У Верхнядзвінскім раёне адбыліся дажынкі

Актуально Общество

Хлеб новага ўраджаю прымае старшыня райвыканкама І. І. Марковіч.

 

Дарогу на неабсяжнае жніўнае поле за Гаямі, дзе праводзіліся раённыя «Дажынкі», не зблытаеш з іншымі: замест указальнікаў на ёй — велізарныя саламяныя лялькі ў размаляваных уборах. І па ўсім шляху — такія ж нечаканыя жартоўныя сюрпрызы: то каласяныя піраміды, то казачныя Калабкі. Як на парадзе, уздоўж іржышча выстраіліся рулоны з шыльдамі-надпісамі аб намалотах кожнай гаспадаркі. А ў цэнтры поля — сапраўдны хлебны трон з дарамі шчодрай беларускай зямлі: яркай агароднінай, сакавітымі яблыкамі, надзьмутымі кавунамі. Самае ж пачэснае месца на ім займае хлеб — важкі, духмяны, у абрамленні каласоў, такі родны і мілы сэрцу, як уся наша добрая і руплівая беларуская зямля. Здаецца, само сонейка ўсміхаецца шчырай радасці людзей, якія дзякуюць Богу і майстрам-хлебаробам за атрыманы ўраджай. Быў ён сёлета вельмі нялёгкім, але тым больш дарагім, як толькі бывае каштоўным вынік, здабыты цяжкай працай.
Адкрываючы свята «Дажынак», першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Уладзіміравіч Быкаў адзначыў, што хлебны каравай раёна сёлета заважыў 75,5 тысячы тон пры ўраджайнасці 30,5 цэнтнера з гектара — гэта другое месца ў вобласці па валавому намалоту. І сведчанне самаадданай працы людзей, якія вырасцілі і ўбралі ўраджай у самы прыдатны час. Сімвалам гэтай вялікай падзякі за руплівасць і ўменне стала ўручэнне жняям святочнага бохана хлеба.

Гасцей вітае гаспадар поля А. Т. Тумашэвіч.

Зазвінела над полем пераможная жніўная песня галасістай «Сенькавіцы», і жанчыны з сярпамі ў руках паплылі да залацістай лапінкі пшаніцы, каб зжаць апошні сноп. Самабытны абрад дажынак уключаў і малітву, і хвалебныя песні, і карагоды. За кожным рытуалам — сардэчныя і ласкавыя словы аб хлебе, які песцілі, нібы дзіця. Застракатаў над наваколлем гук матора, і камбайнер-«тысячнік» сельгаспрадпрыемства «Верхня-дзвінскі» Леанід Вітальевіч Карповіч абмалаціў апошнюю паласу збожжа.
І вось важкі сноп з паклонам узнесены на сваё галоўнае месца на стале. Благачынны раёна айцец Валянцін і пробашч Росіцкага касцёла айцец Часлаў падзякавалі Богу за дары зямлі і асвяцілі хлеб новага ўраджаю.

Будучае за маладымі спецыялістамі. (Злева направа) В. Шылаў (ААТ «Прудзінкі»), К. Папсуевіч (ПВУП «Вужыца-Агра»), С. Панкрат (СП «Верхнядзвінскі»), І. Лобыр (ААТ «Бялькоўшчына»), Т. Галіцкая (ААТ «Нурава»), А. Казлоў (СП «Каханавічы»), Н. Мядзведзева (ААТ «Верхнядзвінскі льнозавод»), С. Дземядзёнак (СП «Лявонішана»), В. Казура (ААТ «Баліны»).

Вялікі прыгожы каравай — накшталт сёлетняга намалоту — па даручэнні гаспадара «Дажынак», дырэктара КУВСП «Верхнядзвінскі» Антона Тадэвушавіча Тумашэвіча уручаны старшыні райвыканкама Ігару Іванавічу Марковічу.

ААТ «Прудзінкі» на чале з дырэктарам В. А. Краснікам (справа) атрымала самую высокую ў раёне ўраджайнасць збожжа.

-Жыві, яго Вялікасць Хлеб, — зачытаў кіраўнік раёна надпіс на бохане. — Колькі сэнсу ў гэтых словах! Хлеб сімвалізуе само жыццё і з’яўляецца асновай нашага дабрабыту. Таму мы накіроўваем усе сілы на тое, каб вырасціць і сабраць багаты ўраджай. Сёлета гэта было вельмі няпроста: у раёне здарылася самая вялікая за апошнія 50 гадоў паводка, з палёў доўга не сыходзіла вада, і сяўба адбывалася ў экстрэмальных умовах. Затым пасевы выпрабоўвала на стойкасць месячная засуха — даводзілася прыкладаць выключныя хлебаробскія кемлівасць і майстэрства, каб выратаваць ураджай. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, верхнядзвінскія майстры хлебнай нівы здолелі захаваць тэхналогіі, завяршыць уборку ў жніўні і атрымаць дастойны намалот. Сёння мы з упэўненасцю можам сказаць: будзем з хлебам!

Абрад «Дажынак» у выкананні «Сенькавіцы».

І. І. Марковіч падзякаваў камбайнерам, вадзіцелям, спецыялістам і кіраўнікам гаспадарак, калектыву райсельгасхарчу, усім, хто ўнёс свой уклад у агульную справу. Менавіта сумесная нястомная праца, прафесіяналізм, настойлівасць і ўзаемавыручка дазволілі хлебаробам самага паўночнага раёна дасягнуць такіх істотных паказчыкаў.
У знак удзячнасці за працу госці «Дажынак» атрымалі боханы хлеба з зерня новага ўраджаю. Работнікі культуры парадавалі іх святочнай музыкай і спевамі.
А ўвішныя гаспадыні «Сенькавіцы» не забыліся завязаць на полі «бараду» — невялікі пучок нязжатага калосся. Па звычаю, продкі рабілі гэта для таго, каб хлеб радзіў і ў наступны год. Аб будучым ураджаі земляробы сёння клапоцяцца асабліва. Праца на полі кіпіць па-ранейшаму. Пасеяна ўжо 3,5 тысячы гектараў азімага рапсу, усе гаспадаркі пачалі сяўбу азімых зерневых, якія размесцяцца на 14,5 тысяч гектараў. Азімую сяўбу ў раёне плануюць завяршыць у 20-х лічбах верасня. Ход правераны: у час пасееш — атрымаеш добры ўраджай. А верхнядзвінскія хлебаробы прывыклі разлічваць толькі на максімальны вынік.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.

Удзельнікі «Дажынак-2013»

Л. ГРЭСЬКО,
першы намеснік начальніка раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання

-Гэта мая юбілейная, саракавая ўборачная — і самая цяжкая за ўсе часы. Усяго было спаўна: позняя вясна, вялікая вада, 40-дзённая засуха, нашэсце шкоднікаў і пустазелля. Толькі вялікая жыццёвая загартоўка не дала ўпасці духам. Дзейнічалі па прынцыпу: што б ні было — робім, што трэба! Ні на крок не адступілі ад тэхналогій і не прагадалі. Бо ўраджайнасць у 30,5 цэнтнера з гектара ў такі год — гэта перамога. Таму сёння хачу падзякаваць Богу і людзям за ўраджай — важкі і дарагі!
І як бы ні было цяжка, не перастаю любіць сваю працу, бо нішто не дае такую сілу, як хлеб. Памятаю, у першае сваё жніво дзяжурыла на таку, а загадчыца пашкадавала мяне: «Ідзі засні на гадзінку». Я пытаю: «А дзе?». Тая ўсміхнулася і паказала на гару збожжа: «А вось тут і паспі». Ніколі не забуду таго ап’яняючага паху хлеба. Ён суправаджае мяне ўсё жыццё. Іншы раз вось так прыгарнуся да збожжа і набіраюся ў яго моцы. Няхай жа хлеб усім дае сілы і здароўе.
У. ШАЙЦЯРОНАК,камбайнер ААТ «Шайцерава»
-Кожнае жніво бывае па-свойму складаным, аднак калі тэхніка не падводзіць і ёсць ураджай, працуецца з настроем! Сёлета ў гаспадарцы вырас нядрэнны хлеб, але ўсё ж меншы, чым летась. Можна сказаць, для ўсіх не хапіла збожжа. Таму ў нас не дзесяць «тысячнікаў», як у мінулым годзе, а трое: Валерый Бурак, Сяргей Мацулевіч і я. Сярод перавозчыкаў зноў лепшыя паказчыкі ў Міхаіла Магера, Віктара Шыманскага і Валерыя Бандаронка. Цяпер сеем азімыя, каб на будучы год быць з вялікім ураджаем.

М. ГУМНЯНКОЎ, дырэктар ААТ «Шайцерава»
-Вынікам сёлетняга нялёгкага года задаволены: у гаспадарцы намалочана амаль 10 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці каля 40 цэнтнераў з гектара. Так, крыху недабралі да ўзроўню мінулага года, аднак і ўмовы надвор’я былі шмат горшымі. Затое ўзялі ўраджай да апошняга зярняці. Не толькі выканалі дзяржзаказ, але забяспечылі сваім збожжам свінагадоўчы комплекс і статак КРС. З дапамогай уласных камбікармоў і закупак зерня ў іншых гаспадарках раёна, за што асабліва дзякуем райвыканкаму, мы атрымліваем добрыя прывагі ў жывёлагадоўлі. А гэта — аснова эканомікі гаспадаркі.
В. ШЫЛАЎ, галоўны аграном ААТ «Прудзінкі»
-Збожжавы клін у нашай гаспадарцы складае 1844 гектары. Удалося сабраць з яго 7600 тон хлеба — па 41,2 цэнтнера з гектара. І хаця гэта — менш, чым у мінулым годзе, мы задаволены, бо атрымалі вынік у няпростых умовах. Выканалі дзяржзаказ, запаслі збожжа для ўласных патрэб і будзем рэалізоўваць яго іншым гаспадаркам. Як вядома, «Прудзінкі» вырошчваюць элітнае насенне для ўсіх хлебаробаў Верхнядзвіншчыны і іншых раёнаў. Сёлета плануем прадаць яго 500 тон.
Як аграному, мне ўжо найбольш думаецца аб ураджаі будучага года. Сеем азімыя культуры на 1700 гектарах, будзем вырошчваць рапс, зерневыя і трыцікале. Стараемся захоўваць тэхналогіі і ўсё рабіць своечасова. Для таго, каб вытворчы ланцужок не даваў збояў, задзейнічаем граматных і надзейных работнікаў. У нашай гаспадарцы працуюць лідары абласнога і раённага спаборніцтва — маладзёжны экіпаж Аляксандра Барстка і Дзмітрыя Панкрата, вопытныя земляробы Алег Жойдзь, Уладзімір Лапкоўскі, Барыс Ананчанка, Вячаслаў Бароха, Міхаіл Кісляк, Аляксей Пілюшын, Алег Жукоўскі і іншыя. Ім сёння — асобая павага.

Ж. ТАРЛЕЦКАЯ, дырэктар КУВСП «Лявонішана»
— Сёлетняя ўборка была для мяне першай у якасці кіраўніка гаспадаркі. Хацелася б лепшага выніку: атрымалі па 26,5 цэнтнера зерня з кожнага з 1760 гектараў. Але землі ў гаспадарцы цяжкія, у сёлетніх умовах складана было штосьці змяніць. На будучае ж намецілі план: у нас вялікае пагалоўе жывёлы, хапае арганікі, прыкладзем усе сілы для таго, каб добра ўгноіць палі.
Разлічваем умацаваць эканамічныя паказчыкі і продажам бульбы, якую вырошчваем на 150 гектарах. Масавая ўборка пачнецца ў першыя дні верасня, але ўжо выкапалі ранні гатунак «Рэд-Скарлет» і можам гаварыць аб тым, што ўраджай не падвёў.
А калі дакладней — не падвялі людзі, на якіх спадзяюся. Вельмі ўдзячна нашым умелым земляробам Георгію Дашкевічу, Аляксею Волісу, Міхаілу Ламінскаму, Віктару Скачкову, Аляксандру Слямневу і іншым, якія шчыра працуюць на роднай зямлі.
Г. РАГАЧЭЎСКІ, дырэктар ААТ «Бялькоўшчына»
— Першы ўрок у якасці кіраўніка быў для мяне складаным. Але лічу, што разам з калектывам мы справіліся з пастаўленымі задачамі: намалочана 4300 тон зерня, ураджайнасць склала 31,6 цэнтнера з гектара.
Галоўны вывад, які зрабіў, — вынік забяспечваюць людзі і тэхніка. Калі абнавіць МТП у гаспадарцы пры пэўных намаганнях магчыма ў хуткім часе, то за людзей трэба змагацца пастаянна. Буду рабіць усё, каб затрымаць у вёсцы моладзь. Заробак і жыллё — галоўныя паказчыкі, над якімі абавязаны працаваць. Будуць людзі — будзе хлеб!

 

 

 

 

 

 



1 комментарий по теме “У Верхнядзвінскім раёне адбыліся дажынкі

  1. как всегда сенькавица молодец,на высоте…Люба просто слов нет…всегда найдёт хороший и умелый подход к людям…прямь так её отличает на фоне других её искренность доброта гостеприимство

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *