Гараджане дапамагаюць сельгасвытворцам ратаваць лён

Актуально Экономика

Лён – наша традыцыйная культура. Аднак вырасціць добры даўгунец няпроста.
Яшчэ складаней яго ўбраць з палёў, якія апошнім часам заліваюць дажджы. Тэхніка буксуе ў гразі, а даўгунец мокне і гніе ў вадзе. На дапамогу льнозаводу прыйшоў працоўны дэсант з арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна.

 

З пачатку тыдня кіпіць работа на палетках УВП “Вужыца-Агра” і КУВСП “Каханавічы”, дзе льнозавод арэндуе землі і вырошчвае лён. Сотні людзей з арганізацый і прадпрыемстваў заняты на падрыхтоўцы культуры да механізаванай уборкі.

IMG_1353 копия
У “Вужыцы-Агра” за два дні пашчыравалі 315 чалавек. Лён тут займае 91 гектар. Работнікі райспажыўтаварыства, ЖКГ, ААТ “Інвет”, раённай бальніцы, лясгаса, райаграсервісу, масласырзавода, завода сталярных вырабаў, КУВСП “Дрысенскі”, райвыканкама, рэдакцыі газеты, дамоў культуры і клубаў, дзіцячых садкоў, школ, бібліятэк, цэнтра тэрытарыяльнага абслугоўвання, бальніц, музычных школ і, канешне, льнозавода, скарыстаўшы пагодлівае надвор’е, ставілі ў конусы даўгунец, каб прасох, потым клалі льнотрасту ў ленты, каб сельскагаспадарчая тэхніка змагла яго запрасаваць, пагрузіць рулоны і адвезці сыравіну на льнозавод.

IMG_1373 копия
“Узброіўшыся” граблямі і добрым настроем, прыступілі да работы. У першы дзень паднята льнотрасты на 35,6 гектара, у другі – 10,6. Пакладзена ў ленты – на 23,5 га.

IMG_1309 копия
— У льнозавода маецца сучасная тэхніка, хапае і механізатарскіх рук. Аднак, нягледзячы на тэхналагічны прагрэс, ніякая тэхніка не зможа працаваць на падтопленых палях, якія штодзённа палівае дажджом, — гаворыць галоўны аграном прадпрыемства Юрый Губанаў. – Добры лён вырасціць няпроста. Неабходна дакладнае выкананне ўсяго тэхналагічнага комплексу работ, у які ўваходзяць асенняе ворыва, хімпраполка, унясенне дастатковай колькасці ўгнаенняў, рэгулятараў росту, пастаянны догляд. Усё гэта сёлета зроблена на 1100 гектарах. Каб забяспечыць завод працай да наступнага ўраджаю, неабходна перапрацаваць як мінімум 3000 тон льнотрасты – менавіта на такую магутнасць разлічана абсталяванне. Аднак сыравіну яшчэ неабходна назапасіць… Мы вельмі ўдзячны за дапамогу і добрасумленную працу лю-дзям, якія ў гэтыя дні заняты на палетках і разам з намі вядуць сапраўдную бітву за ўраджай.
Каб не прапаў плён людской працы, ва ўрочышчы Пашэнькі працавала тры прэс-падборшчыкі. Бачачы, як зладжана, якасна і добрасумленна працуюць людзі, начальнік мех-атрада льнозавода Мікалай Жук направіў сюды яшчэ дзве адзінкі тэхнікі. На ПРЛ-150 хутка круцілі рулоны Дзмітрый Харомскі, Дзмітрый Падольскі, Аляксандр Філіпенка, Міхаіл Сахонька і Юрый Чубараў.
— Трэба паспець, — распараджаецца Мікалай Мікалаевіч. – Назаўтра перадаюць ліўневыя дажджы. Настрой працаваць баявы. Лён сёлета добры – дае 42 цэнтнеры з гектара. Але надвор’е не дазваляе разгарнуцца. У поле не тое што тэхніка, людзі без гумавых ботаў не ўлезуць.
І як пацвярджэнне яго слоў, нагружаны прычэп з рулонамі, які цягнуць два трактары, глыбока вязне ў каляінах на выездзе з поля. За рулём – механізатары Сяргей Наркевіч і Аляксей Прошка з райаграсервісу і ЖКГ. Зразумеўшы, што “селі” грунтоўна і сваімі сіламі не справяцца, выклікаюць дапамогу. Яшчэ колькі часу, і важкія прычэпы выязджаюць на асфальт.
Паралельна другі атрад накіраваны на палеткі КУВСП “Каханавічы”. Ва ўрочышчы Асавое працавала 117 чалавек з упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ТЦСАН, раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і абароне раслін, РАНС, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, хлебазавода, ДБУ-4, РГС, аптэкі №67, КУВСП “Каханавічы”, райплемстанцыі, райветстанцыі, Каханавіцкага сельвыканкама. Аб’ём работ тут таксама немалы – лён пасеяны на 150 гектарах. За дзень пастаўлена ў конусы і пакладзена ў ленты льнотраста на 7,17 га.
Пакуль дажджы выклікалі вымушаны перапынак, аднак надвор’е ўсталюецца, каб даць магчымасць завяршыць уборку “беларускага шоўку”.
Ксенія КАВАЛЁНАК.
НА ЗДЫМКАХ:  даўгунец з поля адвозяць механізатары Сяргей Наркевіч і Аляксей Прошка; тэмп рабоце задаюць працаўнікі льнозавода$ на ПРЛ-150 рулоны круціць Дзмітрый Харомскі.



1 комментарий по теме “Гараджане дапамагаюць сельгасвытворцам ратаваць лён

  1. Што тут сказаць? Малайцы! У інтарэсах эканомікі рабы павінны быць здаровымі, культурнымі і разумнымі. І галоўнае, не павінны лічыць сябе рабамі. Яшчэ напачатку цывілізацыі, калі першая малпа ўзяла палку, астатнія малпы пачалі працаваць.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *