Ажыццяўляецца праект павышэння статуса жыхароў спаленых вёсак

Актуально Память

Набліжаецца вялікі юбілей — 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Неацэнную выратавальную значнасць гэтай падзеі падкрэсліваюць і мерапрыемствы, якія праводзяцца ў рамках ушанавання іншага «вогненнага» юбілею — 70-годдзя Асвейскай трагедыі. 

Адно з самых маштабных, арганізаваных і плённых звёнаў грамадскага руху па ўшанаванні памяці ахвяр вайны на Верхнядзвіншчыне — гэта акцыя міжнароднага ўзроўню, што праводзіцца ў рамках праекту «Павышэнне статуса ўцалелых жыхароў спаленых беларускіх вёсак», які ажыццяўляецца пры падтрымцы германскага фонду «Памяць, адказнасць і будучыня».
Дзякуючы нястомнай працы каардынатара праекту ў Мінску Наталлі Віктараўны Кірылавай, кіраўніцтва грамадскага аб’яднання «Коntakte — Кантакты» у Берліне на чале з доктарам Эберхардам Радзувайтам і яго памочнікам Дзмітрыем Страціеўскім, падтрымліваюцца няспынныя і дзейсныя кантакты па ажыццяўленні ўзгодненага плана акцыі. Толькі ў рэалізацыі пункта па грашовых выплатах пацярпелым жыхарам спаленых вёсак задзейнічаны дзесяткі людзей, якія бескарысліва працуюць над складаннем і апрацоўкай строга вывераных дакументаў. Апошні «транш» мае ўнушальны маштаб: сабраныя нямецкімі грамадзянамі грошы атрымаюць 100 нашых землякоў. Гэтым разам у спіс уключаны жыхары спаленых падчас карных экспедыцый вёсак Дрысенскага раёна найбольш сталага ўзросту, а таксама некаторыя жыхары Асвейшчыны, якія з розных прычын не былі ўнесены ў спісы раней.
Па шматлікіх просьбах людзей, што ўжо атрымалі выплаты, раённы савет ветэранаў арганізаваў збор подпісаў пад калектыўным лістом на адрас грамадскага аб’яднання «Коntakte — Кантакты», які мы друкуем ніжэй.
Паважаны спадар Эберхард Радзувайт!

У Вашай асобе мы хочам звярнуцца да ўсіх нямецкіх грамадзян, якія прымаюць удзел у дабрачыннай акцыі па зборы сродкаў у дапамогу нам, былым жыхарам спаленых фашыстамі вёсак Верхнядзвінскага раёна Беларусі.
Мы ўжо сталі людзьмі сталага ўзросту; былыя дзеці, якія нарадзіліся ў год Асвейскай трагедыі, адзначаюць 70-гадовыя юбілеі. Тыя, хто памятае вайну, яшчэ старэй. Нас становіцца ўсё менш, але боль страшных успамінаў захоўваем мы, жывыя сведкі вогненных гадоў.
Наш Верхнядзвінскі раён — самы шматпакутны ва ўсёй Беларусі. Тут спалена 426 вёсак, з іх больш за 300 — цалкам альбо часткова разам з людзьмі.
Мы ніколі не забудзем зверстваў фашыстаў, бесчалавечных распраў над нашымі роднымі, блізкімі, аднавяскоўцамі, якім не наканавана было выратавацца ад смерці, якія загінулі ў агні, былі расстраляныя, павешаныя, закатаваныя, разадраныя сабакамі, асуджаныя на галодную смерць, памерлі ад хвароб і замерзлі ў заснежаных лясах.
Нам наканавана было застацца ў жывых, але гэта не значыць, што вайна абышлася з намі ласкава. Шмат хто з нас засталіся круглымі сіротамі, спазналі вялікі цяжар непасільнай дзіцячай працы, паспыталі голад і холад, малярыю і іншыя хваробы, доўга жылі ў зямлянках і буданах, не мелі магчымасці атрымаць адукацыю.
У той жа час мы добра разумеем, што ў Нямеччыне жывуць ужо зусім іншыя немцы. Мы ведаем пра тыя крокі, якія прыняты нямецкай дзяржавай і ў прыватнасці Вашым аб’яднаннем «Коntakte — Кантакты», каб не дапусціць адраджэння фашызму. Да нас прыязджалі дэлегацыі нямецкіх грамадзян, яны сустракаліся з насельніцтвам самых трагічных куткоў нашага раёна — у Расіцы, Сар’і, Асвеі. Мы маліліся і плакалі разам над нашымі магіламі, дзе часцей за ўсё пахаваны толькі попел спаленых. Мы зразумелі, што ў нямецкага народа тыя ж найгалоўныя памкненні і жаданні, як і ў нас: жыць у дабрабыце, міры і любові.
Таму мы ўспрымаем дасланыя Вамі лісты і грашовыя пераводы як акт прызнання цяжкіх выпрабаванняў, што выпалі на нашы лёсы, шчырае жаданне падтрымаць нас на схіле гадоў маральна і матэрыяльна.
Дзяржава бярэ на сябе абавязацельства па апецы над тымі, хто мае асаблівую патрэбу ў дапамозе, але ў той жа час варта прызнаць, што і багатых сярод нас няма. Затое сярод нас нямала тых, чыё здароўе падарвана з дзіцячых гадоў вайной і пасляваеннай разрухай, лекі ж, ды і жыццё ў цэлым сягоння не назавеш таннымі. Мы не прывыклі да празмернасцяў, але кожны не супраць папесціць гасцінцам унука, праўнука, купіць падарунак да дня нараджэння, а хтосьці прыхавае гэтыя грошы і на ўласнае пахаванне.
Пры ўсім жаданні толькі для адзінак з нас пад сілу напісаць вам пра гэта. Слабыя ўжо і пальцы, каб трымаць ручку, і вочы, каб вывесці роўны радок. Ды да таго ж ужо з першых слоў успамінаў, якія хацелася б распавесці вам, цяжка ўтрымацца ад слёз, суняць трымценне ў руках. Таму мы папрасілі набраць гэты ліст на кампутары пад нашу калектыўную «дыктоўку» Антона Францавіча Бубалу, а пасля вычыткі паставілі свае подпісы. Не сумнявайцеся, пад гэтым лістом падпісаўся б кожны з тых, з кім вы падзяліліся сваёй дабрынёй і клопатам.
Мы хочам, каб у далёкай Нямеччыне пачулі наша сардэчнае «Дзякуй!» за вашыя завешчаныя Госпадам дабрадзействы.
На зацверджаны подпісамі ліст неўзабаве прыйшоў адказ з Берліна:
Паважаны Антон Францавіч!
Паважаныя жыхары Верхнядзвінскага раёна!

Учора я атрымаў нямецкі пераклад Вашага ліста. Мы яго ўжо сёння апублікуем у інтэрнэце. Спадзяюся, яго прачытае шмат немцаў. Мы таксама перадамо Ваш ліст тым, хто праяўляе сваё пачуццё салідарнасці ў выглядзе грашовых ахвяраванняў. Так, Вы маеце рацыю, гэтыя невялікія сумы служаць праявай прызнання і павагі. Яны перадаюцца Вам з паклонам. Сярод нашых спонсараў нямала і тых, чые бацькі і дзяды шмат гадоў таму ўварваліся ў Вашу краіну. Іх нашчадкі і сёння пытаюцца са страхам, ці былі іх родныя ўдзельнікамі злачынстваў. Многія бацькі так і не адказалі на пытанні сваіх дзяцей. Колькі з іх панеслі страшную таямніцу з сабой у магілу?
Гэтыя пытанні хвалююць не толькі прафесійных гісторыкаў. На працягу многіх дзесяцігоддзяў маладыя людзі даследуюць гісторыю сваёй краіны і сваёй сям’і. Напрыклад, з шуфляды стала дастаюцца старыя фатаграфіі, людзі пытаюцца, на чыіх каленях яны сядзелі, калі яшчэ былі дзецьмі. Да нас паступаюць просьбы знайсці Наташу або Люду з Беларусі ці Ўкраіны, якія падчас вайны былі вывезены з родных мясцін, каб стаць служанкамі ў Германіі. Тыя, што перадаюць нам гэтыя просьбы, імкнуцца такім чынам аблегчыць сваё сумленне, хоць і не нясуць асабістую віну за падзеі мінулага. Я лічу такія праявы правільнымі, гэта пачуццё адказнасці невінаватага пакалення немцаў. Мы прапануем самы лепшы рэцэпт супраць гэтага душэўнага дыскамфорту: станавіцеся антыфашыстамі, актыўна змагайцеся за мір!
Федэральны прэзідэнт ФРГ нядаўна быў з афіцыйным візітам у Францыі. Ён стаў першым кіраўніком нямецкай дзяржавы, які наведаў мемарыял на месцы знішчанай вёскі Орадур. На гэтым месцы рукамі СС было здзейснена такое ж злачынства, якое адбывалася ў 300 вёсках Верхнядзвінскага раёна. Наша ТБ прысвяціла шмат часу візіту прэзідэнта, пазітыўна ацаніла яго добрыя словы ў адрас нашчадкаў ахвяр гэтай трагедыі. Я напісаў яму ліст і задаў два пытанні: 1. Ці вядома прэзідэнту, што пасля вайны не быў пакараны ніводзін з забойцаў ахвяр Орадура? 2. Ці гатовы прэзідэнт здзейсніць паездку ў Беларусь і ўскласці кветкі да мемарыялаў спаленых вёсак? З канцылярыі прэзідэнта прыйшоў адказ толькі на першае пытанне: так, ён знаходзіць страшным той факт, што ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці…
Ад імя нямецкіх спонсараў дзякую Вам за ліст, перш за ўсё за Ваш давер і праяўленае разуменне значэння нашай акцыі.
З найлепшымі пажаданнямі доктар Э.Радзувайт.

Мы, верхнядзвінцы, шчыра зацікаўлены, каб акцыя мела працяг, бо пакуль што мы аказалі дапамогу толькі самым сталым — звыш 80 год — жыхарам раёна, якім прадугледжаны выплаты. Калі будзе рэалізаваны наступны этап, то ў спіс будуць уключаны тыя, хто толькі падыходзіць да гэтага ўзроставага рубяжа, не падзяляючы іх на «асвеякоў» і «дрысенцаў». Праца па складанні спісаў вельмі карпатлівая, таму мы вырашылі ўжо загадзя падрыхтаваць рэзервовыя рэестры. Асноваю для іх паслужылі дасланыя раней сельвыканкамамі звесткі, у якіх, аднак, бракуе дэталяў. Таму, выказваючы падзяку за ўжо зробленае, хачу папрасіць супрацоўнікаў выканкамаў аднесціся ўважліва да новага этапа працы. Ёсць яшчэ выпадкі, калі людзі звяртаюцца да нас, бо своечасова не былі ўключаны ў спісы з-за адсутнасці ў дасланых паперах звестак пра месца або дату нараджэння.
Адначасова яшчэ раз хочацца патлумачыць нашым чытачам, якія недастаткова ўважліва чыталі ранейшыя публікацыі пра акцыю ў раённай газеце: выплаты прадугледжаны толькі жыхарам вёсак, спаленых падчас карных экспедыцый, тым, што пражывалі ў гэтых вёсках да пачатку нашэсця карнікаў, раней не атрымлівалі ніякіх выплат, звязаных з вайной, і зараз пражываюць на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна. Так, напрыклад, жыхары вёсак, знішчаных падчас праходжання франтоў, або тыя, што пакінулі свае паселішчы, пераехаўшы ў Латвію самастойна да пачатку дзеянняў карных войскаў, выехалі ў эвакуацыю і да т.п., у спісы не ўключаюцца. Не ўдалося нам дамовіцца і пра выплаты нашым былым землякам, якія жывуць сёння за межамі нашага раёна. Але праца па ажыццяўленні праекта працягваецца.

Нарэшце, мы просім усіх, хто прайшоў праз ваеннае ліхалецце, запісаць успаміны пра сваё абпаленае вайной дзяцінства. Калі вам цяжка гэта зрабіць самастойна, запрасіце ў дапамогу настаўнікаў і вучняў бліжэйшай школы, бібліятэкараў або супрацоўнікаў клуба ці дома культуры. Педагогаў, якія займаюцца гэтай добрай справай, просім перадаваць сабраныя звесткі да нас, на адрас райвыканкама або раённай газеты. Будзьце, калі ласка, уважлівыя да дэталяў. Бывае, што ў анкетах адсутнічаюць дакладныя даты нараджэння апытаных, звесткі аб месцы нараджэння, дзявочыя прозвішчы жанчын і інш., а на апісанне лёсу субяседніка адведзена некалькі радкоў. Выкарыстайце дадатковыя аркушы-ўкладышы, запісвайце дробязі, якія могуць для нас і тым больш для нямецкіх чытачоў стаць уражлівай ілюстрацыяй крыважэрнай палітыкі фашызму і тых выпрабаванняў, што выпалі на долю людзей.
Антон БУБАЛА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *