Тэма тыдня

Тема недели

«НЕ КОЛЬКАСЦЮ, А ЎМЕННЕМ» 

Пры аптымізацыі ў дзяржапараце неабходна адсекчы ўсё лішняе, што плодзіць бюракратыю і перашкаджае дынамічнаму развіццю краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 сакавіка на нарадзе па пытанні аптымізацыі колькасці работнікаў дзяржаўных органаў.
«Адной з неабходных умоў для павышэння эфектыўнасці дзяржаўнай улады з’яўляецца пастаяннае ўдасканаленне кіраўніцкай сістэмы і яе механізмаў. Тут мы павінны дабівацца вынікаў, вядома ж, не колькасцю, а ўменнем. Не раздуваць бюракратычны апарат, а сістэмна фарміраваць кампактную структуру і эфектыўную мадэль кіравання. І гэта трэба рабіць паступова. Гэта не разавы акт, прывязаны да нейкай канкрэтнай лічбы», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аптымізацыя зусім не падразумявае аднаго толькі скарачэння колькасці работнікаў. Размова ідзе аб павышэнні якасці работы дзяржапарату ў цэлым. «Няправільна робяць тыя, хто бачаць у аптымізацыі функцыянавання дзяржаўных органаў толькі скарачэнне колькасці. Калі пойдзем гэтым шляхам, вялікага эфекту не дасягнём. Трэба паглядзець на ўсе працэсы, якія адбываюцца ў дзяржаўных органах краіны, — упэўнены Прэзідэнт. — На гэта, дарэчы, звяртае ўвагу і насельніцтва, калі мы праводзім сацыялагічныя апытанні. І, сустракаючыся на нарадзе з прадстаўнікамі сілавых структур, я гаварыў аб тым, што нам трэба аптымізаваць працэсы. Ад гэтага мы можам атрымаць значна большы эфект».
Прэзідэнт звярнуў увагу, што хацеў бы дасканала і ўсебакова абмеркаваць прадстаўленыя прапановы па аптымізацыі дзейнасці дзяржорганаў, каб у далейшым былі прыняты правільныя рашэнні. «За гэтым стаяць канкрэтныя людзі. Трэба прызнаць, што ў цэлым (у сям’і, вядома, не без недахопаў) у дзяржаўных структурах працуюць самыя дасведчаныя, вопытныя і падрыхтаваныя людзі, ад якіх залежыць функцыянаванне дзяржавы. Па-наплявацельску ставіцца да гэтых людзей і рэзаць па жывым не трэба», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама было падкрэслена, што дзяржорганы невялікіх гарадоў, раёнаў, а таксама пасялковыя і сельскія Саветы не маюць патрэбы ў скарачэннях. «Гэта яны самі паглядзяць. Калі нейкія паўтары стаўкі не патрэбны, яны скароцяць і дабавяць зарплаты іншым — гэта не забараняецца», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

АПТЫМІЗАЦЫЯ ОРГАНАЎ ДЗЯРЖКІРАВАННЯ БУДЗЕ ПРАХОДЗІЦЬ ПАСТУПОВА І БЕЗ РЭЗКІХ РУХАЎ 

Аб гэтым заявіў журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.
«Мы павінны ў максімальнай ступені аптымізаваць працэсы, звязаныя з дзяржкіраваннем, і знізіць іх затратнасць, не змяншаючы, а нават павышаючы якасць кіраўніцкіх рашэнняў. Гэты працэс павінен ісці не як нейкая кампанія да пэўнай даты, а паступальна, на працягу па меншай меры гэтага года. І няма размовы аб тым, што нават на працягу бягучага года працэс будзе завершаны. Ён павінен ісці пастаянна», — сказаў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, гэту работу Прэзідэнт даручыў правесці вельмі ўважліва і карэктна, каб ні ў якім разе не пакрыўдзіць людзей, не скараціць некага несправядліва або недаацаніць іх работу.
Андрэй Кабякоў таксама расказаў, што рыхтуецца адпаведны ўказ аб аптымізацыі дзяржаўных органаў.

ДАЙСЦІ ДА КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА 

Улады павінны дайсці да кожнага чалавека, убачыць праблемныя моманты і дапамагчы з іх вырашэннем. Аб гэтым заявіў 17 сакавіка журналістам першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, які прыняў удзел у рэспубліканскім семінары-нарадзе аб удасканаленні ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў сістэме адукацыі.
Адказваючы на пытанне журналістаў аб Дэкрэце нумар 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», Максім Рыжанкоў адзначыў, што кіраўніком дзяржавы пастаўлены задачы па навядзенні парадку ў гэтай сферы.
«Дэкрэт выявіў як пазітыўныя моманты, так і паказаў некаторыя выдаткі. Дэкрэт сёння перададзены на рэалізацыю ў мясцовыя органы ўлады, якім найбольш блізкія спадзяванні людзей. Мы павінны дайсці да кожнага, убачыць праблемныя моманты ў грамадзян, няхай і не звязаныя з рэалізацыяй дэкрэта», — адзначыў Максім Рыжанкоў. Ён падкрэсліў, што задача ўлады дапамагчы кожнаму знайсці сваё месца ў жыцці. Не толькі выявіць тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, але, перш за ўсё, пастарацца знайсці работу тым, хто можа і хоча працаваць.
«Калі людзі выходзяць на плошчу выказваць сваю нездаволенасць — гэта нонсэнс, гэта сведчанне таго, што не ўсюды і не ўсе дайшлі да людзей. У гэтай сітуацыі нам трэба старацца ісці да людзей. Бо галоўная каштоўнасць у нашай краіне — рабочы чалавек», — падкрэсліў Максім Рыжанкоў.

ШОСТЫ ШКОЛЬНЫ ДЗЕНЬ ПАВІНЕН БЫЦЬ ПАБУДАВАНЫ НА ІНТАРЭСАХ ДЗІЦЯЦІ

Шосты школьны дзень павінен быць пабудаваны на інтарэсах дзіцяці, заявіла намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка на канферэнцыі «Актуальныя пытанні прафілактыкі правапарушэнняў» у Мінску.
«Ва ўстановах адукацыі вядзецца пастаянная работа па ўдасканаленні шостага школьнага дня, праводзіцца конкурс на лепшую яго арганізацыю. Акцэнт, на якім мы настойваем, — гэта тое, што шосты школьны дзень павінен быць пабудаваны на інтарэсах дзіцяці, бацькоў, на індывідуальным падыходзе да кожнага вучня», — сказала Раіса Сідарэнка.
Карысным у сувязі з гэтым будзе ўзаемадзеянне школы і ўстаноў прафесійнай, вышэйшай адукацыі. Размова ідзе аб запрашэнні школьнікаў у плане прафарыентацыі ў тую сферу, якая іх можа зацікавіць. «Сёння нашы шостыя школьныя дні будуць арыентаваны менавіта на тое, каб дзіця ў шосты школьны дзень атрымала канкрэтнае ўяўленне аб той прафесіі, якую яно можа атрымаць, а можа быць, і атрымала свае першасныя прафесійныя навыкі», — адзначыла намеснік міністра.
Для ўдасканалення прафілактычнай работы па папярэджанні антыграмадскіх паводзін непаўналетніх у Міністэрстве адукацыі лічаць неабходным выключыць выпадкі іх адлічэння з устаноў адукацыі без згоды камісіі па справах непаўналетніх. Ужо ўносяцца адпаведныя змяненні ў Кодэкс аб адукацыі.

АСНАСЦІЦЬ УВЕСЬ ЖЫЛФОНД СІСТЭМАМІ АЎТАРЭГУЛЯВАННЯ СПАЖЫВАННЯ ЦЯПЛА ПЛАНУЕЦЦА Ў 2017 ГОДЗЕ

Аснасціць увесь жылфонд сістэмамі аўтаматычнага рэгулявання спажывання цяпла плануецца ў 2017 годзе, паведаміў 17 сакавіка журналістам начальнік упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і сродкамі масавай інфармацыі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Аксціловіч.
«Цяпер амаль 94 працэнты жылфонду аснашчаны сістэмамі аўтаматычнага рэгулявання спажывання цяпла. У 2017 годзе плануем завяршыць работу па аснашчэнні ўсяго жылля», — адзначыў Генадзь Аксціловіч.
Паводле яго слоў, усяго дамоў з цэнтральным ацяпленнем, якія маюць тэхнічную магчымасць аснашчэння такімі сістэмамі, амаль 27 тыс., аснашчана імі больш як 25,5 тыс. «Астатнія жылыя дамы, як правіла, з’яўляюцца малапавярховай забудовай. Па іх ёсць тэхнічныя пытанні, але яны вырашаюцца», — запэўніў Генадзь Аксціловіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *