Верхнядзвінскі мастак падарыў карціну музею

Культура

У раённым музеі адбылася прэзентацыя карціны “Крэпасць Дрыса” члена Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь Валерыя Счаснага.

IMG_4185+ копия
Акрэсліваючы тэму мерапрыемства, навуковы супрацоўнік музея Антон Бубала адзначыў, што Валерый Ігнатавіч у прадстаўленні не мае патрэбы. Ён даўно вядомы мастак, які ўнёс нямала сіл у афармленне і ўвекавечванне розных куткоў Верхнядзвіншчыны. У яго запасніках яшчэ шмат карцін, якія праслаўляюць гераічнае мінулае і паказваюць хараство роднай зямлі. Працуе мастак у стылі супрэматызму, працягваючы справу суполкі “Квадрат”.
Мастак нарадзіўся і вырас у Верхнядзвінску, з маленства захапляўся прыгожымі краявідамі наваколля. Натхнёны юбілеем горада, вырашыў данесці да людзей свой погляд на тое, дзе была першая крэпасць “Дрыса”.
На думку аўтара, яна знаходзілася на Гейжанава — у раёне цяперашняга хлебазавода. Мастак дакладна абгрунтаваў свой погляд.
— Менавіта гэта месца менш за ўсё падлягае паводцы, яно акружана вадой і лесам, пры гэтым дастаткова ўмацавана ад ворага, — гаворыць Валерый Ігнатавіч. – А калі прайсці сцежкай уздоўж Дрысы, адчуваеш нейкую асобую энергетыку.
На карцінах — а іх дзве з аднолькавым сюжэтам, але ў розных тэхніках, мастак стварыў вобраз крэпасці, прымяніўшы картаграфічны прынцып. Разглядаючы карціну, пачынаеш выразна ўяўляць драўляную крэпасць, абнесеную моцнай агароджай, побач з якой абавязкова знаходзіцца царква з залачонымі купаламі. Непадалёк туляцца невялікія хаткі сялян, агароды. У лесе можна паляваць, збіраць ягады і грыбы, а ў рацэ вудзіць рыбу. Пачынаеш дамалёўваць вобразы, у фарбах уяўляць уклад жыцця і быту людзей.
Антон Францавіч удакладніў, што месца, дзе знаходзілася першая крэпасць “Дрыса”, пакуль невядома. Навукоўцы не могуць дакладна вызначыць, дзе яна знаходзілася. Вельмі цікавы падыход мастака мае права на існаванне. Моладзі ёсць над чым паразважаць і пашукаць доказы. “Той, хто шукае свае карані, карані сваёй радзімы, мае права называцца грамадзянінам. Лепш “захварэць” краязнаўчай “хваробай”, чым віртуальным светам”, – сказаў А.Бубала.
Валерый Ігнатавіч Счасны падарыў карціну “Крэпасць Дрыса” раённаму музею, дзе яна зойме пачэснае месца. А наведвальнікаў будзе натхняць на пошук ісціны.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *