У школе адбыўся восеньскі кірмаш

Актуально Образование

Суботняй раніцай 22 кастрычніка сярэдняя школа № 2 г. Верх-нядзвінска гасцінна адчыніла дзверы ўсім, хто прыйшоў на свята ўраджаю “Восеньскі кірмаш”. Хлебны і садовы, шырокі і багаты, песенны і гасцінны, шчодры і таленавіты – усё гэта пра наш кірмаш!

7-a

З раніцы школа поўнілася вясёлым гоманам дзяцей, бацькоў, настаўнікаў і гасцей. Панаваў вясёлы, прыўзняты настрой. Усе загадзя вельмі пастараліся: падрыхтавалі розныя вырабы з садавіны, агародніны, іншых прыродных матэрыялаў. А колькі смачных і арыгінальных кандытарскіх вырабаў было прыгатавана навучэнцамі разам з бацькамі да кірмашу!
І вось пад мілагучную беларускую мелодыю вядучыя — вучаніцы 11 класа Кацярына Амельчанка і Вераніка Баран, а таксама вучань 10 “А” класа Ягор Урбан запрасілі ўсіх на свята. Прысутным яны прапанавалі загадкі, бяспройгрышную латарэю, а інсцэніраваная сцэнка “Продаж каровы” падаравала хвілінкі смеху. Атмасферу свята падтрымлівалі музычныя нумары ў выкананні Сафіі Пацянкоўскай з 2 “Б” класа, Жэні Кавалёнак, Насці Чарнавок і Каці Выгарнай з 3 “А” класа, Аліны Квач з 7 “А” класа, а таксама вучаніц 7 “Б” класа Дыяны Грыдзюшка, Крысціны Кіслоўскай, Ганны Грамузавай і Міланы Юхневіч.
Багацце пірагоў, іншага печыва і прысмакаў, разнастайныя вырабы кожны клас прадстаўляў па-свойму актыўна і творча. Вучань 2 “А” класа Аляксей Дзенісёнак разам з мамай Вольгай Васільеўнай заклікаў пакупнікоў: “Не хадзіце нікуды, падыходзьце ўсе сюды!” Дзяўчынкі з 2 “Б” класа ў нацыянальных касцюмах вершаванымі заклікамі прапаноўвалі пакупнікам свае вырабы. Вучні 2 “В”, 6 “А” класаў запрашалі купіць не толькі прысмакі, але і самаробныя цацкі.

risunok1

 

Вершаванымі радкамі пра розныя восеньскія дары заклікалі да сваіх сталоў прадстаўнікі 3 “Б”, 5 “А”, 7 “Б”, 8 “А”, 9 “Б” класаў. Вучні 4 “Б” дружна дэкламавалі: “Ураджай у нас багаты, а ну, купляйце ўсё, рабяты!” Вучні 5 “Б” і 8 “Б” класаў свой тавар рэкламавалі загадкамі, вершамі і падрыхтаванымі загадзя плакатамі. Прыпеўкі гучалі ў выкананні вучняў 6 “Б” і 9 “В” класаў. Каб прэзентаваць свой тавар, вучаніцы 7 “А” класа Даша Паршута і Ганна Дубовік апрануліся ў самаробныя касцюмы ў выглядзе гародніны. А хлопцы з 10 “А” правялі латарэю, галоўным прызам якой былі абаранкі.

img_1244

 

Бойка ішоў гандаль капустай, цыбуляй, морквай, шматлікім пачастункам… Свята восені спадабалася ўсім. Яно падаравала многа пазітыўных, станоўчых эмоцый. А яшчэ — гэта не толькі часцінка падмурку для фарміравання духоўнага свету асобы навучэнцаў, але і адна з магчымасцей аб’яднання школы і сям’і.
Школьны кірмаш – мерапрыемства не толькі творчае, сямейнае, грамадзянска-патрыятычнае, але яшчэ і дабрачыннае. Нямала знайшлося жадаючых паўдзельнічаць у акцыі “Ад сэрца да сэрца” па збору грашовых сродкаў, якія членамі камісіі з ліку вучнёўскага самакіравання, бацькоўскай грамадскасці і педкалектыву былі пера-лічаны на разліковы рахунак Беларускага дзіцячага фонду.
Добры настрой, смачныя ласункі, станоўчы зарад на новы тыдзень – усё гэта падараваў прысутным кірмаш. І хочацца спадзявацца — заклаў яшчэ адну школьную традыцыю.
Алена СЛЯМНЁВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2
г. Верхнядзвінска.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *