Традыцыі саломапляцення ў Верхнядзвінскім раёне

Актуально Культура

У пачатку снежня беларускае саломапляценне было ўключана
ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Лічыцца, што салому як матэрыял для пляцення продкі сучасных беларусаў пачалі выкарыстоўваць ў II-I тысячагоддзях да н.э. У той час гэтае рамяство было цесна звязана з культамі хлеба і ўрадлівасці: з саломы рабілі абярэгі, абрадавыя фігуркі, цацкі; з яе дапамогай варажылі і праводзілі важныя рытуалы. Акрамя таго, гэты даступны і практычны матэрыял быў незаменным памочнікам у сялянскім побыце: у кожнай хаце меліся плеценыя з саломы карабы, кошыкі, ёмістасці для захоўвання зерня і нават мэбля.
Саломапляценне не страціла сваёй значнасці і з прыходам на беларускія землі хрысціянства. Колерам падобная на золата салома пачала выкарыстоўвацца для царкоўнага ўбрання. На Палессі нават склалася лакальная мастацкая школа па стварэнні саламяных іканастасаў для праваслаўных цэркваў, аналагаў якім яшчэ не знойдзена. Дагэтуль у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі-запаведніку захоўваюцца тры саламяныя Царскія брамы пачатку XIX стагоддзя – вяршыня майстэрства саломапляцення.
Нельга не сказаць і пра саламяны капялюш – традыцыйны элемент нашага нацыянальнага строю. Лічыцца, што пляценне капелюшоў – спрадвечна беларускае рамяство, якое не падвяргалася еўрапейскаму ўплыву.
Зараз саломапляценне – сапраўдны брэнд нашай краіны, адна з яе «візітных картак». Гэтае рамяство актыўна адраджаецца і развіваецца, набірае папулярнасць. Вылучаюць чатыры віды мастацкай апра-цоўкі саломкі: спіральнае пляценне, пляценне прамых і аб’ёмных пляцёнак, саламяная пластыка (аплікацыя), канструяванне з саломін (так званыя «павукі»). У 2017 годзе статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь атрымала традыцыя вырабу саламяных «павукоў» у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці, у 2019 годзе – тэхналогія спіральнага пляцення ў Віцебскай вобласці. І вось напрыканцы 2022 года беларуская намінацыя «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» ўвайшла ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Такое рашэнне прынята на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая адбылася ў Марока.
Захоўваюцца традыцыі беларускага саломапляцення і ў Верхнядзвінскім раёне. Гэтым старажытным рамяством, гісторыя якога налічвае не адно тысячагоддзе, выдатна валодаюць майстры Дома рамёстваў і створанага пры ім народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў: Валянціна Шумская, Анжэла Макеенак, Тамара Дзямешка, Жанна Протас і Таццяна Цыра. Вырабы нашых мясцовых рамеснікаў не аднойчы ўражвалі журы беларускіх і міжнародных творчых конкурсаў і фестываляў. У 2019 годзе, напрыклад, верхнядзвінцы прымалі ўдзел у адкрытым абласным свяце-конкурсе майстроў саломапляцення «Папараць-кветка», які праводзіўся ў рамках «Славянскага базару ў Віцебску». Валянціна Шумская стала лаўрэатам III ступені ў намінацыі па саломапляценні «павук». А ў 2022 годзе на выставе-конкурсе па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве «Велікодныя ўзоры» работы ва ўнікальнай тэхніцы спіральнага пляцення Мікалая Мікалаевіча Баршчова, якога, на жаль, ужо няма з намі, атрымалі Дыплом II ступені ў намінацыі «Этнаграфічны артэфакт. Рэпліка».
За гады работы ў Доме рамёстваў скапілася шмат самых розных вырабаў з саломкі: пано, фігуркі, кошыкі, сявалкі, «павукі» – не пералічыць! І ўжо зусім хутка ўсё гэта можна будзе ўбачыць на выставе, прысвечанай уключэнню беларускага саломапляцення ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Сачыце за навінамі, каб не прапусціць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з адным з самых старажытных аутэнтычных рамёстваў нашай краіны.
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *