Верхнядзвінская дэлегацыя прыме ўдзел у абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2016»

Актуально Общество

8 кастрычніка ў Сянно адбудзецца абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2016”.

Удзел у свяце ўраджаю прыме дэлегацыя Верхнядзвінскага раёна, узначальвае якую старшыня раённага выканаўчага камітэта І. І. Марковіч. У склад дэлегацыі ўваходзяць старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання У. У. Быкаў, супрацоўнікі райвыканкама і райсельгасхарчу, культуры і гандлю.
Пераможцамі абласнога спаборніцтва “Дажынкі-2016” прызнаны старшыя камбайнеры ААТ “Антонава-Агра” В. Д. Дадзека, ААТ “Шайцерава” В. П. Косаў, ААТ “Прудзінкі” У. М. Лапкоўскі, трактарыст-машыніст УВП “Вужыца-Агра” М. С. Аніськовіч, старшыня прафкама, загадчык нафтабазы ААТ “Шайцерава” А. А. Станкевіч.
Віншаванні будуць прымаць таксама кіраўнікі ААТ “Шайцерава” М. П. Гумнянкоў, УВП “Вужыца-Агра” А. В. Гарбуль, калектывы якіх дасягнулі лепшых паказчыкаў на жніве.
Удзельнікаў “Дажынак” чакаюць цырымонія ўзнагароджання і вялікая святочная праграма.

– Удзячнасці заслу-гоўваюць усе, хто працаваў на ўраджай. Аднак асаблівае пачуццё гонару ахоплівае за тых аграрыяў, якія сёлета прадстаўляюць Верх-нядзвіншчыну на абласных “Дажынках” у Сянно, – пракаменціравалі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. – Першынство атрымалі аграрыі Аршанскага раёна, якія намалацілі 101 тысячу тон зерня пры ўраджайнасці 36 ц/га. Наш раён заняў другое месца пры намалоце ў 67 тысяч тон і ўраджайнасці 34,2 ц/га.
Трэба адзначыць, што гаспадаркі раёна былі недастаткова забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі, на 40% зменшаны аб’ёмы хімахоўных работ. Ужо з мінулай восені мы разумелі, што атрымаем меншы ўраджай.
Свае карэктывы ўнесла і надвор’е. У самым пачатку ўборачнай выпала 260% нормы ападкаў. У першай дэкадзе жніўня – 150%. Палі ператварыліся ў непралазныя балоты. Былі толькі тры дні, калі камбайны змаглі папрацаваць поўны дзень. Зразумела, што з-за пераўвільготненай глебы тэхніка буксавала, ішла сапраўдная бітва за ўраджай, калі кожную тону адваёўвалі з вялікімі цяжкасцямі.
Самыя вялікія ўраджаі нязменна ў ААТ “Шайцерава” (46,9 ц/га), “Прудзінкі” (46,7), “Нурава” (44,3).
Найбольшы валавы збор зерня ў ААТ “Шайцерава”, якое атрымала 9730 тон. Дарэчы, гэта намалот усяго Расонскага раёна! На другім месцы ААТ “Прудзінкі” – 6853 тоны, трэцім СП “Каханавічы” – 6630 тон.

Прадстаўляем лаўрэатаў абласных «Дажынак»

img_2297-kopiya

Уладзіміра Міхайлавіча Лапкоўскага з ААТ “Прудзінкі” ведаюць не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі – таленавіты механізатар амаль штогод удзельнічае ў абласных і рэспубліканскіх “Дажынках”.
Аднак Уладзімір Міхайлавіч так і не прывык да ўвагі з боку журналістаў і пра свае перамогі гаварыць не любіць, бо не разумее, якое спаборніцтва можа быць, калі трэба проста добра выконваць сваю работу.
А вось пра сям’ю, асабліва дзяцей, гатовы расказваць гадзінамі. І ганарыцца тут ёсць чым. Разам з жонкай Вольгай выгадавалі сына і дачку. Аляксей ужо працуе ў “Прудзінках” інжынерам, завочна паступіў ў магістратуру Беларускай сельгасакадэміі. Дачка Юлія скончыла Валынецкую СШ і паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт. Яна марыць стаць настаўніцай пачатковых класаў і вярнуцца ў родную школу.
Ужо восьмы сезон Уладзімір Лапкоўскі за штурвалам “галандца” – камбайна “NEW-HOLLAND”. На яго асабістым рахунку сёлета 1909,5 тоны зерня. Дагэтуль працаваў на КЗС-10. Памятае і свой першы камбайн “Дон”.
Уладзімір Міхайлавіч нарадзіўся ў суседняй вёсцы Казуліна, якая некалі была цэнтрам калгаснага жыцця. Пайшоў працаваць у гаспадарку яшчэ да арміі. Падрыхтаваў кагорту прафесіяналаў-камбайнераў, якія некалі былі яго памочнікамі – Аляксандра Барстка, Алега Жойдзя і іншых. І на “Дажынкі” ездзіць ужо са сваімі вучнямі.

Старшы камбайнер ААТ “Антонава-Агра” Віктар Дзмітрыевіч Дадзека пятнаццаты сезон працуе на “Мега-204”. Сёлета ён намалаціў 1260 тон зерня. Працаваў не толькі ў родным сельгаспрадпрыемстве, але і дапамог з уборкай СП “Верхнядзвінскі”.

img_4890-kopiya-2
Як прызнаецца сам, галоўнае ў любой справе — прыкласці рукі, а далей ужо – справа тэхнікі.  -Калі пачаў працаваць пасля арміі ў калгасе “Усход” (сучаснае ААТ “Бялькоўшчына”), далі старэнькую “Ніву”. Я сам перабраў камбайн і “паставіў на ногі”. Многаму навучыўся ў Боркавіцкім СПТВ, дзе атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста, слесара, словам, спецыяліста шырокага профілю.

Пасля вярнуўся да бацькоў у Антонава. Але ўжо не адзін, а з жонкай Таццянай — пазнаёміліся з ёй на танцах у Галубаве. З тае пары вось ужо 21-ы год працую тут. Нарадзілі траіх сыноў. А сёлета стаў дзедам – майму ўнуку Арсенцію ўжо чатыры месяцы! Вялікі чалавек!
Спачатку ў сельгаспрадпрыемстве далі невялічкі домік, а пазней пераехалі ў больш камфортную і прасторную сядзібу. Пакуль дзеці былі малымі, трымалі кароў. Зараз на падвор’і – свінні, куры ды сабака.
Таццяна працуе аператарам машыннага даення на ферме ў “Антонава”. Так што хапае сям’і клопатаў і на працы, і дома.
Мэту перамагчы перад сабой ніколі не ставіў. Хаця, канешне, вельмі прыемна, што праца хлебароба ў пашане. Ужо трэці раз буду ўдзельнічаць у абласных “Дажынках”. Аднак назаўсёды запомню 2006 год, калі на рэспубліканскіх “Дажынках” атрымаў аўтамабіль.

ААТ “Шайцерава” вядома сваімі руплівымі і стараннымі працаўнікамі. Сёлета з 11 камбайнераў 5 намалацілі больш тысячы тон зерня. Гэта Уладзімір Шайцяронак, Сяргей Мацулевіч, Юрый Казак, Дзяніс Дземчанка і Васіль Косаў.

img_8820-kopiya

Васіль Косаў – адзін з трох камбайнераў раёна, які намалаціў найбольшую колькасць зерня ў пераразліку на норма-камбайн. На “Мега-204” дасягнуў паказчыка ў 1173,6 тоны.
Больш пятнаццаці гадоў Васіль Паўлавіч заняты ў сельскай гаспадарцы. У ААТ “Шайцерава” аб ім гавораць як аб адказным і добрасумленным чалавеку. Асабліва цэняць за тое, што можа бездакорна выканаць любыя сельскагаспадарчыя работы. У летні прыпар ён працуе на збожжавым камбайне, а зімой на раздатчыку возіць кармы. Выконвае ўвесь комплекс вясенне-палявых работ – вядзе сяўбу і ворыва. Любую справу, за якую б ні браўся, заўсёды даводзіць да канца.
Сям’ю Косавых добра ведаюць у Шайцераве. З жонкай Галінай набылі ўласны дом, завялі на падвор’і падсобную гаспадарку. У сям’і – трое дзяцей, старэйшая дачка ўжо студэнтка, двое ходзяць у школу.
У Шайцераве лічаць, што менавіта на такіх моцных сем’ях трымаецца гаспадарка.
Ксенія КАВАЛЁНАК.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *