У СП «Верхнядзвінскі» сельскагаспадарчы год склаўся спрыяльна

Экономика

-Сельскагаспадарчы год завяршаем нядрэнна, — з задавальненнем зазначае дырэктар КУВСГП «Верхнядзвінскі» А. Т. ТУМАШЭВІЧ. — З кожнага гектара пасеваў сабралі па 38 цэнтнераў збожжа. Праўда, леташні каравай быў больш важкім, але ж каму з нас не сапсаваў настрой капрызны нораў вясны бягучага года? Холадна, мокра, гразка…


Добра, што па восені здолелі пасеяць звыш 800 гектараў азімых і перасяваць іх не палічылі неабходным.
Парадаваў рапс. Заданне — 300 тон насення — мы перавыканалі ў два з паловай разы.
-Антон Тадэвушавіч, лічбы лічбамі, а за імі людзі…
-Зразумела, усё дасягнутае — вынік нястомнай працы нашага калектыву. Асабліва хачу падкрэсліць рашаючую ролю ў фарміраванні ўраджаю механізатараў, якія гадавалі-песцілі пасевы. Аляксандр Віктаравіч Пузака, напрыклад, не менш пяці разоў апрацаваў — у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналогіі — кожны з 1300 гектараў зерневага кліну. Нельга пераацаніць і асабісты ўклад у агульную справу механізатараў А. Я. Габрусёнка, П. П. Маслоўскага, Д. С. Гласка, А. Ф. Янкоўскага, С. І. Коўзеля, Л. І. Іванова.
Дарэчы, некаторыя з іх, напрыклад, А. Я. Габрусёнак, Л. І. Іваноў у патрэбны час селі за штурвалы камбайнаў. Лідзіраваў на ўборцы Л. В. Карповіч, які запісаў на свой рахунак больш тысячы тон збожжа. Плённа спрацавалі і М. М. Заляціла, С. В. Гласка. У цэлым жніво прайшло паспяхова. Ды і не дзіва, бо механізатары старанныя і адказныя, а чатыры з пяці камбайнераў, лічы, «маладыя». Не падвяла і сушыльная гаспадарка. Увесь намалот давялі да ладу. Рапс здалі першым класам, пшаніцу — трэцім. Клейкавіна — 27.
-Якія разлікі на будучы ўраджай?
-Здаваць пазіцыі не збіраемся, падмурак ужо закладваецца. Зябліва ўзнята на 948 гектарах замест 910 па плану. Сёння-заўтра завершым абворванне прыфермскіх участкаў.
-А як справы ў жывёлагадоўлі?
-З пачатку года атрымана ад каровы амаль па 1900 кілаграмаў малака. У групе Г. М. Шандзер надой складае 5584 кілаграмы. Паказчык уражвае, асабліва калі ўлічыць, што Галіна Мікалаеўна ўжо на пенсіі.
Высокія надоі забяспечваюць таксама С. А. Сычэвіч і А. М. Дарашэвіч. Аб Андрэі Мікалаевічы трэба сказаць асобна. Доўгі час ён працаваў пастухом і неяк спытаў сам сябе: «Няўжо пры належным кармленні нельга дабіцца больш высокіх надояў? А што калі паспрабаваць самому?» І ў мінулым годзе набраў групу нецеляў. Сёлета надаіў па 4354 кілаграмы малака ад каровы.
Між іншым, усё малако здаем сортам «экстра», на 35 мільёнаў рублёў штодня.
Да месца будзе зазначыць, што праца на фермах механізаваная. Дзейнічаюць малакапровады, змяшальнікі, кормараздатчыкі, гной вывозіцца адразу на палі.
Штогод уводзім у строй адно жывёлагадоўчае памяшканне.
-Зімоўка не палохае?
-Заракацца не будзем, аднак пакласці ў кармушкі ёсць што. На кожную галаву жывёлы назапашана 25 цэнтнераў кармавых адзінак. Гэта — вынік працы нашых механізатараў Л. Карповіча, С. Коўзеля, В. Янкоўскага, А. Перапечкіна, В. Пірага. Апошні быў заняты на трамбоўцы зялёнай масы, а гэта вельмі адказны ўчастак, бо ад якасці выканання дадзенай аперацыі залежыць захаванасць корму
-Хто, акрамя Вас, каардынуе вытворчыя працэсы?
-Смела магу сказаць, што спецыялісты выдатна ведаюць справу і з высокай адказнасцю выконваюць свае абавязкі. Гэта — галоўны аграном С. Л. Панкрат, галоўны заатэхнік С. В. Вільчык, галоўны ветурач А. В. Гарбуль, механік М. П. Малей, загадчык майстэрань Л. В. Вармахоўскі, галоўны электрык С. А. Тумашэвіч. Менавіта на іх абапіраюся ва ўсіх пачынаннях.
-Малюнак складаецца прыгожы. Але няўжо ўсё так бязвоблачна?
-Непакояць праблемы будаўніцтва. За апошнія гады мы засялілі 35 так званых прэзідэнцкіх домікаў, палова з якіх размешчана ў Бароўцы. І гэта, на нашу думку, правільна, бо Бароўка — буйны населены пункт з даволі развітай інфраструктурай. Там і школа, і дзіцячы сад, гандлёвыя прадпрыемствы, вакзал. Ды і бальніца побач.
Але ўсё роўна жылля не хапае. Далейшае будаўніцтва стрымлівае недахоп сродкаў. Хацелася б спадзявацца, што гэта праблема будзе вырашана на адпаведным узроўні.
У заканчэнне хачу павіншаваць усіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці з прафесійным святам, пажадаць здароўя і поспехаў ва ўсіх справах.
І яшчэ, паважаныя калегі-земляробы! Давайце не будзем наракаць на цяжкасці, спасылацца на яўныя і ўяўныя перашкоды, калі што-небудзь не атрымліваецца адразу. Будзем працаваць — і ўсё ў нас атрымаецца!
М. КАТКОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *