Верхнядзвінскія майстры аднаўляюць мастацтва паяснога адзення

Культура

На “Славянскім базары ў Віцебску” у свяце-конкурсе народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства” ў намінацыі “Аднаўленне форм паяснога адзення” верхнядзвінскія майстры занялі першае месца.

витебск костюм 079

Удзел у конкурсе прынялі ўсе раёны вобласці, якія прадэманстравалі адноўленыя народныя касцюмы, характэрныя для кожнага куточка Віцебшчыны.
Як расказала кіраўнік народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў раённага Дома рамёстваў Алена Дзямешка, на конкурс былі прадстаўлены самабытныя касцюмы Верхнядзвінскага строю. Нашы майстрыцы – Таццяна Цыро, Алена Дзямешка і Таццяна Гузева стварылі два дзявочыя, жаночы, мужчынскі касцюмы і касцюм маладзіцы.
-Трэба адзначыць, што работа па іх стварэнні праведзена вялікая. Касцюмы верхнядзвінскага строю аднаўлялі па старадаўніх кнігах, ездзілі ў экспедыцыі па раёне, — расказвае Алена Міхайлаўна. — Асабліва шмат матэрыялу назапасілі ў Асвеі. Адметна, што ўсе касцюмы створаны з натуральных тканін, уручную.
Адрадзілі косаклінны сарафан, які насіўся толькі ў нашай мясцовасці і вылучаўся своеасаблівым кроем – меў ад чатырох да васьмі кліноў, аздабляўся чырвонай стужкай. Кашулі таксама аздоблены своеасаблівымі чырвонымі плечавымі ўстаўкамі, якія называліся палікі. На дзявочым сарафане вытканы і пафарбаваны льняны матэрыял. Сарафан маладзіцы пашыты з пяці полак. Шырыня па падоле 4,5 метра. Увогуле, сарафан – найбольш распаўсюджанае для нашай мясцовасці адзенне, як і васільковы колер.
Таццяна Цыро на кроснах выткала матэрыял, упрыгожыла касцюмы вышыўкай. Для стварэння кашуль выкарыстала так званае бранае ткацтва – узор на адзенні здаецца вышытым уручную, але, насамрэч, ён вытканы. Дарэчы, эскізамі, падборам тканіны таксама займалася сама майстрыца. У стварэнні самабытных касцюмаў ёй дапамагалі Алена Дзямешка і Таццяна Гузева.
Таццяна Міхайлаўна Цыро паспяхова адраджае ткацтва Верхнядзвіншчыны. Маладая майстрыца, знаўца справы, яна атрымала спецыяльнасць ткачыхі ў Віцебскім каледжы мастацтваў, скончыла мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П. М. Машэрава.
Свае работы на “Славянскім базары” у конкурсе “Лазовы прут” прадставіў верхнядзвінскі майстар Мікалай Баршчоў і заняў трэцяе месца ў намінацыі “Традыцыйны выраб”. Мікалай Мікалаевіч адзін з нямногіх у вобласці, хто займаецца рэдкім рамяством – спіральным пляценнем з саломы і лазы. Яго вырабы заўсёды вылучаюцца дасканаласцю выканання.
Віншуем народных майстроў, якія працягваюць і прымнажаюць старадаўнія рамесныя традыцыі, з перамогамі!
Ксенія КАВАЛЁНАК.
Фота з архіва Дома рамёстваў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *