У Верхнядзвінску шануюць народныя традыцыі

Актуально Культура

Нягледзячы на марозны, але вельмі сонечны суботні дзень, прахожыя не маглі не заўважыць каля РДК стол, прыгожа аздоблены ў народных традыцыях, дзяўчат у валёнках і кажушках, хустках з яркімі рознакаляровымі кветкамі, якія былі бачны здалёк. Дзяўчаты спявалі народныя песні пад акампанемент разлівістых гармонікаў, бубнаў і бразготак. А сабраліся яны непадалёк ад ЗАГСа нездарма, бо сустракалі «Вясельны цягнік», які рухаўся да «Вясельнай брамы» пасля рэгістрацыі шлюбу.


Ідэя арганізаваць «Вясельную браму» належыць раённаму арганізацыйна-метадычнаму цэнтру аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Апантаныя, улюбёныя ў сваю справу метадысты вырашылі ўнесці хоць і невялікую, але важкую часцінку мясцовай народнай традыцыі ў развіццё і прапаганду вясельнага абраду на Верхнядзвіншчыне. Матэрыялы вясельнай брамы заснаваны менавіта на мясцовых песенных і музычных традыцыях. Напрыклад — «Вясельны марш», полька «Матыся», мясцовы народны найгрыш «Куртутэцы», якія запісаны ў вёсцы Муквяціца ад Купрыяна Сяргеевіча Марынскага,1938 г. нар.; блок вясельных песень, запісаных ад Р. З. Кудраўцавай, 1929 г. н., в. Росіца; ад Т. Б. Кардзюковай, 1930 г. н. з в. Сенькава і інш. Сцэнарый святочных віншаванняў упрыгожвае напеўная беларуская мова з жартоўнымі пажаданнямі і цікавым мясцовым дыялектам…


З вясельнага картэжу паважна выйшлі з «вазочкаў» «госцейкі, ды ўсе няпростыя — з патрабаваннямі праспяваць і станцаваць, бо толькі тады выйдуць маладыя да музыкаў і спевакоў. Але пасля «Вясельнага маршу», які прагучаў у выкананні народнага ансамблю народнай музыкі «Верхнядзвінскія музыкі» пад дружны спеў вакальнай групы народнага калектыву «Ярыца» РДК, маладыя падыйшлі да артыстаў за цёплымі і шчырымі пажаданнямі. Бойкія дзяўчаты з раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра культуры з хлебам-соллю сустракалі маладых, жадалі шчасця, дабрабыту, добрай долі ў сямейным жыцці. Кожны з удзельнікаў адорваў маладых арыгінальнымі падарункамі з характэрнымі пажаданнямі.
Калі вяселле пачула аўтэнтычны спеў без музычнага суправаджэння — вясельную песню «Зялёная вішня» у выкананні вакальнай групы «Ярыца», усіх зачаравала шчымлівая песня і ніхто не асмеліўся зрушыць лірычную і прыгожую мелодыю рухам або нечаканый рэплікай. Шчодрым «выкупам» сват адарыў удзельнікаў прыгожага дзейства. Пад вясёлыя, заліхвацкія полькі адкрылі дарогу «Вясельнаму цягніку», які праехаў праз «Вясельную браму» з пачуццём веры ў шчодрае і багатае жыццё! Шчасця і любові маладым!
* * *
Прапануем усім жадаючым удзел у «Вясельнай браме» пасля роспісу ў ЗАГСе. За даведкамі звяртацца па тэл. 5-04-78.
М. РУБЕЛЬ, метадыст РАМЦ па этнаграфіі і фальклору.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *