Да 70-годдзя вызвалення Беларусі

Актуально Память

Наша вёска Дворыца тулілася непадалёк ад рэчкі Дрыса, побач праходзіла дарога на Боркавічы і Дзёрнавічы. Вось па ёй у першыя дні вайны і рухаліся нямецкія войскі і тэхніка. А праз некаторы час, у зваротны бок, нашы ваеннапалонныя. Змучаныя, абарваныя і галодныя, пад аховай фашыстаў з сабакамі.
Мая бабуля, Агрыпіна Паўлаўна Брыль, і іншыя жанчыны кідалі ў калону кавалкі хлеба, фашысты пускалі ў ход прыклады. Потым мне расказвалі, што здараліся выпадкі, калі сярод палонных трапляліся сваякі мясцовых жыхароў і іх адпускалі.
Пацягнуліся змрочныя часы акупацыі. У нас адабралі хатнюю жыўнасць. Добра, што дзядуля загадзя схаваў у полі запас збожжа і бульбы. Але ж дзецям (майму брату Вадзіму споўніўся годзік, мне — тры з паловай) патрэбна было малако, і дзед, Лаўрэнцій Усцінавіч, хадзіў за ім у суседнія вёскі, дзе яшчэ заставаліся каровы.
Аднойчы яго затрымаў ля лесу нямецкі патруль. Прывялі дзеда ў нашу хату, дзе, дарэчы, размяшчаўся штаб фашыстаў. Афіцэр загадаў: «Раніцай расстраляць!».
Усю ноч мы не спалі, мама і бабуля маліліся. А на світанні ўспыхнула перастрэлка. Немцам памроілася, што падыходзяць партызаны, і адкрылі агонь… самі па сабе. Афіцэра паранілі ў галаву, і яму ўжо было не да дзеда.
А той дапамагаў партызанам. Калі яны ішлі на «жалезку» або ў засаду, дзядуля чакаў з канём і павозкай. Пасля баявой аперацыі на павозцы адвозіў параненых. Раніцай мама і бабуля адмывалі з драбіны кроў.
Праз некаторы час усю сям’ю арыштавалі па падазрэнні ў сувязі з партызанамі. Памятаю, ішлі цераз лес да станцыі Адамова. Бабуля несла сухары, мама — браціка, а я — бідончык з малаком.
Апынуліся мы ў Полацкай турме, у агульнай камеры. Людзей там было шмат. Мяне з брацікам выпускалі пагуляць. Запомнілася, як падыходзіў немец, гладзіў па галоўках і даваў піць з фляжкі чорную горкую каву.
На допыце мы, як навучыла бабуля, выйшлі наперад і гучна прачыталі «Ойча наш». Дзіва, але ўсіх адпусцілі дадому. У хаце ўсё было раскідана, а старадаўняя вялікая Біблія рассечана сякерай.
Прыйшлі партызаны і сказалі, што трэба хавацца ў лесе. Дарослыя выкапалі зямлянку непадалёк ад Ульянова. Калі карнікі палілі вёску, полымя ўзнімалася высока над лесам.
Яскрава памятаю момант, калі з’явліся чырвонаармейцы і аб’явілі, што немцаў больш няма. Усе абдымаліся, плакалі ад радасці. Дзень здаваўся вельмі светлым — ці то сонца ззяла, ці то было радасна на душы.
Але выпрабаванні не спыніліся. Есці няма чаго. Збіралі лебяду, шчаўе, крапіву. На станцыі ў Боркавічах ляжала мёрзлая бульба. Яе сушылі, малолі, нешта гатавалі.
Хлапчукі гулялі ў вайну. Знаходзілі зброю, бомбы, гранаты, падрываліся, калечыліся. А наша бабуля прынесла з поля «таўкач», як сама сказала, каб таўчы зерне ў ступе. Аказалася — нямецкі артылерыйскі снарад.
З-за голаду я захварэла. Ляжала ўся жоўтая, худая, не хацелася рухацца, нават есці. Каб выратаваць мяне, дзядуля пайшоў на заробкі цераз Заходнюю Дзвіну. Ён быў добрым цесляром і зарабіў цялушку. Яна хутка ацялілася, і ўсе мы ажылі.
Пазней даведаліся аб лёсе астатніх родных. Старэйшы брат бацькі Мікалай загінуў у першыя дні вайны. Абодва сыны другога брата, Іосіфа, — Міхаіл і Уладзімір — ваявалі ў партызанах. Уладзімір быў малодшым, скончыў школу з залатым медалём і перад вайной паступіў на матэматычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Стаў партызанам, трапіў у засаду. Фашысты яго катавалі, на спіне выпалілі пяцікутную зорку.
Малодшы брат бацькі, Пётр, прапаў без вестак на фронце; шаснаццацігадовая пляменніца Яўгенія была ўгнана ў Германію, лёс яе невядомы.
Бацька, Емяльян Аляксандравіч, пайшоў на фронт летам сорак першага. Трапіў у палон, перажыў усе жахі канцлагераў у Польшчы і Германіі. Вярнуўся летам 1945 года. Пазней перавёз у Магеры адзінае ацалелае ў Дворыцы збудаванне — дзядуліну лазню. Яна і цяпер на нашай сядзібе, уся пасечаная кулямі і асколкамі, як напамінак аб жудасных гадах вайны.
А. КАСАЧ,
жыхарка в. Магеры.



1 комментарий по теме “Да 70-годдзя вызвалення Беларусі

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *