часу патрэбна для святарскага навучання і праходжання неабходнай духоўнай практыкі. Ігар на працягу года знаёміўся з жыццём манаскай супольнасці ў Докшыцах, затым прайшоў курс філасофіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, апошнія тры гады рыхтаваўся да святарства ў Італіі — у Базыліцы Святой Фары ў Бары. Атрымаў глыбокія тэалагічныя веды, дасканала асвоіў не толькі латынь, але польскую і італьянскую мовы, на апошняй, дарэчы, пісаў дыпломную працу, стаў Бакалаўрам Святой тэалогіі.
Але куды складаней за кніжныя навукі было прыняцце манаскіх абетаў, выхаванне ў сабе цнатлівасці, стрыманасці, суперажывання да людзей. Разважлівы, спакойны і стрыманы па натуры, ён многа часу аддаваў рабоце ў хоспісах, дапамозе людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Бачыў шмат гора і смерцяў, навучыўся працаваць з людзьмі, якія шукалі ў яго адзінае выратаванне на шляху ў вечнасць.
Для сённяшняга прагнага да матэрыяльных каштоўнасцей свету гэты выбар служэння іншым, духоўнага ўдасканален-ня здаецца неспасцігальным. Але, на шчасце, ёсць у нас духоўныя служыцелі, якія ахвяраюць сябе на гэты надзвычай патрэбны людзям, гаючы і самы блізкі да Бога шлях. Той, які вызначаецца галоўным прызначэннем чалавека – любоўю да бліжняга.
Пасля складання ў Мала-дзечне ў ліпені 2015 года вечных шлюбаў на манаскае жыццё Ігар Колзун прыняў дыяканскае пасвячэнне ў Італіі. На гэтую ўрачыстасць прыехалі шматлікія госці з Беларусі, Польшчы і Латвіі.
А месяц назад у Докшыцкім касцёле ён атрымаў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Рэйк’явіка (Ісландыя) Давіда Тэнцэра. Святую Імшу ўзначальваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.
Невыпадкова, што першую сваю Імшу ксёндз Ігар Колзун вырашыў правесці ў роднай Верхнядзвінскай парафіі. У перапоўненым і святочна ўпрыгожаным касцёле быў абсталяваны карабель пад ветразем і з рыбалоўнай сеткай, на якім прыцягвалі ўвагу словы Хрыста, сказаныя Апосталам: “ Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў”. Гэта пакліканне і вялікая патрэба роднага кутка ў служыцелях збылася ў асобе айца Ігара Колзуна.
Пробашч касцёла айцец Аляксандр, святары і духоўныя асобы дыяцэзіі, браты капуцыны, шматлікія госці, родныя і блізкія маладога святара сардэчна віталі яго на радзіме. Землякі нездарма называлі Ігара сынам парафіі – яго манаскае і святарскае пакліканне адбылося на іх вачах. Парафіяне па традыцыі падарылі свайму прэзбітэру арнат – першае святарскае адзенне, у якім малады ксёндз і праводзіў урачыстую службу. Падчас яе гучала многа віншаванняў і добрых пажаданняў на шчаслівае святарства.
Па заканчэнні Імшы айцец Ігар шчыра падзякаваў землякам, а таксама бацькам і блізкім за падтрымку і дапамогу на нялёгкім шляху.
Першым прыходам, дзе пачаў службу ксёндз Ігар Колзун, з’яўляецца Смалявіцкі касцёл Святога Валянціна. Няхай жа святарскае жыццё будзе доўгім і плённым.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *