Вясёлымі забавамі адзначылі верхнядзвінцы свята праводзінаў зімы, якое адбылося на мінулым тыдні ў гарадскім парку.

Рукі самі прыхлопвалі, а ногі кідаліся ў скокі ўслед за артыстамі РДК, якія натхнёна весялілі і заводзілі гасцей хлебасольнай Масленіцы. Вядучыя Вікторыя Бурак і Уладзімір Літвінаў запрашалі і старых і малых да ўдзелу ў конкурсах, а забаўныя вялікія лялькі з тэтра “Ігрык” і гарэзныя зазывалы нястомна вадзілі карагоды і сыпалі жартамі.

Вельмі спадабаліся гледачам выступленні народных калектываў “Ярыца”, клуба “Ветэран”, групы “Праект”, салістаў РДК, якія парадавалі цудоўнымі песнямі і музыкай.
Гасцей клікалі атракцыёны, было нямала жадаючых пакатацца на конных запрэжках і поні, дзеці і моладзь аблюбавалі ледзяную горку. Цікавыя спаборніцтвы ў выглядзе “сырных шашак” прыдумаў масласырзавод – сыраробы ўмеюць не толькі рабіць смачную прадукцыю, але і рэкламаваць яе. А Верхнядзвінскі Дом рамёстваў падрыхтаваў да зімовага свята выставу сувеніраў.

І, зразумела, Масленіца шчодра частавала блінамі, шашлыкамі, салодкімі ласункамі, якія прапа-ноўвалі гасцям гандлёвыя работ-нікі райспажыўтаварыства.
Па традыцыі ўдзельнікі свята развялі вялікі касцёр, на якім спалілі чучала Зімы – адыходзь, старая, людзі гукаюць вясну!
НА ЗДЫМКАХ: на верхнядзвінскай Масленіцы.
 Фота Валерыя САЛАЎЁВА.

 
						 
						