Тэма тыдня

Тема недели

тема

У Беларусі неабходна задзейнічаць існуючыя рэзервы для аднаўлення ў першую чаргу жылога фонду, які пацярпеў у выніку стыхіі. Такую задачу паставіў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін на нарадзе камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў.
Анатоль Калінін адзначыў, што, нягледзячы на праводзімую работу, патрэбна яшчэ шмат зрабіць для ліквідацыі наступстваў неспрыяльных з’яў надвор’я і забяспечыць бяспечную жыццядзейнасць людзей. «Неабходна задзейнічаць існуючыя рэзервы і сілы для аднаўлення ў першую чаргу жылога фонду там, дзе грамадзяне вымушаны пакінуць свае месцы або пражываць у цяжкіх умовах», — сказаў віцэ-прэм’ер.
Паводле яго слоў, усе першачарговыя работы ў краіне выкананы. Таму цяпер трэба сканцэнтравацца на забеспячэнні неабходнымі будаўнічымі матэрыяламі грамадзян, якія пацярпелі. «Давайце засяродзім намаганні, у першую чаргу, на жылых дамах», — звярнуўся да ўдзельнікаў нарады Анатоль Калінін.
У цэлым, паводле яго ацэнкі, усе дзяржорганы аператыўна адрэагавалі на сітуацыю з надвор’ем. «Гэта падзея класіфікуецца як надзвычайная сітуацыя прыроднага характару рэспубліканскага ўзроўню. Найбольшае ўздзеянне зведалі Мінск, Мінская і Віцебская вобласці, часткова Гродзенская, Магілёўская і Гомельская вобласці», — нагадаў намеснік прэм’ер-міністра. Хуткасць парываў ветру ў час праходжання 11-13 ліпеня навальнічных франтоў дасягала 25 м/с. Выпала 40 мм ападкаў пры месячнай норме 85-90 мм.
Анатоль Калінін інфармаваў, што ў выніку стыхіі ў Беларусі парушана электразабеспячэнне 1126 населеных пунктаў, адключылася 3 тыс. трансфарматарных падстанцый, зафіксаваны выпадкі падзення больш як 4,2 тыс. дрэў на праезджую частку дарог, унутрыдваровыя тэрыторыі і інш. Акрамя таго, адбылося 447 пашкоджанняў аўтамабіляў, траўміравана 37 чалавек, пашкоджаны дахі 627 жылых дамоў.
У 45 кропках Мінска былі падтоплены праезджая частка дарогі, прыватныя домаўладанні. Зафіксавана 28 выпадкаў спынення руху грамадскага транспарту, 26 выпадкаў спынення руху паяздоў.
На тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта сутыкнуліся 2 паветраныя судны, якія знаходзіліся на стаянцы, 5 паветраных суднаў атрымалі пашкоджанні ў выглядзе ўвагнутасцей. Ад Мінэнерга паступіла інфармацыя аб пашкоджанні 368 апор рознай магутнасці і напружання. Плошча пашкоджаных лясных пасадак перасягнула больш як 8 тыс.га, канчатковыя аб’ёмы ўдакладняюцца.

РАЗВІВАЦЬ УНУТРАНЫ ТУРЫЗМ

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава прапануе больш актыўна развіваць унутраны турызм.
«Доля турызму ў ВУП сёння невялікая, і гэту сітуацыю трэба змяніць. У краіне прынята дзяржпраграма «Беларусь гасцінная» на 2016-2020 гады, у якой прадугледжаны мерапрыемствы і фінансаванне, каб паказаць турыстычны патэнцыял не толькі для замежных грамадзян, але і для саміх беларусаў», — адзначыла Наталля Качанава.
Наталля Качанава падкрэсліла, што развіццём турыстычнай індустрыі павінны займацца не толькі Міністэрства спорту і турызму, але і іншыя ведамствы — Мінтранс, Мінгандаль і г.д.

АКТЫВЫ Ў ЗАМЕЖНАЙ ВАЛЮЦЕ ПАВЯЛІЧЫЛІСЯ

Афіцыйныя рэзервовыя актывы і іншыя актывы Беларусі ў замежнай валюце за чэрвень павялічыліся на 4,3 працэнта і на 1 ліпеня склалі $4,9 млрд.
У структуры замежных валютных актываў афіцыйных органаў Беларусі рэзервовыя актывы на 1 ліпеня склаліся ў памеры $4,31 млрд супраць $4,27 млрд на 1 чэрвеня. У тым ліку рэзервы ў канверсоўных замежных валютах складаюць $1,87 млрд, спецыяльныя правы пазыкі — $520,1 млн, золата (уключаючы прадастаўленае ў пазыку) — $1,7 млрд, іншыя рэзервовыя актывы — $206,1 млн.
Іншыя актывы ў замежнай валюце і золаце, не ўключаныя ў склад рэзерваў (ліквідныя актывы ў банках з рэйтынгам ніжэйшым за інвестыцыйную катэгорыю па рэйтынгавых шкалах міжнародных рэйтынгавых агенцтваў Fitch Ratings, Standard and Poor’s і Moody`s Investors Service), на 1 ліпеня склалі $553,7 млн. З іх дэпазіты — $279,9 млн, дэпазіты ў золаце — $245,9 млн, каштоўныя паперы — $27,9 млн.
Чаканыя на працягу года траты афіцыйных органаў у замежнай валюце па стане на 1 ліпеня склалі амаль $5,9 млрд, якія неабходна выплаціць па пазыках і каштоўных паперах.
Умоўныя абавязацельствы Бела-русі ў замежнай валюце на працягу 12 месяцаў пасля 1 ліпеня могуць запатрабаваць выплаты больш як $1,37 млрд.

КАЛЯ 10 ТЫСЯЧ ГА ЛЕСУ ПАЦЯРПЕЛА АД УРАГАНУ

Больш за 10 тыс. га лясоў пацярпела ад ураганаў, якія прайшлі апошнімі днямі ў Беларусі. Аб гэтым паведаміў міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч у час наведвання найбольш пацярпелага ад урагану Смалявіцкага лясгаса (Мінская вобласць).

«Гэта самае маштабнае бедства за ўсю гісторыю лесаводства ў Беларусі. Нанесены небывалыя разбурэнні лясной гаспадарцы. Паводле папярэдняй ацэнкі, пацярпела больш за 10 тыс. га лесу ў сумарнай масе звыш 3 млн кубаметраў», — удакладніў Міхаіл Амельяновіч.
Значна пацярпелі ад урагану Бярэзінскі, Дзяржынскі, Мінскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі раёны Мінскай вобласці і Мазырскі раён Гомельскай вобласці.

БОЛЬШ ЯК 22,3 ТЫС. ЧАЛАВЕК СТАНУЦЬ СТУДЭНТАМІ БЮДЖЭТНАЙ ФОРМЫ НАВУЧАННЯ

Аб гэтым паведаміў журналістам першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.
Паводле слоў Вадзіма Богуша, у абітурыентаў запатрабаваны даволі шырокі спектр спецыяльнасцей — як тэхнічныя, так і педагагічныя, медыцынскія. Традыцыйна вельмі папулярнымі сталі такія спецыяльнасці, як «міжнароднае права» ў БДУ, спецыяльнасці ў сферы інфармацыйных тэхналогій у БДУ і БДУІР.
Пры гэтым першы намеснік міністра адзначыў, што з кожным годам усё больш абітурыентаў, якія нацэлены на атрыманне адукацыі ў канкрэтным універсітэце па канкрэтнай спецыяльнасці і якія мэтанакіравана рыхтуюцца да ўступных іспытаў.
Прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія жадаюць удзельнічаць у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі ў дзённай бюджэтнай форме, завяршыўся 14 ліпеня. Цяпер прыёмныя камісіі праводзяць аналіз дакументаў. Залічэнне на бюджэт завершыцца 24 ліпеня (у сілавыя ВНУ — 22 ліпеня, у творчыя — 28 ліпеня).

ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА Ў 2017 ГОДЗЕ ПРЫМЕ ПОЛАЦК

Дзень беларускага пісьменства ў 2017 годзе прыме Полацк, паведаміла журналістам віцэ-прэм’ер Наталля Качанава перад пасяджэннем Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме пры Савеце Міністраў.
«У гэтым годзе маштабнае свята прыме Рагачоў. На апошнім пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы свята было прынята рашэнне, што наступнай сталіцай Дня пісьменства стане Полацк, нягледзячы на тое, што тут праходзіла свята ўжо не раз. Сімвалічна, што якраз у 2017 годзе будзе адзначацца і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, і ў Полацку нарадзіўся Францыск Скарына», — сказала Наталля Качанава.
На думку віцэ-прэм’ера, Полацк павінен стаць турыстычнай Мекай — для гэтага ёсць усё неабходнае.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *