У гімназіі адьылася вечарына, прысвечаная 70-годдзю вызвалення Беларусі

Память

…Музы не маўчалі…
Гаварылі… Клікалі… Крычалі…
Музы былі мацнейшыя  за гарматы…


Да знакавай даты для ўсяго беларускага народа — 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і ў рамках абласнога семінара, які прайшоў на базе Верхнядзвінскай гімназіі для метадыстаў навучальна-метадычных кабінетаў, што курыруюць работу бібліятэк устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, адбылася літаратурная вечарына-прысвячэнне «Гарматы гаварылі — і музы не маўчалі».
Яскравае дзеянне, якое закранула душу кожнага гледача ў зале, напаўняючы яе пачуццём гонару за «змагароў словам», адбылося дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў мерапрыемстве вучняў 7-11 класаў пад кіраўніцтвам бібліятэкара Т. М. Рыжай.
Чытальнікі расказвалі аб творчасці беларускіх пісьменнікаў, лёс якіх апаліла вайна, і якія, нягледзячы ні на што, літаратурным словам уздымалі баявы дух роднага народа, заклікаючы на барацьбу з фашысцкімі захопнікамі.
Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Іван Шамякін… Падчас вечарыны быў узгаданы іх жыццёвы і творчы шлях — такіх розных людзей і творчых таленавітых асоб, якія перасякліся ў адзінай кропцы — вайне.
Урывак з верша-закліка Янкі Купалы «Беларускім партызанам» прагучаў у выкананні Паўла Казачонка. А Канстанцін Круклінскі прачытаў верш Я. Коласа «Голас зямлі».
Сіла ўздзеяння мастацкага слова нашых класікаў на маральны дух народа аказалася настолькі моцнай, што фашысцкі гаўляйтэр Вільгельм Кубэ ў адным са сваіх загадаў патрабаваў, каб імёны Купалы і Коласа зніклі з беларускай літаратуры.
Веліч маральнай стойкасці, калектыўны вобраз нязломнага народа-змагара стварыў у сваіх творах М. Лынькоў. Урывак з яго апавядання «Васількі» прагучаў са сцэны ў выкананні Андрэя Дудко. Кірыл Варабей выступіў з гумарыстычным апавяданнем «Дзед Аўсей і Палашка».
Шмат твораў ваеннай пары — вершы, балады, паэма — ёсць і ў літаратурнай капілцы А. Куляшова. Яго балада «Ліст з палону» — гэта крык спакутаванай душы дзяўчыны-паланянкі, боль знявечанай ворагам беларускай зямлі і разам з гэтым — вера ў вызваленне роднай зямлі, у светлую перамогу. Усе гэтыя пачуцці перадалі са сцэны выканаўцы Вольга Цішаловіч, Наталля Протас, Вольга Пірог і Крысціна Свідрыцкая.
Вершы П. Панчанкі адчайна і смела ўзнімалі баявы дух народа, мацавалі жаданне біць ненавісных чужынцаў. Уся пакутніцка-трагічная сутнасць вайны знайшла адлюстраванне ў вершы «Герой», які пранікнёна прадэкламаваў Станіслаў Пятроў. У выкананні яго і Вікторыі Салаўёвай гледачы ўбачылі інсцэніроўку з рамана І. Шамякіна «Зеніт».
Усе выступленні суправаджаліся мультымедыйнымі слайдамі, музычным афармленнем. Вядучыя вечарыны Вольга Васёха і Андрэй Дудко дапамаглі прысутным на нейкі час адчуць боль і пакуты, што давялося перанесці беларускаму народу падчас вайны, а таксама гордасць за яго стойкасць і мужнасць.
Мерапрыемства пакінула незабыўныя ўражанні ва ўсіх прысутных, а пранікнёныя выступленні вучняў краналі да глыбіні душы.
Знакавая дата знайшла сваё ўвасабленне і ў кніжнай выставе «Памяць сэрца» з тэматычнымі раздзеламі «Беларусь гераічная», «Беларусь-партызанка», «У кожным сэрцы-вогнішча Хатыні», «Дзеці-героі і сведкі вайны».
Анна ЗІМАЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *