Юбілей верхнядзвінскага паэта

Актуально Наш край

IMG_3323 копия

17 красавіка споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння нашага земляка паэта Эдуарда ЗУБРЫЦКАГА.

Яму не суджана было дажыць да гэтага сталага ўзросту — чамусьці сапраўдныя паэты згараюць хутка, нібы знічкі на небе. Занадта пранікнёна ўспрымаюць яны гэты свет, бачаць яго так, як не здольны бачыць звычайныя людзі, уздымаюць з глыбінь душы пачуцці, якія раняць і спапяляюць… Але ж і пралятаюць яны сваё жыццёвае імгненне гэтак жа ярка і асляпляльна, як летнія зараніцы. І пакідаюць за сабой такі ж яркі і асляпляльны след радкамі непаўторных пранізлівых вершаў.
Абяцаў падарыць я табе неба сіняе,-
Вось яно, у вачах маіх, поўных адчаю.
Не крыўдуй, у мяне яно толькі
адзінае,-
Я другога не маю…
Светлая і лірычная паэзія Эдуарда Зубрыцкага сілкуецца з крыніцы яго любові да беларускай зямлі, яе чароўнай прыроды, роднага дому, людзей, з якімі злучыў лёс. З імі ён дзеліць свой боль і перажыванні, у іх вучыцца бачыць прыгажосць гэтага свету, чэрпае натхненне і мастацкія вобразы.
Зігзаг маланкі над палямі.
І ліўняў ціхі перашэпт
Плыве няспешліва кругамі,
Нібы малітва-запавет:
Любіць жыццё, валошкі ў жыце,
Паляны ў полымі травы,
Ўсё, чаму не паўтарыцца
Пад знакам вечнай сінявы.
Ды і як інакш, калі лёс паэта так цесна пераплецены з лёсам сваёй радзімы?! Нарадзіўся ён у звычайнай сялянскай сям’і ў вёсцы Шклянцы Докшыцкага раёна і быў малодшым з чацвярых сыноў. У раннім дзяцінстве перажыў ваеннае ліхалецце. Пакуль бацька быў у нямецкім палоне ў Германіі, маці адна вяла дом і гадавала дзяцей.
Ім, равеснікам вайны, трэба было думаць аб тым, як здабыць хлеб надзённы, і ён дапамагаў па гаспадарцы, але ў вольную хвіліну бег да бярозак за ваколіцай ці рачулкі, каб увабраць іх гаючую сілу.
Запомню душой цвярозай
Маленькай радзімы выток,
І гэты ставок, і бярозы,
І горкі над хатай дымок.
Ужо ў школе спрабаваў пісаць вершы, захапляўся роднай мовай, на якой, дарэчы, нязменна размаўляў усё жыццё. А па заканчэнні дзесяцігодкі друкаваўся ў Бягомльскай раённай газеце і часопісе “Маладосць”. З гэтым багажом паступіў на філалагічны факультэт БДУ імя Леніна. Выкладчыкамі і творчымі настаўнікамі ў яго былі Ніл Гілевіч і Алег Лойка.
Вытанчаныя рыфмы і нечаканыя метафары выдавалі ў юным паэце неардынарнага творцу. Ён вылучаўся ў асяроддзі аўтараў сваім дзіўным прыродным дарам адчуваць мастацкае слова і таленавіта “класці” яго на музыку вершаў. У іх жылі “валошкавыя сінія завеі”, “маланкавыя званы”, “шэпт ліўняў”, “сплеценае ў калоссе лета”, “бэзавыя ранкі”, “ялінцавы дым”, “асмужаныя далі”, “сеймы птушак і пчол”, “барвяная восень”…
Сярод будзёных шэрых слоў
Мне б адшукаць,
Знайсці такое,
Якое б вечнасцю жыло,
Красою дыхала зямною.
Яго словы дыхаюць красою зямною. Хто яшчэ можа бачыць як «барвяніць верасень свае тугія шчокі ў ціхай засені садоў…» альбо як «заламалі сосны рукі ў адчаі, нібы я ў адчаі рукі заламаў…».
Вершы паэта друкавалі “Чырвоная змена”, “Звязда”, “ЛіМ”, “Полымя”, “Работніца і сялянка”, “Беларусь”. А пасля службы ў арміі Эдуард Зубрыцкі прэзентаваў сваю першую аповесць “Суэма”, надрукаваную ў часопісе “Маладосць” і прадстаўленую пісьменнікам Міхасем Стральцовым.
Першы паэтычны зборнік Э. Зубрыцкага “Блакітныя казкі” выйшаў у 1975 годзе, калі ён працаваў ужо ў Верхнядзвінскім раёне – спачатку настаўнікам у Асвейскай школе, а затым на працягу звыш 30 гадоў – супрацоўнікам раённай газеты “Дзвінская праўда”. Менавіта гэта таямнічая і чароўная Прыдзвінская зямля стала глебай для творчага росквіту паэта. Ёй прысвячаў ён вершы і паэмы, для яе напісаў гімн, з ёй зрадніўся да канца сваіх дзён.
Над вольнаю Дрысай бары,
Гаі над любімай Дзвіною
Звіняць на світальнай зары
І днём, і вячэрняй парою.
Я сэрцам к табе прыкіпеў,
Далёка жыву а ці блізка,
І чуецца горды напеў
Ад сцен ваяра-Верхнядзвінска.
Лёс Верхнядзвіншчыны стаў для паэта невычэрпнай крыніцай творчага пошуку. Ён пісаў аб яе прыродзе, трагічных ваенных падзеях, зведаных тут думках і пачуццях. Шмат вершаў прысвечана сям’і, любімай жонцы, дзецям і ўнукам, паплечнікам па творчаму цэху, верхнядзвінскім жыхарам. І землякі плацілі “свайму паэту” прызнаннем і любоўю. Друкавацца ў буйных выдавецтвах на той час было складана, але ў 2001 годзе раённай бібліятэкай была выдадзена кніга “Птушка з водсветам заранкі”. Вялікай папулярнасцю карысталася заснаваная Эдуардам Іосіфавічам у раённай газеце літаратурная старонка “Дзвінскія заранкі”.
У 2005 годзе ў беларускім выдавецтве “Кнігазбор” адна за другой выйшлі кнігі паэта “Мне б хоць кропельку неба” і “Рабінавыя астравы”, у 2006-м – “Журлівіца” і “След чмяля”, праз год – “Прычашчэнне” і “Сцяблінка баравая”, у 2008-м – “Опаленная птица” і “Суэма”. У гэтых паэтычных зборніках – душа паэта, якая імкнецца дакрануцца да самага святога і патаемнага на зямлі, каб змяніць свет да лепшага.
А пакуль свеціць сонца з нябёс
І спяшаюць па свеце дарогі,
За зямны мне трывожыцца лёс –
І за гэта мне дзякаваць Богу.
Як напісаў у прадмоўі да адной з кніг паэта яго сябра, член Саюза беларускіх пісьменнікаў Алег Салтук: “Эдуард Зубрыцкі – паэт ад неба і зямлі, ад родных ніў сваіх і хат, ад продкаў і нашчадкаў сваіх. І ўсё на гэтай зямлі, пад гэтым небам дорага і блізка земляку. І пра ўсё гэта ён піша так, што хочацца перачытваць душэўныя, трывожныя, напоўненыя радасцю і болем ягоныя радкі”.
І ўсё ж іду, твару малітву,
Жыву між бураў і трывог,
Каб на тваё
“А што зрабіў ты?..”
Я адказаць праўдзіва мог…
Запомніўшыся землякам найперш аўтарам непаўторных паэтычных твораў, Эдуард Зубрыцкі менш вядомы сённяшняму пакаленню як самабытны журналіст. Між тым у нашым рэдакцыйным калектыве, ды і, напэўна, ва ўсіх сельскіх гаспадарках раёна, добра памятаюць яго шматлікія артыкулы аб людзях працы, клопатах аграрыяў, сельскагаспадарчых кампаніях. Узначальваючы аграпрамысловы аддзел рэдакцыі, Эдуард Іосіфавіч быў частым госцем на палях і фермах раёна, каб пасля аператыўна рыхтаваць у нумар чарговы рэпартаж не пра “асмужаныя далі”, а вываз арганікі і павышэнне надояў. Мы працяглы час працавалі з ім у адным кабінеце, і я заўсёды жартавала, як ужываецца ў яго паэтычнай натуры ўзвышанае і зямное? А ён і ў празаічных газетных матэрыялах ухітраўся выявіць сваё творчае крэда – спалучаў пах разбуджанай зямлі з жаўруковай сяўбой, росныя ранкі са звонкай касавіцай, бусліныя віражы з залатым жнівом… Сённяшняй крэатыўнай журналістыцы так не хапае гэтых лірычных адступленняў і вобразаў. Тых, якія перадаюць спеў душы аратага і простую зямную ўдзячнасць за хлеб надзённы.
Дзе б ні быў,
Мне заўсёды і шчасна,
І ўтульна, і люба,
І за ўсё вам, жыты,
Самы нізкі сыноўні паклон…
У Эдуарда Зубрыцкага было столькі планаў і задум, але ў 2009 годзе, на піку творчага ўзлёту, сэрца паэта перастала біцца.
У супярэччы бяроз і ялін
Еднасць і згода.
Недзе на нейкай з крутых пуцявін
Спыняцца годы.
Іней дачасны цвіце ў валасах –
Восені позвы.
Нам бы сустрэцца на дальніх
шляхах…
Ветрана. Позна.
Засталіся памяць і багатая творчая спадчына. Здаецца, што яна яшчэ спаўна не ацэнена. Так, выдадзены асобныя кнігі, імя паэта носіць адна з бібліятэк раёна, падчас юбілеяў яму прысвячаюцца літаратурныя вечарыны і сустрэчы. Але, напэўна, надыйшоў час для перавыдання разрозненных паэтычных твораў паэта ў сістэматызаваны збор. Бо, калі паглыбіцца ў яго тонкую лірыку, відавочна, наколькі высокія ў яе грамадскае гучанне і мастацкая каштоўнасць. Важна як мага паўней захаваць і спаўна выкарыстаць гэту творчую скарбонку, каб услаўляла родны край і служыла наступным пакаленням.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *